Фальклорна-інструментальны ансамбль аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Граўжышкі стаў пераможцам абласнога рэгіянальнага фестывалю “Панямоння жыватворныя крыніцы”.
Фестываль рэгіянальнага фальклору праходзіць раз у два гады і ахоплівае ўсю Гродзенскую вобласць. Калектывы з Ашмянскага раёна з’яўляюцца пастаяннымі яго ўдзельнікамі.
Інструментальны ансамбль, які створаны пры Граўжышкоўскім аддзеле культуры, атрымаў дыплом першай ступені ў намінацыі “фальклорны інструментальны ансамбль”. У склад ансамбля ўваходзяць Эдвард Булкевіч, Вацлаў Сідаровіч, Таццяна Чэрская, Аляксандр Пашкоўскі і Раман Тонкавіч.
Гармонік, дудка, скрыпка, баян, бубен і барабан – інструменты, на якіх ігралі нашы продкі. Сёння аматары фальклору робяць усё неабходнае для таго, каб змястоўна раскрыць і прадэманстраваць мастацкія традыцыі сваёй мясцовасці.
Аліна САНЮК.