Гаспадаркі Ашмянскага раёна прыступілі да масавай уборкі зерневых. Па дадзеных упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Ашмянскага райвыканкама, на Ашмяншчыне на 28 ліпеня, убрана каля тысячы гектараў зерневых і зернебабовых культур (без кукурузы, грэчкі, проса). Намалочана 3058 тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 31,8 ц/га.
Спрадвеку беларускі народ аддаваў пашану хлебаробам – шчырым рупліўцам, што працуюць на палях, здабываючы новы ўраджай. А пачатак палявых прац – сапраўднае свята для кожнай гаспадаркі, бо “Зажынкі” пачынаюць адлік збору новага ўраджаю.
Традыцыйнае свята земляробчага календара паклікала на поле і механізатараў КСУП “Гальшаны”. Мерапрыемства адбывалася на палявым стане непадалёк ад вёскі Дворышча. Кіраўніцтва гаспадаркі, механізатары, прадстаўнікі духавенства і супрацоўнікі культуры – усе сабраліся на полі, каб даць пачатак збору новага ўраджаю. Першыя працы ў гаспадарцы ўжо распачаты, і з поля сабрана невялікая частка новага ўраджаю. 110 га зерневых ужо сабраны з мясцовых палёў. Паралельна ідзе ўборка азімага рапса. З 400 запланаваных убрана 109 га. Ураджайнасць рапса складае 50 цэнтнераў з гектара.
З прывітальным словам да прысутных звярнуўся старшыня гаспадаркі Міхаіл Іванавіч Скаржынскі. Ён павіншаваў працаўнікоў і гасцей з пачаткам палявых прац, нагадаў пра тое, што ўборачная кампанія павінна праводзіцца якасна і добрасумленна, ніводзін колас не можа быць змарнаваны. Старшыня гаспадаркі нагадаў і аб правілах бяспекі, выкананне якіх павінна быць аксіёмай для кожнага хлебароба. А ў канцы свайго выступлення пажадаў супрацоўнікам гаспадаркі здароўя, працалюбства і адданасці сваёй справе.
Прыйшлі на “Зажынкі” і прадстаўнікі праваслаўнага і каталіцкага духавенства – айцец Уладзімір і айцец Багуслаў. Святары благаславілі і працаўнікоў, і сельскагаспадарчую тэхніку, а таксама памаліліся сумесна з удзельнікамі свята.
З віншавальным словам да прысутных звярнуўся і галоўны аграном Руслан Струхоўскі. Ён адзначыў, што два летнія месяцы былі асабліва гарачымі. Зразумела, што такая акалічнасць паўплывала на якасць ураджаю. Аграном падкрэсліў, што трэці месяц таксама будзе гарачым, але ўжо для хлебаробаў. На іх плечы ўскладзена вялікая адказнасць – збор новага ўраджаю.
Музычныя нумары супрацоўнікаў мясцовага аддзела культуры і вольнага часу стваралі прыўзняты настрой. Ва ўрачыстай абстаноўцы старшыні гаспадаркі быў уручаны зажыначны сноп – сімвал новага ўраджаю. Не абышлі ўвагай і хлебаробаў. Для іх былі падрыхтаваны невялічкія снапочкі-абярэгі, упрыгожаныя далікатнымі палявымі кветкамі. Пасля хлебаробы мелі магчымасць падсілкавацца свежай здобай, салодкімі ласункамі і квасам. Свята яшчэ не паспела скончыцца, а сельскагаспадарчая тэхніка ўжо пакінула палі. Трэба спяшацца збіраць ўраджай, бо праўду кажуць у народзе, што летні дзень год корміць.
Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.