Фестываль-кірмаш “Кераміка Крэва” прайшоў у мінулую суботу ля сцен Крэўскага замка. У наведвальнікаў фэсту была магчымасць адчуць сябе сапраўднымі майстрамі керамічнай справы, таму што лепшыя ганчары з розных рэгіёнаў рэспублікі праводзілі тут свае майстар-класы. Даспадобы гасцям кірмашу прыйшліся цудоўныя гліняныя вырабы – ад посуду да сувеніраў як з традыцыйнай керамікі, так і паліванай. Для самых маленькіх былі прадугледжаны зоны гульняў і творчасці. Святочны настрой стваралі выступленні творчых гуртоў, конныя шоу, беларускія гульні і забаўкі.
Удзел у кірмашы прынялі майстры аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Ашмянскага РЦК. Сваё майстэрства прадэманстраваў на фестывалі ганчар Мар’ян Козар, за што быў адзначаны падарункам аддзела культуры Смаргонскага райвыканкама.
Аматараў фальклору і народнай творчасці сабрала багатая канцэртная праграма. На крэўскай сцэне, якая разгарнулася наўпрост пад сценамі архітэктурнай славутасці, выступіў народны ансамбль “Жытніца” Кракоўскага аддзела культуры і вольнага часу. Як заўсёды, заліхвацкія песні калектыву прыйшліся гледачам даспадобы, аб чым сведчылі ўсмешкі на тварах і шчырыя апладысменты.
Аліна БЕЛІЦКАЯ.
Фота аўтара.