Гісторыя адной перапіскі

Культура

Гальшанскі замак зараз прыцягвае ўвагу многіх турыстаў, краязнаўцаў, літаратараў. Магутная адноўленая вежа набыла другое жыццё, зайграла новымі фарбамі. Стромкія лесвіцы, магутныя сцены, незвычайныя экспазіцыі – усё гэта ўводзіць у гісторыю, дае магчымасць акунуцца ў мінулыя стагоддзі, здзейсніць невялікую вандроўку ў часе. Кожны, хто апынецца ля сцен замка, адчуе гоман стагоддзяў, якія, здаецца, і зараз перагаворваюцца, ціха шэпчуцца і вядуць нейкую гутарку. Дзіўнае і таямнічае месца, дзе спыняецца час і змяняецца рэальнасць. Прадстаўнікі творчых прафесій часта прыязджаюць у Гальшаны. Хтосьці – за добрымі фотаздымкамі: на захадзе сонца вежа быццам  наліваецца золатам і чырванню. Не трэба быць мастаком, каб спыніцца на хвіліну ў захапленні і палюбавацца дзіўнай прыгажосцю. Хтосьці пераносіць замак на паперу: ля старажытных муроў часам ладзяцца пленэры, дзе мастакі ўвасабляюць дзіўную веліч на паперы. А хтосьці прыязджае за натхненнем для новых вершаў і празаічных твораў. Так ёсць зараз, так было і раней.

Кожнаму беларусу, напэўна, вядомы твор Уладзіміра Караткевіча “Чорны замак Альшанскі”. Для жыхароў мястэчка гэты твор асаблівы. Многія лічаць, што раман — пра Гальшанскі замак, які заўсёды быў авеяны легендамі пра розныя звышнатуральныя рэчы, што, згодна з паданнямі, тут адбываліся. Эдуард Сямёнавіч Корзун, гісторык і былы дырэктар мясцовай школы, таксама ў свой час задаўся гэтым пытаннем. Гісторык і яго вучні напісалі ліст пісьменніку і спыталі, ці пра Гальшаны гэты твор. На адказ не ўсе спадзяваліся. Уладзімір Сямёнавіч – вядомая асоба, у яго заўжды безліч спраў і абавязкаў. Аднак адказ праз некаторы час прыйшоў. З вялікім хваляваннем адкрываўся доўгачаканы канверт. І вучням, і іх педагогу хацелася з першых вуснаў атрымаць адказ.  Пісьменнік горача вітаў школьнікаў, у кожным радку адчуваўся гонар за маладое пакаленне, якое цікавіцца гісторыяй і літаратурай. Аднак Уладзімір Караткевіч папрасіў школьнікаў, педагогаў і жыхароў мястэчка не шукаць простай фатаграфіі замка ў творы. Аўтар пісаў, што ў свой час быў у Гальшанах на здымках дакументальнага фільма “Памяць каменя”. І цалкам магчыма, што нешта захавалася ў памяці і было перанесена на старонкі. Уладзімір Сямёнавіч пажадаў школьнікам выдатнай вучобы, а таксама заахвоціў шанаваць той неацэнны скарб, які знаходзіцца побач. Пытанне, якое доўгі час не давала спакою, нарэшце, было вырашана.

З таго моманту прайшло не адно дзесяцігоддзе. Змянілася пакаленне вучняў, няма ўжо з намі таленавітага пісьменніка Уладзіміра  Караткевіча. Няма і гісторыка Эдуарда Корзуна. Магутнай ракой бяжыць час, адносячы нас далей і далей у глыбіні жыцця. Аднак ёсць раман “Чорны замак Альшанскі”, які да гэтага часу ў пэўнай ступені выклікае гонар за роднае мястэчка. Захаваўся да гэтага часу і ліст Уладзіміра Сямёнавіча, які заняў пачэснае месца ў школьным гісторыка-краязнаўчым музеі. Кожны наведвальнік і сёння на свае вочы можа ўбачыць гэты ліст, адкрыць для сябе яшчэ адну таямніцу.

Гальшаны – каларытнае гістарычнае мястэчка, дзе кожны камень дыхае даўніной. Векавыя дрэвы, велічныя храмы, незвычайная забудова – усё гэта заварожвае, прыцягвае, натхняе. Месца, дзе сустракаецца гісторыя з сучаснасцю, заўсёды будзе карыстацца папулярнасцю і ў краязнаўцаў, і ў мастакоў, і ў літаратараў. Маем надзею, што ў будучым з’явіцца яшчэ шмат таленавітых твораў пра таямнічыя і незвычайныя Гальшаны.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Теги:

1 комментарий по теме “Гісторыя адной перапіскі

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *