Такія шыльдачкі можна заўважыць у некаторых крамах нашага горада, а ў сталіцы і абласных цэнтрах ёсць спецыялізаваныя павільёны з адзеннем ад айчынных вытворцаў. Многія жыхары горада і раёна выбіраюць адзенне беларускіх брэндаў, спасылаючыся на добрую якасць. Аднак некаторыя модніцы, не шкадуючы грошай, гоняцца за сусветнавядомымі брэндамі.
Пэўны час у горадзе існавала крама “Світанак”, якая ў некаторых гараджан карысталася павагай, а піжамы, сукенкі, бялізна і зараз ёсць у шафах многіх сямей.
Інна Бутурля:
— Мой тата заўжды любіў добрую і якасную вопратку. Ён купляў адзенне так, каб яно магло служыць доўгі час, а не толькі некалькі сезонаў. Акрамя таго, памерны рад беларускіх вытворцаў заўжды радаваў. Там знаходзіліся рэчы на людзей рознага целаскладу. Так і мы з дачкой пачалі “сябраваць” з якасным адзеннем. Піжамы, бялізна, сукенкі – усімі гэтымі рэчамі нас забяспечыў “Світанак”. Адзенне заўжды высокай якасці, у ім не сорамна выйсці на вуліцу. Нейкі час куплялі адзенне ад іншых вытворцаў, аднак яно хутка расцягвалася і выцвітала. Зараз выбіраем толькі “Світанак”.
Яна Макарская:
— Я вельмі люблю адзенне беларускіх вытворцаў. Калі бываю ў Гродна, то
заходжу ў фірменныя крамы. Падабаецца наша “Калінка”, бо спалучае ў сабе практычнасць, высокую якасць і знешнюю прывабнасць. Акрамя таго, люблю адзенне ад “Элемы”. Паліто, курткі, сукенкі – усё гэта знайшло месца ў маім гардэробе. Якасныя беларускія рэчы выбіраюць і мае дзеці, якія таксама цэняць практычнасць.
Наталля Галамбоўская:
— Са “Світанкам” знаёмы даўно. У нашай дружнай сям’і падрастаюць тры
дачушкі, таму патрэба ў якасных рэчах заўжды існуе. Малюнкі і аплікацыі якасныя. Я ніколі не баюся, што нешта адпадзе ці адклеіцца. Радуе і тканіна, якая дапамагае скуры дыхаць, асабліва гэта актуальна для дзетак, бо яны шмат рухаюцца. Выбар прадукцыі вельмі разнастайны. Дзяўчаты задаволены. Для сябе таксама купляю піжамы і сарочкі ў “Світанку”. Ведаю, што яны не паліняюць, не страцяць насычаны колер і будуць служыць доўгі час. Кошт прадукцыі, на мой погляд, адпавядае якасці.
Вольга Кулак:
— У нас у сям’і трое дзетак рознага ўзросту. Для іх заўсёды выбіраю беларускі
абутак з натуральных матэрыялаў. Ногі заўжды ў цяпле, не баяцца лужын і гурбаў. Для сябе таксама купляем абутак у Marko або Belwest. Там заўсёды вялікі выбар на любы густ і кашалёк. Туфлікі, боты, сандалі доўгі час захоўваюць прывабны знешні выгляд, чаго не скажаш пра абутак са штучных матэрыялаў. Дзецям купляем абутак у “Нёмане”. Асабліва для малодшага сына.
Зараз бялізну ад “Світанка” можна набыць у вядомых інтэрнэт-крамах, якія прапануюць шырокі асартымент прадукцыі. У краме Wildberries дзіцячую піжаму можна набыць за 24 рублі, летнюю сукенку для дзяўчынкі – у межах 20 рублёў, камплект дзіцячай ніжняй бялізны – за 12-14 рублёў.
На сайце “Элемы” можна знайсці безліч якасных сукенак з натуральнай тканіны. Прадавец прапаноўвае шырокі выбар сукенак ад 90 рублёў, паліто – ад 140 рублёў.
Разнастайнасцю радуюць і вытворцы абутку. Сістэмы зніжак заўжды прывабліваюць пакупнікоў, прымушаюць вярнуцца ў краму яшчэ раз. У Смаргоні можна набыць абутак ад Marko, а ў суседнім Астраўцы – ад Belwest.
У нашым горадзе некаторы час існуе крама Mark Formelle, якая радуе гараджан і гасцей якасным і стыльным адзеннем. Так, жаночую сукенку можна набыць у межах 50 рублёў, футболку – у межах 20, спадніцу – у межах 40-45 рублёў.
Брэндавыя рэчы – мара многіх, аднак часамі адзенне айчынных вытворцаў не саступае па якасці і доўгі час радуе ахайным знешнім выглядам.
Марта БАГДАНОВІЧ.