Крухмальны завод у Рамейкішках — адно з найстарэйшых прамысловых прадпрыемстваў Ашмяншчыны, заснаваны ён у 1896 годзе. Яго неаднаразова мадэрнізавалі і пераабсталёўвалі, бо для паспяховай работы прадпрыемства патрэбна пастаяннае абнаўленне і ўдасканаленне.
Апошнія 10 гадоў заводам кіруе Сяргей Дзмітрыевіч Чудзілоўскі, і варта прызнаць, што за гэты час на прадпрыемстве адбылося шмат станоўчых змен. Сёння Гальшанскі крухмальны завод — сярод лепшых у вытворчасці крухмалу ў краіне. Сыравіна на завод паступае не толькі ад сельгасарганізацый раёна, але і з гаспадарак Мінскай, Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцей.
Бульба — асноўная сыравіна крухмала-патачнай вытворчасці. У мэтах зніжэння кошту гатовай прадукцыі тэхналагічны цыкл носіць сезонны характар: бульба складзіруецца і падвозіцца на завод па меры неабходнасці. Хуткасць перапрацоўкі вызначаецца ўмовамі захоўвання. Паколькі праз паўгода страты крухмалу і іншых сухіх рэчываў становяцца адчувальнымі, прадукт трэба перапрацаваць у максімальна сціснутыя тэрміны. Максімальны працэнт колькасці крухмалу ў бульбе, якая паступіла на Гальшанскі крухмальны завод сёлета, — 21 працэнт. Пры добрай працэнтнай колькасці крухмалу ў клубнях на выраб кілаграма крухмалу патрабуецца каля 8 кілаграмаў бульбы.
Штодзень на заводзе перапрацоўваецца 300-400 тон клубняў. У першым бункеры бульбу старанна чысцяць ад бруду і старонніх прымесяў, якія значна зніжаюць якасць гатовай прадукцыі. Далей ідзе адсейванне камянёў, якія прыязджаюць з палёў разам з «другім хлебам», і чыстая бульба паступае на драбненне, дзе з яе атрымліваецца кашападобная маса, ад якой хутка адлучаюць сок, каб прадухіліць пацямненне прадукта. Каб атрымаць гатовы бульбяны крухмал, крухмальную сумесь трэба абязводзіць, здрабніць і спакаваць. Абязводжванне адбываецца на вакуумнай устаноўцы.
На наступным этапе бульбяны крухмал дасушваюць гарачым паветрам і прасейваюць для атрымання сухой аднастайнай сыпкай масы. Гатовы прадукт паступае на расфасоўку.
Заступаючы на працу, Сяргей Чудзілоўскі паабяцаў калектыву годны заробак, і людзі яму паверылі. А ён паверыў у іх і стрымаў слова — зараз заробак на крухмальным заводзе адзін з вышэйшых у раёне, больш за 1200 рублёў. На заводзе працуе 26 чалавек і, як прызнаецца дырэктар, усе яго падначаленыя — спецыялісты высокага ўзроўню і добрыя работнікі.
Гальшанскі крухмальны завод нацэлены на рух наперад і з’яўляецца адным з паспяховых прадпрыемстваў нашага раёна: кожны год колькасць бульбы, якая нарыхтоўваецца і апрацоўваецца, павялічваецца, даходы растуць, а адпаведна, растуць і зарплаты, паляпшаюцца ўмовы працы, адбываецца абнаўленне абсталявання, праводзяцца рамонты ў цэхах. Так, за апошнія некалькі гадоў на вытворчасці дэманціравалі старое абсталяванне і нават устанавілі некалькі сваіх ноу-хау ў цэхах комплекснай гідрацыклоннай устаноўкі і прыгатавання крухмальнага малака, рэканструявалі электрашчытавую і раздзявалку для жанчын (раздзявалка для мужчын — у працэсе абнаўлення), пафарбавалі сцены, перакрылі дах, паклалі плітку вакол басейнаў, паставілі новенькія пластыкавыя вокны і дзверы, заасфальтавалі тэрыторыю вакол завода. У планах у дырэктара пераабсталяваць старыя гаражы пад склад і прадоўжыць рэканструкцыю цэхаў.
План па вытворчасці крухмалу на год складае 2645 тон. За 9 месяцаў Гальшанскі завод нарыхтаваў ужо 1345 тон, астатнія 1300, на думку дырэктара, пры вытворчасці 400-550 тон у месяц, завод выканае за тры месяцы.
Не пакінуты ўбаку і бізнес-план: завод ужо выканаў і перавыканаў яго — за 9 месяцаў прадпрыемства зарабіла на экспарце крухмалу 1 180 000 долараў, што складае амаль 160,5 працэнта да мінулага года. На экспарт ідзе 73 працэнты ад аб’ёмаў продажаў.
Антон МАЛЬШЭЎСКІ.
Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.