Таццяна Аляксандраўна Спірыда працуе ў паштовай сувязі больш за 37 гадоў і кожны дзень, нягледзячы на пару года і надвор’е, яна накіроўваецца па добра
вядомай дарозе, каб даставіць мясцовым жыхарам лісты, часопісы і газеты.Нарадзілася і вырасла Таццяна Аляксандраўна ў Гальшанах. Пасля школы адвучылася ў Ашмянскім сельскагаспадарчым тэхнікуме на бухгалтара і вярнулася ў родныя мясціны.
— Таццяна Аляксандраўна — наш надзейны супрацоўнік, — расказвае пра яе начальнік Ашмянскага ўчастка паштовай сувязі Лілія Сяргей. — Яна адказна ставіцца да сваіх абавязкаў і ні разу за тыя гады, што ў нас працуе, ніхто на яе не паскардзіўся — а гэта пра многае гаворыць.
Сёння на абслугоўванні ў Таццяны Аляксандраўны — больш за тысячу кліентаў з Гальшан, Семернікоў і Нарцукоў. Прыносіць ім Таццяна Спірыда не толькі свежую прэсу, але і паштовыя адпраўленні і заказныя лісты. Акрамя таго, яна займаецца продажам тавараў народнага карыстання, якія рэалізуе пошта. А паколькі з 2021 года на ўзбраенні ў паштальёнаў знаходзіцца апаратна-праграмны комплекс “Мабільны паштальён”, з дапамогай якога людзі, не выходзячы з хаты, могуць разлічыцца за паштовыя паслугі, аплаціць рахункі і камунальныя паслугі, то работы ў яе заўсёды хапае.
Антон Мальшэўскі.
Фота Святланы Муцянскай.