У бібліятэках Ашмянскага раёна праходзіць патрыятычны бібліямарафон

Культура

Наша любоў да Радзімы – вялікай і малой – непарыўна звязана з гісторыяй і культурай свайго народа, з яго творчасцю. І калі мы будзем вывучаць іх, перадаваць наступным пакаленням, то зробім крок да таго, што і будучыя пакаленні будуць захоўваць і помніць мінулае сваёй Радзімы, шанаваць яе фальклорную спадчыну і адчуваць гонар за бацькоўскую зямлю і яе таленавітых продкаў.

Менавіта на асэнсаванне важнасці і неабходнасці захавання нацыянальна-культурнай самабытнасці і духоўнасці свайго народа, на папулярызацыю сваёй малой радзімы накіраваны патрыятычны бібліямарафон «Беларусь пачынаецца тут і цяпер», які пачаў сваю рэалізацыю ў бібліятэках Ашмянскага раёна ў сакавіку бягучага года.

Першым мерапрыемствам у рамках марафону стаў краязнаўчы альманах “Лёс краю ў асобах”, які прадставіла сельская бібліятэка аграгарадка Граўжышкі. З вуснаў вядучых госці пачулі цікавыя паведамленні пра жыццёвы і творчы шлях П. Шаколы, Ф. Багушэвіча, К. Дарагастайскага. На працягу мерапрыемства школьнікі зачытвалі вершы пра родны край, цікавыя факты з жыцця мясцовых знакамітасцей, а супрацоўнікі аддзела культуры і вольнага часу падарылі гасцям напеўныя беларускія мелодыі.

На працягу 2023 года ўсе бібліятэкі Ашмянскага раёна ўключацца ў патрыятычны бібліямарафон  «Беларусь пачынаецца тут і цяпер», каб дапамагчы кожнаму наведвальніку і чытачу не толькі дакрануцца да гісторыі сваёй малой радзімы, але і адчуць сябе яе часцінкай.

Кацярына ЧАЙКОЎСКАЯ, бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *