Філіял Ашмянскага краязнаўчага музея “Гальшанскі замак” стаў дыпламантам рэспубліканскага конкурсу “Пазнай Беларусь”

Культура

Для супрацоўнікаў Ашмянскага краязнаўчага музея імя Францішка Багушэвіча снежань выдаўся даволі насычаным і багатым на яркія падзеі. Філіял музея “Гальшанскі замак” тыдзень таму прыняў удзел у V Нацыянальным форуме «Музеі Беларусі», у якім заявілі аб сабе звыш 80 дзяржаўных музеяў і галерэй, а таксама музейныя работнікі і міжнародныя эксперты.

Мерапрыемства праходзіла на базе спартыўна-культурнага цэнтра Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва. У першы дзень работы форуму пляцоўку нашай музейнай установы наведаў Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатолій Маркевіч, а таксама шматлікія госці, якіх зацікавіла наша “каменная кветка”.

Па выніках работы форуму Ашмянскі краязнаўчы музей атрымаў дыплом удзельніка, а таксама новы вопыт і ідэі, цікавыя зносіны са сваімі калегамі.

Праз тыдзень у Мінску, у гэтым жа цэнтры, адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў рэспубліканскага турыстычнага конкурсу “Пазнай Беларусь”.

Журы выбрала лепшых у 13 намінацыях: «Я пазнаю Беларусь», «Экскурсавод года», «Турыстычная кампанія года», «Сродак размяшчэння года», «Санаторый года», «Аграэкасядзіба года», «Матэрыял года», «Фотаздымак года», «Музей года», «Аб’ект экалагічнага турызму года», «Аб’ект прамысловага турызму года», «Віртуальны праект года», «Турыстычнае мерапрыемства, прысвечанае Году гістарычнай памяці».

Філіял Ашмянскага краязнаўчага музея “Гальшанскі замак” стаў дыпламантам конкурсу ў намінацыі “Музей года” сярод раённых (гарадскіх) музейных устаноў. Ва ўрачыстай абстаноўцы ўзнагароду прымалі дырэктар Ашмянскага краязнаўчага музея Настасся Навіцкая і загадчык філіяла “Гальшанскі замак” Таццяна Рапецкая.

Аліна БЕЛІЦКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *