Дарагі сэрцу здымак

Общество

Для жыхаркі Кальчун Леанарды Пракопчык невялікая чорна-белая фотакартка, на якой размешчана група вайскоўцаў, — самая дарагая памятка пра бацьку Іосіфа Іосіфавіча Шуксту. Гэты здымак ён прыслаў сям’і разам з пісьмом, у якім паведаміў, што атрымаў з таварышамі ў Маладзечне абмундзіраванне і гатовы ваяваць за сваю Радзіму. Гэта вестка была адзінай цёплай навіной у ваенную пару і хісткай надзеяй, што родны чалавек абавязкова вернецца дамоў. Ён жа яшчэ зусім малады — з 1915 года! Дома яго чакае жонка Юзэфа і трохгадовая дачушка.

Памяць пра бацьку

Прызвалі ў войска Іосіфа Шуксту ў лістападзе 1944 года. Разам з ім і мясцовых хлопцаў: Іосіфа Лыскойця, Івана Рагельскага, Андрыеўскага з Дэбесяў, Жукоўскага з Сямюн (імёны, на жаль, памяць не захавала). На помніку землякам, што ўстаноўлены ў цэнтры аграгарадка Кальчуны, значацца два прозвішчы Андрыеўскіх — Ф.І. Андрыеўскі і Б.І. Андрыеўскі.
Вясной 1945 года сям’і прыйшло скупое паведамленне з ваенкамата: Іосіф Шукста прапаў без вестак. Помніцца Леанардзе Іосіфаўне, як дарослыя, успамінаючы бацьку, расказвалі, што ён разам з Іосіфам Лыскойцем дайшоў да Одэра. Падчас бамбёжкі землякі знаходзіліся ў адным акопе. Загінулі яны ад узрыву снарада.

Так у 28 гадоў Юзэфа Амброжаўна Шукста стала ўдавой. Жыла яна разам з дачкой у радні мужа на хутары Шукстова, непадалёку ад Болтупа. Хата, якая ўяўляла сабой адзін вялікі пакой, размяшчалася пры лесе, таму сюды часта наведваліся партызаны.

У 50-х гадах сям’я прыдбала свой кут у Гародніках. Леанарда ўспамінае, як дзед купіў каня, вупраж, воз і з самай раніцы да змяркання шчыраваў з дзецьмі і ўнукамі ў полі. А зімой, калі работы станавілася менш, Юзэфа вучыла дачку вязаць, вышываць, снаваць і ткаць кросны. Абрусы і посцілкі атрымліваліся адмысловымі, хаця і вымагалі шмат часу і сіл. Сёння тыя навыкі таксама дапамагаюць — скрашваюць на старасці гадоў нудныя і цёмныя вечары.
— Каля дваццаці пар шкарпэтак ужо звязала, — прызнаецца жанчына. — Як нітак не стае, парухаю стары світар — вось і новая пара! Цёплымі падарункамі ўсіх сваіх пляменнікаў і суседзяў ўжо забяспечыла.

На працу Леанарда Іосіфаўна пайшла ў 13 гадоў: уладкавалася даяркай на ферму ў Болтупе. Васямнаццаць кароў падаіць рукамі двойчы на дзень для дзіцяці было нялёгкай задачай, але ж выбіраць не прыходзілася, дый жаліцца не было каму — маці таксама працавала. Веды, атрыманыя ў школе, дазволілі дзяўчыне справіцца з больш сур’ёзнай работай: яе ўзялі бухгалтарам у “райсабес” на зарплату ў 38 рублёў, а пасля — старшым інспектарам па пенсіях. Калі ля Бернікаў пачалі актыўна здабываць торф, радовішча якога разведалі яшчэ перад вайной, Леанарда пайшла “на балота” ўчотчыцай. Амаль два дзясяткі гадоў яна адпрацавала на торфабрыкетным заводзе, але найбольш яркія ўспаміны пакінула ўсё ж такі работа ў сферы быту. Кальчунская бытоўка, якую на працягу сямнаццаці год узначальвала жанчына, аказвала мясцоваму насельніцтву два дзясяткі паслуг. Каб выканаць план, прыходзілася ездзіць нават у Літву: і тавар прадаваць, і мэблю браць у рамонт. Адпраўляла Пракопчык бандэролі і пасылкі з адзеннем ажно ў Ноўгарад. Там карысталіся попытам наша пасцельная бялізна, ручнікі і трыкатаж. Супрацоўніцтва з калегамі трымалася на даверы. І трэба прызнаць — ніколі Леанарду Іосіфаўну ніхто “не кінуў” на рубель.

Жанчына ўжо даўно на пенсіі. Сем год, як памёр муж Яраслаў Іванавіч. Ад адзіноты яе ратуюць зараз пляменніца Святлана, яе дзеці Андрэй і Міша, а таксама кошка Багіра — шкадлівае і адначасова любімае пухнатае стварэнне. 80 гадоў адвёў Бог на гэтым свеце любай матулі, якая так і не выйшла больш замуж. Да апошняга дня яна хадзіла ў касцёл і заказвала па загінулым мужу імшу. На 9 Мая Юзэфу Шуксту заўсёды запрашалі на мерапрыемствы да помніка, на якім разам з прозвішчамі двух дзясяткаў землякоў выбіта і прозвішча мужа.

Аліна САНЮК.
Фота аўтара і з архіва Леанарды Пракопчык.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *