Пачалася абрадавая дзея з вуліцы Завадской, дзе пад музыку і песні святочны гурт заклікаў мясцовых жыхароў. Карагоды, гульні і дэгустацыя мясных ласункаў ужо на парозе аддзела культуры і вольнага часу стварылі ўдзельнікам загаўлін бодры настрой. З традыцыямі абраду прысутныя пазнаёміліся ў зале, у гэты дзень стылізаванай пад вясковую хату.
Як і патрабуе абрад, удзельнікі апранулі калодку і ўручылі яе нежанатаму хлопцу, “пераабулі” маладую жонку, “каб абцасікамі не стукала, каля мужа ціха тупала”, заслалі стол белым абрусам і кажухом, каб у хаце быў дабрабыт і багацце. На працягу ўсяго свята госці разам з народнымі ансамблямі “Жытніца” і “Граўжанцы ” спявалі мясцовыя, вясёлыя і жартоўныя песні, а яшчэ сталі ўдзельнікамі народных гульняў і танцаў, якія прапанавала прыхільніца традыцыйнай культуры Станіслава Тамашэвіч з вёскі Гродзі.