«Каменная кветка» ў Гальшанах прыцягвае турыстаў і заварожвае падарожнікаў. З кожным годам Гальшанскі замак набывае ўсё большую папулярнасць у наведвальнікаў. Экскурсіі, тэатралізаваныя прадстаўленні, майстар-класы сталі неад’емнай часткай штодзённага жыцця былой рэзідэнцыі Сапегі. Як і некалькі стагоддзяў таму тут ладзяцца фестывалі і вечары ў Соф’і Гальшанскай.
Усё гэта стала магчымым дзякуючы ўвазе, якую дзяржава надае захаванню гісторыка-культурнай спадчыны. За ўвесь перыяд работ на рэстаўрацыю Гальшанскага замка было выдаткавана каля чатырох мільёнаў рублёў — з фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва, Дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі».
Нядаўна Аляксандр Лукашэнка падпісаў распараджэнне, згодна з якім на кансервацыйныя работы на Гальшанскім замку з фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва выдзелены яшчэ 1 мільён рублёў. За выдаткаваныя сродкі будуць праведзены супрацьаварыйныя работы — умацаванне і кансервацыя сцен паўночна-ўсходняга корпуса.
Яшчэ два мільёны рублёў з фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва будуць накіраваны на рэалізацыю праекта па рамонце даху і фасадаў царквы ў вёсцы Мураванка Шчучынскага раёна, завяршэнне рэстаўрацыйных работ у сядзібна-паркавым ансамблі ў аграгарадку Залессе Смаргонскага раёна, на паўночна-ўсходняй аркадзе палацавага комплексу ў гарадскім пасёлку Ружаны Пружанскага раёна, кансервацыю з элементамі рэстаўрацыі ў сядзіба-паркавым ансамблі ў вёсцы Заказель Драгічынскага раёна.
Людміла РЫБІК.