Падчас прафарыентацыйнай сустрэчы вучням сярэдняй школы № 1 г. Ашмяны расказалі аб навучанні ў Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь

Образование

У пятніцу, 21 кастрычніка, у сярэдняй школе № 1 г. Ашмяны імя М.М. Гружэўскага прайшло прафарыентацыйнае мерапрыемства, арганізаванае ваенкаматам Ашмянскага раёна сумесна з Ваеннай акадэміяй Рэспублікі Беларусь.

У пачатку сустрэчы ашмянскія школьнікі — вучні 10-11-х класаў — паглядзелі невялікі ролік пра паўсядзённае жыццё курсантаў Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Падрабязней пра ўстанову адукацыі, якая ўваходзіць у лік буйнейшых вышэйшых навучальных устаноў краіны і кожны год выпускае вялікую колькасць афіцэраў, пра правілы паступлення, структуру ўстановы, спецыфіку навучання, сацыяльныя гарантыі і многае іншае школьнікам расказаў выкладчык кафедры тактыкі агульнавайсковага факультэта Ваеннай акадэміі Віктар Корабаў.

– Кожны жадаючы можа выбраць сабе будучую прафесію па душы: у акадэміі налічваецца сем факультэтаў – агульнавайсковы, сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання, супрацьпаветранай абароны, ваеннай разведкі, авіяцыйны, унутраных войскаў, ракетных войскаў і артылерыі. Тут рыхтуюцца спецыялісты па 21 спецыяльнасці, 6 напрамках і 34 спецыялізацыях, практычна поўнасцю забяспечваючы патрэбу Узброеных Сіл і іншых сілавых структур у афіцэрскіх кадрах, – адзначыў Віктар Іванавіч. – Заняткі з курсантамі праводзяць каля 700 высокакваліфікаваных выкладчыкаў, з іх больш за 200 — з вучонымі ступенямі і званнямі, у тым ліку 18 прафесараў. Многія носяць ганаровыя званні заслужаных дзеячаў навукі і тэхнікі, заслужаных работнікаў вышэйшай школы, заслужаных вынаходнікаў і рацыяналізатараў.

Напрыканцы сустрэчы ўсе жадаючыя маглі задаць прадстаўніку ўстановы свае пытанні.

Антон МАЛЬШЭЎСКІ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *