Гучыць песня, музыка зачароўвае, ахінае і нясе сваёй плынню за сабой у невядомую далеч. За тры хвіліны, што доўжыцца мелодыя, можна пражыць цэлае жыццё, адчуць чужы боль ці, наадварот, радасць. Люблю спяваць: у хоры; сам-насам, прыбіраючы кватэру; у вясёлай кампаніі на дні нараджэння ці вяселлі. Люблю слухаць песні: і сольныя, і харавыя, — але толькі тыя, ад якіх мурашы па скуры, – толькі яны для мяне сапраўдныя і кранальныя. І схіляюся перад людзьмі, якія ведаюць, як спяваць, і могуць навучыць гэтаму майстэрству другога. А перад людзьмі, якія валодаюць дарам згуртаваць у песні цэлы калектыў, схіляюся асабліва.
У 60-70-ыя гады мінулага стагоддзя харавое выкананне ў Савецкім Саюзе перажывала росквіт. Амаль у кожнай установе, на кожным прадпрыемстве існаваў самадзейны хор, і людзі ад станка ішлі спяваць, а рэпетыцыя хору была ўважлівай прычынай адсутнасці на рабочым месцы. Сёння такіх хароў адзінкі. Часцей існуюць яны ў сценах музычных школ ці каледжаў, на базе ўстаноў адукацыі або культуры.
У Ашмянскай дзіцячай школе мастацтваў – тры харавыя калектывы. Адзін з іх – “Сугучча” — мае званне “Узорны”. Кіраўніком гэтага калектыву з 2007 года стала Ганна Эдуардаўна Буйко — чалавек, цалкам адданы музыцы і харавому выкананню.
— Ганна Эдуардаўна, раскажыце, як Вы дараслі, менавіта дараслі, да харавога выканання.
— Часам нам здаецца, што пэўныя падзеі здараюцца з намі выпадкова. Але праз некаторы тэрмін пачынаеш разумець – не, не выпадкова, так і павінна было быць. У свой час я паступіла ў Лідскае музычнае вучылішча і закончыла два аддзяленні – “музыказнаўства” і “харавое дырыжыраванне, акадэмічны хор”. У час вучобы я пазнаёмілася з цікавымі і творчымі педагогамі — Бэлай Аронаўнай Двілянскай, Ларысай Уладзіміраўнай Чарнышовай, Людмілай Фёдараўнай Пясецкай, Сяргеем Іванавічам Бугасавым. І пакрысе прыйшло разуменне, што хор – гэта маё. Трэба прызнацца, што пачынаць самастойную працу з калектывам мне было хвалююча: гэта вялікая адказнасць. Ці атрымаецца, ці загучыць?
Акрамя таго, у Ашмянах у той час ужо дзейнічалі два ўзорныя харавыя калектывы: у Ашмянскай школе-інтэрнаце — “Пралескі” пад кіраўніцтвам Вольгі Пятроўны Емяльянавай і на базе эстэтычных класаў СШ № 3 – “Тоніка” пад кіраўніцтвам Валянціны Фёдараўны Рэут. Было вельмі адказна працаваць разам з такімі майстрамі сваёй справы. Высокая адзнака маёй прафесійнай дзейнасці і падтрымка, асабліва з боку Валянціны Фёдараўны, былі для мяне важнымі і патрэбнымі.
— З чаго пачынаецца праца з хорам?
Хор у Ашмянскай дзіцячай школе мастацтваў існуе з моманту яе адкрыцця –
1951 года. У 2016 годзе хору было прысвоена званне “Узорны”. У розныя гады калектывам кіравалі Мікалай Розенберг, Тамара Ждановіч, Браніслава Аніхоўская, Алена Рагачова.
Асноўны склад хору – 25 навучэнцаў ад 11 да 15 гадоў, якія займаюцца на музычных аддзяленнях школы мастацтваў: у класах харавых спеваў, фартэпіяна, скрыпкі, народных інструментаў. Разбежка ва ўзросце дзяцей складае пэўную цяжкасць для педагога, таму што вакальныя магчымасці ў розныя ўзроставыя перыяды розныя. Акрамя таго, кожны год змяняецца склад удзельнікаў, хтосьці заканчвае школу і пакідае хор, хтосьці, наадварот, папаўняе яго рады . А ўзровень выкананння трэба падтрымліваць на належнай вышыні, каб адпавядаць званню “Узорны”. Але наша агульная з дзецьмі, бацькамі нястомная праца дае свае вынікі. У маі 2022 года ў чарговы раз хор “Сугучча” пацвердзіў сваё званне.Хор – гэта перш за ўсё калектыў адзінадумцаў, у якім кожны не сам па сабе, а ўмее чуць і адчуваць паплечніка, гэта адзіны інтэлект. Таму рэпетыцыі хору – гэта не толькі сумесная праца, але і сумесны адпачынак: чаяванні з блінамі ды пірагамі ўласнага прыгатавання, віншаванні з днямі нараджэння і іншымі святамі.
