Іван, Ганна, Данііл Ласёнак (адказвае Ганна):
— У здымках фільма я прымала ўдзел упершыню. Разам са мной здымаўся мой муж і ўнук. Я выконвала ролю сялянкі, муж — ахоўніка парадку, а ўнук — башмачніка. Для нас гэта незвычайны і новы вопыт, аднак мы атрымалі мноства станоўчых эмоцый, навучыліся трымацца ў кадры, пазнаёміліся з прафесійнымі артыстамі. Хоць надвор’е і не заўсёды радавала, аднак на здымачнай пляцоўцы панавала цёплая і душэўная атмасфера. Зараз з нецярпеннем будзем чакаць выхаду фільма ў свет.
Вольга Пад’ельская:
— Разам з іншымі мясцовымі жанчынамі я выконвала ролю гандляркі. Мы настолькі ўжыліся ў ролю, што некаторыя прымалі нас за сапраўдных гандлярак. У сувязі з гэтым узнікала шмат камічных момантаў. Турысты і госці Гальшан падыходзілі і пыталіся, што адбываецца, хацелі зрабіць сумесны фотаздымак. Калі апранаеш касцюм, здаецца, трапляеш у іншы час. Некалькі здымачных дзён дапамаглі нам пражыць іншае жыццё, адчуць іншую эпоху. Для нашай вёскі гэта вялікая падзея. А для нас, жыхароў, асаблівы гонар.
Вераніка Лаўрыновіч:
— На восеньскіх канікулах мяне чакаў сапраўдны сюрпрыз: мне прапанавалі зняцца ў кіно. Я адразу згадзілася. Вельмі хацелася ўбачыць на свае вочы гэты цікавы працэс. Нам з аднакласніцамі пашчасціла яшчэ ў ім і паўдзельнічаць. Я здымалася ў дзвюх сцэнах: у першай афіцэры даганялі злачынцу, а ў другой быў прадстаўлены дыялог паміж мужчынамі. Мы з дзяўчатамі выконвалі ролю мінакоў. Для мяне асабіста вялікі гонар, што для здымкаў фільма выбралі нашы Гальшаны. А яшчэ ў нас з’явілася магчымасць пазнаёміцца з прафесійнымі акцёрамі, фільмы з іх удзелам мы не раз глядзелі. Дзякуючы здымкам, асабіста я стала больш цікавіцца гістарычнымі фактамі, даведалася многа новага і невядомага.