Сакрэты ідэальнага хатняга хлеба ад Тэрэсы Прыбыльскай

Культура

Людзі залатога веку – сапраўдны скарб, бо менавіта яны з’яўляюцца захавальнікамі традыцый і вопыту, а іх жыццёвай мудрасці можна толькі пазайздросціць. Маладому пакаленню варта падтрымліваць сувязь са старэйшымі людзьмі, часцей размаўляць з імі. Аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры, адчуваючы такую неабходнасць, арганізаваў  этнаграфічны праект “Гутарка”. У Ашмянскім раёне безліч людзей сталага ўзросту, якія шмат бачылі на сваім жыццёвым шляху. Яны ахвотна могуць падзяліцца ўспамінамі, расказаць цікавыя і невядомыя факты. Акрамя таго, многія з’яўляюцца захавальнікамі разнастайных рамёстваў і традыцый. Гутарка са старэйшым пакаленнем – добрая магчымасць дакрануцца да вытокаў, звярнуцца да каранёў. Метадысты аддзела выязджаюць у самыя аддаленыя населеныя пункты, гутараць з людзьмі, здымаюць на відэа працэс ручной вытворчасці, пераймаюць ад старэйшага пакалення вопыт і мудрасць. Спецыялісты аддзела рамёстваў разам з супрацоўнікамі аддзела культуры ў чарговы раз адправіліся ў падарожжа, каб пазнаёміцца з тэхналогіяй выпечкі хлеба.

Вёска Труханы – сапраўдны райскі куток. Размясціўся населены пункт у маляўнічым месцы: вёска з усіх бакоў акружана бяскрайнім лесам, паўсюль чутно шчабятанне птушак і шэлест маладой лістоты. Калісьці ў вёсцы хлеб пёкся ў кожнай хаце. Прыемны хлебны пах стаяў на ўсю вуліцу. Аднак з часам гэта традыцыя пачала знікаць: пакрысе адыходзяць вяскоўцы, а многія з тых, што засталіся, ужо не маюць сіл на гэту справу. У вёсцы шэсць жылых дамоў, яшчэ некалькі выкарыстоўваюцца ў якасці лецішчаў. У адным з іх жыве дбайная гаспадыня Тэрэса Прыбыльская. Хлеб на стале – справа яе руплівых рук. У гэтым доме добрая традыцыя ніколі не зводзілася: у свой час хлеб пякла бабуля Тэрэсы Іванаўны, пасля – маці. Гаспадыня зазначае, што традыцыя моцна ўкаранілася, таму “пасябраваць” з хлебам з крамы жанчыне вельмі складана. Трапіўшы на кухню, здаецца, пераносішся ў мінулае: вышываныя абрусы і ручнікі, гліняныя збанкі, адмысловая жырандоля – усё гэта дае адчуванне іншага часу, вяртае да каранёў. Увішная гаспадыня ў размове з гасцямі так і сыпле прыказкамі, прымаўкамі. Яе мова – чыстая і сакавітая. Гаспадыня расказвае, што ў ранейшыя часы хлеб пяклі адзін раз на тыдзень, а працэс яго прыгатавання займаў амаль цэлыя суткі.

Пачыналася ўсё з падрыхтоўкі рошчыны. Жанчына спрытна рашчыняе цеста, на вока дадаючы складнікі. Гэтая справа ідзе ў яе лёгка і хутка. Квасіцца цеста павінна 10-12 гадзін. Гаспадыня загадзя падрыхтавала закваску і прадэманстравала гасцям, як выглядае рошчына праз 10 гадзін. Вымешванне цеста і фармаванне боханаў – самы цікавы працэс. Жанчына старанна фармуе акуратны прамавугольнік, які з цягам часу ператворыцца ў духмяны бохан. У размове яна прыгадвае хлеб сваёй матулі – самы смачны і духмяны ў свеце, бо зроблены ён быў рукамі роднага чалавека.

Зараз Тэрэса Іванаўна частуе хлебам уласнага прыгатавання сваіх дзяцей і ўнукаў. У жанчыны быў дастаткова складаны лёс, шмат чаго ёй давялося перажыць. На яе плечы быў ускладзены клопат пра дзяцей, а іх у жанчыны чацвёра. Каб дапамагаць ім, у свой час яна трымала вялікую гаспадарку: больш за сотню авечак, некалькі кароў, свіней і курэй. Зараз дзеці выраслі, а Тэрэса Іванаўна так і засталася ў Труханах. У вялікай гаспадарцы больш няма патрэбы, таму застаўся толькі сабака. Дзеці жывуць у суседніх Ашмянах і Астраўцы, часта прызджаюць да матулі, аказваюць дапамогу. Шасцёра ўнукаў – сапраўдная радасць і гонар жанчыны. Перад іх прыездам бабуля рыхтуе разнастайныя прысмакі, каб пасля пачаставаць любых непаседаў. За размовай час бяжыць хутка. І вось жанчына ўжо прапануе пачаставацца гасцям духмяным свежым хлебам. Яна акуратна раскладае роўненькія лусты, а добрая ўсмешка ў гэты час асвятляе яе прыгожы твар. Госці частуюцца  хлебам, а гаспадыня ўжо заварвае зёлкі, якія збірала і сушыла летам.

Тэрэса Іванаўна – актыўны і мабільны чалавек. Яна з’яўляецца старастай вёскі, унікае ў патрэбы аднавяскоўцаў, падтрымлівае цесную сувязь з мясцовай уладай. Жанчына водзіць аўтамабіль, таму аддаленасць населенага пункта яе зусім не палохае. Жыццёвай энергіі гэтай мудрай вясковай жанчыны можна толькі пазайздросціць. Тэрэса Іванаўна зачытвае гасцям свае вершы. Добрыя і мудрыя, як і сама гаспадыня, яны прымушаюць задумацца над важнымі пытаннямі, асэнсаваць уласнае жыццё.

Чалавечае шчасце часам заключаецца ў простых рэчах: у шчырых усмешках блізкіх людзей, у родным доме і сваёй гаспадарцы, у духмяным бохане хлеба, спечаным сваімі рукамі. Шчасце заўсёды побач. Варта толькі прыгледзецца.

Марта БАГДАНОВІЧ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *