Паэзія — адно з самых геніяльных дасягненняў чалавецтва. Яна аб’ядноўвае краіны, народы, культуры і дапамагае людзям зразумець адзін аднаго. На працягу стагоддзяў думкі і пачуцці, апранутыя ў паэтычную форму, пранікаюць у сэрцы людзей.
У сакавіку адзначаецца Сусветны дзень паэзіі. Гэта свята садзейнічае развіццю паэтычнага слова, падтрымлівае моўную разнастайнасць і традыцыі паэтычных чытанняў.
Не маглі абмінуюць яго ўвагай і аматары паэзіі Навасёлкаўскай сярэдняй школы, дзе прайшла літаратурная гасцёўня “Паэзія – мелодыя душы”. Гасцей сабралася багата! Прысутныя пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення свята. З уласнага верша Алены Місюк (настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, якая працавала у нашай школе) даведаліся, як пішуцца вершы. Старт вершам далі самыя маленькія і актыўныя чытачы школьнай бібліятэкі – першакласнікі. Затым вершы на памяць чыталі вучні ўсіх класаў. Гучалі вершы-прысвячэнні паэзіі Максіма Танка, Леаніда Галубовіча, Пімена Панчанкі, Янкі Купалы, Якуба Коласа. Сярод вершаў былі і пакладзеныя на музыку, таму госці спачатку слухалі вершы “Мой родны кут, як ты мне мілы…”, “Жураўлі на Палессе ляцяць”, “Спадчына”, а потым душы іх напаўняла цудоўная мелодыя. Вучні чыталі любімыя вершы беларускіх паэтаў: шчырыя, пранікнёныя, незвычайна добрыя і зразумелыя. Цёплым ручайком цяклі вершы пра мір, родную мову, Радзіму, беларускую прыроду, каханне. З задавальненнем слухалі і чыталі вучні вершы сваіх равеснікаў, надрукаваныя на старонках дзіцячага часопіса “Вясёлка”.
Ідэю свята падтрымалі настаўнікі і работнікі нашай установы. Так, настаўнік пачатковых класаў Святлана Альхоўка прачытала верш нашага земляка Яўгена Куста “Шлях”, а інспектар па кадрах Валянціна Турноўская – два ўласныя вершы пра родную вёску.
У гэты дзень вучні, настаўнікі і госці літаратурнай гасцёўні ўшанавалі паэтаў, узнавілі вусныя традыцыі паэтычных чытанняў, павысілі цікавасць да паэзіі. Свята паспрыяла збліжэнню паэзіі з другімі відамі мастацтва: тэатрам, танцамі і музыкай .
Святлана ДУБІЦКАЯ, бібліятэкар Навасёлкаўскай сярэдняй школы.