Камісія ацаніла ступень падрыхтаванасці ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года

Образование

Апошні летні месяц – гэта час новага ўраджаю, прыгажосці, сонейка і цяпла, а таксама падрыхтоўкі да новага навучальнага года. У поўную сілу працуюць школьныя кірмашы, даючы магчымасць загадзя купіць усю неабходную канцылярыю, школьную форму, абутак. Клапатлівыя бацькі старанна выбіраюць навінкі для сваіх дзяцей, а школьнікам не церпіцца сустрэцца з сябрамі і педагогамі.

На працягу цэлага лета ва ўстановах адукацыі Ашмянскага раёна вялася няспынная праца: рамантавалася  мэбля, аднаўляліся стэнды, закуплялася новае абсталяванне. Школы і дзіцячыя садкі, адноўленыя і добраўпарадкаваныя, гатовы сустракаць выхаванцаў. 15 жніўня для ўстаноў адукацыі раёна прайшоў своеасаблівы экзамен. Спецыяльна створананая міжведамасная камісія ацаніла ступень падрыхтаванасці кожнай установы.

Калі школы пакуль знаходзяцца ў чаканні новага навучальнага года, то дзіцячыя садкі працуюць у стандартным рэжыме. Кожны садок незвычайны, асаблівы. Усюды бачыцца свой стыль і клапатлівая рука. Светлыя і ўтульныя спальныя пакойчыкі, яркія гульневыя вугалкі і прасторныя пляцоўкі – усё гэта дае атмасферу гармоніі. Тытанічная праца вялікай колькасці людзей стварае прыгажосць і ўтульнасць. Безліч кветак, кустоў ператварае тэрыторыю каля садкоў у сапраўдны райскі вугалок. Кожная служба нясе адказнасць за жыццё і здароўе дзяцей, таму дасканала правяраецца пажарная бяспека, захаванне санітарных правілаў і іншыя важныя моманты. Аднак, акрамя прыгожых стэндаў, новых цацак і іншага абсталявання, садкі ўпрыгожваюць дзіцячыя усмешкі. Менавіта гэтыя ўсмешкі з’яўляюцца асноўнай прыкметай зладжанай працы калектыву, бо ўсё робіцца для дабрабыту маленькіх выхаванцаў.

У школах пакуль нельга ўбачыць дзіцячых усмешак, не чуваць тут і дружных галасоў. Аднак праца кіпіць. На кветніках узвышаюцца вяргіні і гладыёлусы, якія прадказваюць надыход доўгачаканай восені. У прадметных кабінетах настаўнікі заканчваюць апошнія прыгатаванні. Папкі занялі свае месцы на паліцах, кветкі ўпрыгожылі падваконнікі, а ў паветры яшчэ можна адчуць ледзь улоўны пах фарбы. Уражваюць і здзіўляюць адрамантаваныя спартыўныя залы. Кожная зала мае сучасны знешні выгляд. Многія папоўніліся новым інвентаром, які стане сапраўдным падарункам для дзяцей. Ціха пакуль і ў сталоўках, але на школьных кухнях ёсць абновы. У хуткім часе навучэнцы змогуць карыстацца новым і прыгожым посудам.

Своеасаблівай эстэтыкай можа пахваліцца і цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, які збірае безліч таленавітых і руплівых дзяцей. Утульныя кабінеты здзіўляюць і захапляюць наведвальнікаў. Кожны – незвычайны, каларытны, арыгінальны. Ірына Станіславаўна Буйніцкая, дырэктар установы, зазначае, што без зладжанай працы калектыву многія рэчы і да гэтага часу заставаліся б толькі ў марах. Адзін з кабінетаў упрыгожвае сапраўдны лялечны тэатр. Батлейка – гэта зварот да каранёў, да свайго мінулага, а таксама далучэнне новага пакалення да тэатральнага мастацтва.

Лічаныя дні аддзяляюць нас ад пачатку восеньскага лістападу, яркіх апошніх кветак і чаканых першых званкоў. А пакуль застаўся час, каб сабрацца з думкамі і ў добрым настроі рушыць у новы навучальны год.

Марта БАГДАНОВІЧ.

Фота аўтара.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *