Уступная кампанія ў Ашмянскім аграрна-эканамічным каледжы набірае абароты

Образование

У калідоры аграрна-эканамічнага каледжа шумна і ажыўлена: юнакі і дзяўчаты вывучаюць інфармацыю на стэндах, размаўляюць і пры гэтым заўважна хвалююцца. Уступная кампанія ў навучальнай установе набірае абароты. А вось члены прыёмнай камісіі актыўна працуюць: у гэтым годзе вялікая колькасць абітурыентаў падае дакументы ў каледж. З 15 чэрвеня па 23 жніўня праводзіцца прыём дакументаў для атрымання прафессійна-тэхнічнай адукацыі па спецыяльнасцях “трактарыст-машыніст”, “повар, прадавец”, “муляр, арматуршчык, электразваршчык”, “электразваршчык, вадзіцель”.

Нягледзячы на тое што да завяршэння ўступнай кампаніі застаецца  яшчэ больш за месяц, колькасць пададзеных заяў на некаторыя спецыяльнасці значна перавышае план. Вольга Загорская, адказны сакратар прыёмнай камісіі, адзначае:

— Цікавасць да нашай навучальнай установы высокая. Радуе і тое, што не толькі выпускнікі школ Ашмянскага раёна падаюць дакументы. Вялікая колькасць абітурыентаў прыехала з суседніх раёнаў, а некаторыя – з іншых абласцей. Лідарам па колькасці пададзеных заяў з’яўляецца Смаргонь. Больш высокім у параўнанні з папярэднімі гадамі стаў і сярэдні бал дакументаў аб адукацыі.

Адчувальна хвалюецца абітурыент Дзмітрый Гаян. Хлопец вырашыў звязаць сваё жыццё з будаўнічай сферай.

— Мы з мамай прыехалі са Смаргоні. У каледжы вучыўся мой старэйшы брат. Ён адзначаў, што тут выкладаюць добрыя педагогі. Я таксама вырашыў падаваць дакументы сюды. Спадзяюся, што ўсё атрымаецца.

Аляксандр Паўловіч скончыў Крэўскую сярэднюю школу. Яшчэ ў школе хлопцу падабалася тэхніка і ўсё, што з ёй звязана, таму спецыяльнасць “эксплуатацыя, рамонт і абслугоўванне аўтамашын” падалася яму цікавай і перспектыўнай.

— Мяне прывабіла гэта спецыяльнасць, таму і выбраў менавіта Ашмянскі аграрна-эканамічны каледж. Да таго ж, і дамоў недалёка. Вялікі ўплыў на мой выбар аказалі і сябры, якія тут зараз вучацца.

З 20 ліпеня пачаўся прыём дакументаў на спецыяльнасці для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Прыём дакументаў ажыццяўляецца па спецыяльнасцях “праграміст”, “бухгалтар”, “тэхнік-механік”. Для некаторых спецыяльнасцей прадугледжана завочная форма атрымання адукацыі. Больш падрабязную інфармацыю аб тэрмінах падачы дакументаў, актуальных спецыяльнасцях і прахадных балах можна знайсці на сайце ўстановы або атрымаць па нумары 4-87-30.

Марта БАГДАНОВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *