Галіна Астапчук: дбайная гаспадыня, таленавітая швачка і клапатлівая бабуля

Общество

Прыгожы і вабны аграгарадок Гальшаны. Столькі тут хараства і незвычайнай велічы, столькі раскошы і, разам з тым, вясковай сціпласці. Кожная вуліца  непаўторная, а кожны дом мае сваю гісторыю. На вуліцы Ашмянскай безліч двароў, тут заўсёды людна і шумна: хтосьці спяшаецца ў школу, хтосьці – на працу, а нехта шпацыруе без мэты, любуючыся прыгажосцю старасвецкага мястэчка.

Дом Галіны Астапчук якраз і знаходзіцца на вуліцы Ашмянскай. Аднавяскоўцы добра ведаюць, дзе жыве жанчына. А праходзячы міма, не раз спыняцца і палюбуюцца хараством і гармоніяй яе дома і навакольнай тэрыторыі, якая літаральна патанае ў зеляніне, кветках, дэкаратыўных кустах. Вяргіні, хрызантэмы, астры, ружы, гладыёлусы, рамонкі і многія іншыя кветкі аздабляюць яе клумбы. Дом Галіны Іванаўны тройчы прымаў удзел у конкурсе на лепшае ўпрыгожанне  да Новага года і заўсёды быў сярод пераможцаў.

Аднак асаблівым чынам жанчына захапляецца развядзеннем хрызантэм. На гэты занятак гаспадыня не шкадуе ні сіл, ні часу. Белыя, жоўтыя, аранжавыя, ружовыя, бардовыя – якіх толькі колераў і адценняў тут няма. Па-рознаму яны з’яўляліся: часам кусты прыносілі суседкі, часам купляліся праз інтэрнэт, а часам дапамагалі сельскагаспадарчыя кірмашы.

— У самым пачатку захаплення хацелася набыць як мага больш відаў. Здаецца, ідзеш за адным кусцікам, аднак сябе ў руках трымаць вельмі складана. Аднойчы вось так не стрымалася. У выніку, багажнік нашага “кветкамабіля” быў поўнасцю застаўлены каляровымі гаршкамі. Кветкі былі і ў салоне. А тое, што зусім не змяшчалася, я трымала ў руках. Аднак, колькі лагоды і шчасця дорыць кожны кусцік.

Праз інтэрнэт Галіна Іванаўна знаходзіць новыя віды хрызантэм, знаёміцца з доглядам, спосабамі захавання. Мінулай восенню 200 каляровых кусцікаў парадавалі гаспадыню, аднак большую частку кветак жанчына перадала ў каталіцкі і праваслаўны храмы. Астатнія ж занялі пачэснае месца ў двары. Гэты год не стаў выключэннем. Жоўтыя хрызантэмы, быццам сонейкі, хваляцца някідкай прыгажосцю. Вось-вось заквітнеюць ружовыя, белыя, бардовыя, бэзавыя. Гаспадыня знаходзіцца ў прыемным чаканні гэтай падзеі.

Сваім захапленнем Галіна Астапчук заразіла і суседак, якія таксама актыўна ўпрыгожваюць свае двары кветкамі і кустамі. Пры сустрэчы яны абмяркоўваюць “кветкавую” тэму, дзеляцца маленькімі сакрэтамі, абменьваюцца рознымі відамі кветак і кустоў.

— Мае  суседкі – дбайныя жанчыны. Яны часта прыходзяць да мяне за парадай ці з просьбай падзяліцца пэўнымі раслінамі. Шмат раслін на клумбах ад іх. Лілія Каралевіч, Лілія Александровіч, Валянціна Траццяк, Ганна Мішчук – гэта надзейныя сяброўкі, якія падзеляцца сакрэтамі і абмяняюцца пасадачным матэрыялам.

Аднак не толькі кветкі вабяць жанчыну. Трыццаць тры гады жыцця Галіна Іванаўна аддала швейнай справе. Шыць падабалася з самага дзяцінства. У лялек заўжды былі прыгожыя сукенкі, спадніцы. Справа захапляла цалкам, прыносіла задавальненне. Пасля было вырашана звязаць жыццё з любімым заняткам.

— Калі займаешся справай, якую любіш, час ляціць вельмі хутка. Я зусім не заўважыла тых гадоў. На працу заўжды ішла з радасцю і задавальненнем, бо яна прыносіла асалоду. І зараз я “абшываю” ўсю сям’ю, шыю для дачок і ўнукаў.

Пакрысе бабуліны заняткі пераймаюць і ўнукі. Даша, калі прыязджае да бабулі, адразу ўключае швейную машыну і бярэцца за справу. У дзяўчынкі ўжо добра атрымліваецца шыць убранні для сваіх лялек. Падабаецца школьніцы і маляванне. На кожнае свята яна дорыць бабулі невялікія карціны. Унук Саша – першы памочнік на агародзе, у цяпліцы, на клумбах. З вялікім запалам ён бярэцца за справу і не кідае яе, пакуль не скончыць. Старэйшы ўнук Мікіта таксама хіліцца да зямлі і сельскай гаспадаркі. Малады аграном ужо і сам можа даць бабулі параду, паспрачацца з ёй у некаторых пытаннях.

— Любоў да працы ў свой час я пераняла ад бацькі, які браўся за любую справу і выконваў яе на высокім узроўні. Будаўнічыя работы, рамонт тэхнікі, праца на зямлі – усё гэта яму давалася лёгка. І нас, дзяцей, ён заўжды вучыў любіць працу і падкрэсліваў, што ўмець трэба ўсё, бо ніколі не ведаеш, як павернецца жыццё.

Светла і ўтульна і ў доме Галіны Іванаўны. Руплівая жаночая рука бачна паўсюль. Гаспадыня заўсёды знаходзіцца ў пошуку новых ідэй. Ёмістасці для сыпучых прадуктаў жанчына зрабіла сама. Імбрык, падстаўка для лыжак і відэльцаў і нават кухонны вугалок адчулі клапатлівую руку гаспадыні. Для творчасці можа прыдацца любая, на першы погляд непатрэбная пасудзіна. Жанчына клапатліва захоўвае рэшты тканіны, карункаў, фігурныя слоічкі. У пэўны момант гэтыя рэчы атрымліваюць новае жыццё, служаць верай і праўдай яшчэ доўгі час. Асабліва зручна займацца творчасцю ў зімовы час, калі праца на агародзе і клумбах скончана. Аднак, трэба зазначыць, што дом Галіны Іванаўны прыцягвае позіркі аднавяскоўцаў і гасцей мястэчка нават зімой. Каляровая ілюмінацыя, елачка, фігуры казачных герояў, сшытыя сваімі рукамі, — усё гэта заварожвае. Суседзі не раз прызнаваліся, гледзячы на добраўпарадкаваны двор гаспадыні, што ад гэтай прыгажосці хочацца жыць, а ўсе жыццёвыя праблемы адыходзяць на другі план.

За зіму жанчына плануе зрабіць радаводнае дрэва сваёй сям’і, якое размесціцца на адной са сцен яе дома. Ужо падрыхтаваны фотаздымкі і подпісы да іх. Галіна Іванаўна прытрымліваецца  каранёў і вельмі хоча, каб унукі таксама ведалі свой радавод.

Актыўная, старанная, дынамічная, яна паспявае дапамагаць храмам, клапаціцца аб кветках, агародзе, выхоўваць унукаў, ствараць рэчы ўласнымі рукамі, шыць. А галоўнае – заставацца добрым і ўсмешлівым чалавекам, дзякуючы якому вуліца Ашмянская напаўняецца сонечным святлом.

Марта БАГДАНОВІЧ.

Фота аўтара і з уласнага архіва Галіны Астапчук.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *