Ліпень – прыгожы летні месяц, які атаясамліваецца з кветкамі, сонцам, цяплом і першым ураджаем. Ярка квітнеюць лілеі і ружы, пекна красуюцца рамонкі, развітальную прыгажосць дораць браткі. Ліпень таксама адорвае рупных гаспадароў бульбай, гурочкамі, таматамі. Багаты ён і на ягады. Суніцы, чарніцы, маліны, сакавітыя вішанькі і духмяны агрэст маюць яркі ліпеньскі смак. Гаспадыні старанна нарыхтоўваюць запасы на зіму: вараць варэнне, кампоты, замарожваюць ягады. Калі ж застаюцца рэшткі, то ёсць добрая магчымасць падзарабіць. Многія, карыстаючыся нагодай, актыўна збіраюць чарніцы, каб пасля рэалізаваць на рынку або здаць на нарыхтоўчую базу.
Станіслаў Кількоўскі, галоўны спецыяліст па нарыхтоўчай дзейнасці Ашмянскага філіяла аблспажыўтаварыства, зазначае:
-Зараз у нас ажыццяўляецца нарыхтоўка чарніцаў. Працуюць два спецыялісты па нарыхтоўцы. Актыўна закупляюцца ягады ад насельніцтва. Кошт – 2,50 рубля за кілаграм. У гэтым годзе дастаткова сухое лета, ёсць пэўныя абмежаванні на наведванне лясоў. Гэта адбілася і на якасці ягад. Чарніцы дастаткова часта падсушаныя летнім сонцам. Адчуваецца недахоп вільгаці. Аднак людзі ўсё ж прыносяць чарніцы. Прыём ажыццяўляецца на базе другаснай сыравіны па вул. Барунскай, 60.
Многія гаспадары прыносяць ягады на рынак. Тут чарніцы карыстаюцца асаблівай папулярнасцю, кошт складае 7-8 рублёў за літр. Жыхарка горада Валянціна ўжо не першы год прыносіць ягады на рынак. Жанчына падкрэслівае:
— Калі ёсць свабодная хвілінка, бягу ў ягады. У гэтым годзе іх не вельмі шмат, таму і кошт на чарніцы дастаткова высокі. Хочацца крыху падзарабіць. Акрамя чарніц, прадаю садовыя ягады: агрэст, парэчкі, вішанькі.
Каляровыя слоікі, напоўненыя вішнямі, чарэшнямі, дурніцамі, агрэстам, парэчкамі, прывабліваюць вока. Пакупнікі параўноўваюць цэны, гутараць з прадаўцамі. Папулярнасцю карыстаецца садовая маліна, яе кошт – 5 рублёў за літр. Дурніцы таксама карыстаюцца попытам. Жыхарка Ашмян Людміла Ігнатовіч прадае ягады па 15 рублёў за кілаграм. Буйныя і прыгожыя, яны так і просяцца ў рот.
— Дурніцы карыстаюцца попытам. Для людзей з цукровым дыябетам ягада – сапраўднае выратаванне. Ёсць і пастаянныя кліенты, якія загадзя тэлефануюць і просяць пакінуць ім некалькі літраў. Вырошчваннем дурніцаў займаецца мой сын. Гэта вельмі працаёмкі працэс: кусты патрабуюць кіслай глебы і пастаяннага паліву. Але пасля атрымліваецца вось такая прыгажосць, — расказвае Людміла.
Некаторыя прыходзяць за вішняй. Яна ў гэтым годзе ўрадзіла асабліва добра. Кошт ягады складае 2,50–3 рублі за літр. Прадаўцы зазначаюць, што ягаду часцей за ўсе купляюць для кансервацыі і замарозкі. Многія ж аддаюць перавагу чарэшні, якая з’яўляецца больш салодкай, аднак псуецца значна хутчэй. Кошт літра чарэшні складае 2,50 рубля. Агрэст і парэчкі – лідары продажу. З гэтых ягад руплівыя гаспадыні вараць варэнне, робяць мармелад і жэле. Кошт літра агрэсту – 3 рублі, парэчак – ад 2 да 3 рублёў.
Пакупнікі з каляровымі вёдрамі, збанкамі і слоікамі, напоўненымі духмянымі ляснымі і садовымі дарамі, выходзяць з рынка. На іх тварах чытаецца гаспадарская задаволенасць. Праўду кажуць, што летні дзень год корміць.
Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.