— Якімі якасцямі, на вашу думку, павінен валодаць кіраўнік хору?
— Па-першае, арганізатарскімі здольнасцямі, умець згуртаваць і павесці за сабой, быць патрабавальным і ў той жа час гнуткім, умець адпусціць сітуацыю, прабачыць, своечасова падтрымаць, падбадзёрыць. Па-другое, трэба быць самадысцыплінаваным і арганізаваным. Праца з узорным хорам накладвае свой адбітак – працаваць з таленавітымі дзецьмі больш цікава, але і больш складана і адказна. Толькі пастаяннае самаразвіццё і самаўдасканаленне — каб быць цікавым дзецям і слухачам.
Але перш за ўсё трэба любіць тое, што робіш, і тады ўсё атрымліваецца. Работа не павінна быць невыносным цяжарам. Мая – дае мне крылы, каб рухацца ўперад, вучыцца, развівацца, шукаць новыя магчымасці і сродкі.
— Адна з асаблівасцей “Сугучча” – цікавы “нязбіты” рознапланавы рэпертуар. Як вы знаходзіце “свае” творы?
Сапраўды, знайсці песню, якую яшчэ ніхто не спяваў, складана. Не ўсе песні магчыма выкарыстаць для выканання хорам. У кожнага кіраўніка ёсць свае сакрэты. Мне, напрыклад, цікава працаваць з творамі сучаснага беларускага кампазітара, члена Саюза кампазітараў Беларусі Екацярыны Гігевіч. У рэпертуары хору некалькі яе песень. Наогул мне падабаецца працаваць з творамі, якія маюць сюжэт і складаную музычную форму. Мне імпануе дынаміка ў музыцы і падабаецца жывы, нестатычны хор, які можа быць героем, можа спяваць, гаварыць, рухацца. Хор – гэта шматаблічны акцёр, на маю думку. Напярэдадні Новага года я здзейсніла сваю даўнюю мару і на сцэне школы мы паставілі мюзікл “Брысь, або Прыгоды ката Філафея”. Мне здаецца, што спроба аказалася ўдалай і ў гэтым накірунку трэба развівацца.
Рэпертуар харавога калектыву штогод папаўняецца. Яго аснову складаюць творы патрыятычнага зместу, песні кампазітараў-класікаў, песні духоўнай тэматыкі. Вялікую частку рэпертуару складаюць творы a cappella. Мне падабаецца разнастайнасць, таму ў нашай музычнай скарбонцы ёсць песні на розных мовах.
— Раскажыце пра канцэртную дзейнасць калектыву і яго дасягненні.
Хор жыве актыўным насычаным жыццём. Зразумела, што мы выступаем на сцэне сваёй установы, удзельнічаем амаль ва ўсіх святах і канцэртах. Ніколі не адмаўляемся ад выступленняў на гарадской сцэне, выступаем з духоўнымі песнапеннямі ў праваслаўным і каталіцкім храмах горада. На працягу шэрагу гадоў прымаем удзел у духоўным між’епархіяльным фестывалі-конкурсе “Слава ў вышынях Богу”, дзе заўсёды станавіліся лаўрэатамі. Неаднаразова ўдзельнічалі ў адкрытым абласным конкурсе імя К. Горскага і кожны раз вярталіся з перамогай. У нашай скарбонцы – шмат дыпломаў міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў. Насычанае творчае жыццё дапамагае дзецям лепш разумець прызначэнне музыкі, дае вопыт выканальніцкай дзейнасці і, зразумела, развівае творчыя, пеўчыя здольнасці.
Свае творчыя планы Ганна Эдуардаўна не вельмі хоча раскрываць – каб здзейсніліся. Пераканана, што ўсё задуманае атрымаецца, таму што ў арсенале педагога для гэтага ўсё ёсць.
Ірына БРАЗОЎСКАЯ.
Фота Марты БАГДАНОВІЧ і з архіва Ганны Буйко.