Не першы год гасцінна адчыняе свае дзверы летнік “Лясная акадэмія” на базе Мураванаашмянкоўскай сярэдняй школы. Многія хлопцы і дзяўчаты прыязджаюць сюды не ў першыню – каб спазнаць прыгажосць, таямніцы, гісторыю і легенды роднага краю.
Сёлета тут сабраліся 20 юнакоў і дзяўчат з нашага і суседніх раёнаў, каб на 18 дзён з галавой акунуцца ў жыццё рабінзонаў. Вядома, выхаванцы ўвесь час знаходзяцца пад наглядам дарослых, але, згадзіцеся, не кожнае дзіця можа пахваліцца дваццацікіламетровай пешай прагулкай, начоўкай у лесе ці зборам зёлак.
“Лясная акадэмія” мае экалагічны, біялагічны, турыстычны і аздараўленчы профілі, таму выхаванцы займаюцца вывучэннем лясоў, рэдкіх раслін, жывёл, птушак. Пад кіраўніцтвам дырэктара лагера Марыны Швабовіч, а таксама выхавацеляў Генадзія і Дар’і Швабовіч, студэнтак Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Вольгі Шырко і Ангеліны Малышкі дзеці не толькі знаёмяцца з помнікамі прыроды, але і займаюцца прывядзеннем іх у належны стан, прыбіраюць смецце, якое пакінулі тут неахайныя вандроўнікі.
Юныя “акадэмікі” добра ведаюць легенды і паданні Мураванай Ашмянкі, раскажуць, дзе праходзіла войска Напалеона, дзе знаходзяцца руіны друкарні, у якой у XVI стагоддзі была выдадзена першая ў Рэчы Паспалітай кніга па конегадоўлі і коннай яздзе «Гіпіка, альбо Кніга пра коней».
Аднак выхаванцы летніка не абмяжоўваюцца толькі Мураванай Ашмянкай: падчас сваіх вандровак яны наведваюць і іншыя мясціны ў навакольных Швабах, Каменным Логу, Цудзенішках.
Акрамя таго, дзеці знаходзяць час і для асабістых забаў: мераюцца інтэлектам, выносяць “модныя” прысуды, выступаюць у сваёй “Хвіліне славы” і ў “Зорнай гадзіне”.
Дар’я Роман, 16 год:
– Я адпачываю ў“Лясной акадэміі” ўжо трэці раз – прыемна сустрэцца з сябрамі, з якімі не бачылася амаль год. Мне ў гэтым летніку вельмі падабаецца: прырода, чыстае паветра, разнастайныя мерапрыемствы – заўсёды ёсць чым заняцца. Цікава пазнаваць гісторыю сваёй краіны не з кніг ці з інтэрнэту, а праз уласны досвед. Да таго ж, тут вельмі добрыя выхавацелі, з якімі мы амаль адна сям’я.
Кацярына Станевіч, 17 год:
– Я сама з Баранавічаў, мяне сюды ўпершыню запрасіла мая сястра. Я пагадзілася і прыехала. Мне так спадабалася, што сёлета я зноў тут. Заўсёды прыемна спасцігаць нешта новае, бо ніколі загадзя не ведаеш, калі і куды цябе завядзе лёс і што можа спатрэбіцца ў жыцці: назвы розных траў, іх карысныя ці шкодныя ўласцівасці.
Антон МАЛЬШЭЎСКІ.
Фота аўтара.