У Граўжышках прайшоў традыцыйны мядовы кірмаш

Культура

Традыцыйна ў жніўні работнікі мясцовага аддзела культуры і вольнага часу запрашаюць жыхароў Граўжышак і шматлікіх гасцей на свята мёду. Жнівень — самы час аддзячыць пчале за яе работу і ўшанаваць тых, хто збірае карысны прадукт. А таксама і добрая магымасць набыць сабе свежага мядку!

— Сённяшняе свята – гэта ўшанаванне не толькі пчаляроў, але і ўсіх руплівых людзей, якія праяўляюць працавітасць у розных прафесіях і розных галінах і ствараюць не толькі ўласны дабрабыт, але і клапоцяцца аб росквіце краю, — зазначыў старшыня Граўжышкоўскага сельвыканкама Пётр Чаплінскі, вітаючы аднавяскоўцаў. – Прыемна, што прыйшлі на кірмаш не толькі людзі сталага веку, але і моладзь, і дзеці. Гэта значыць, што будуць жыць і развівацца нашы Граўжышкі.

Ксёндз-пробашч Граўжышкоўскай парафіі Павел Раманоўскі пажадаў парафіянам, каб яны ў сваім жыцці ўмела спалучалі працу і адпачынак, і каб жыццё заўсёды было ў радасць. А калі жыць з верай ў Бога, прытрымлівацца Божых запаведзяў і дбаць пра людзей, то кожны дзень будзе менавіта такім – светлым і і плённным. Затым святар асвяціў карысны прадукт.

Граўжышкоўская старонка багата на людзей, якія займаюцца пчалярскай справай. Вядучыя Алена Сальмановіч і Алена Кашчыц запрасілі на імправізаваную сцэну Паўла Буйко, Віталя Урбана, Валерыя Навіцкага і Аляксандру Пазняк і пад апладысменты вяскоўцаў падзякавалі ім за магчымасць прыняць удзел у мерапрыемстве.

Яркім і вясёлым момантам свята стала тэатралізаваная пастаноўка, падрыхтаваная работнікамі культуры. Алена Шавель, Станіслава Тамашэвіч, Віялета Суравец, Святлана Ганусевіч, Таццяна Чэрская, Эдвард Булкевіч, Канстанцін Яраш, Алена Сальмановіч і Алена Кашчыц разам з юнымі жыхарамі аграгарадка разыгралі сцэнку. Згодна з сюжэтам, у “канфлікце” паміж кветкамі і пустазеллем перамагла дружба. Кожны знайшоў сабе месца пад сонцам, а руплівыя пчолы прадоўжылі радаваць людзей сваім карысным прадуктам.

Арганізатары святочнага мерапрыемства – работнікі мясцовага Дома культуры запрасілі ў госці артыстаў са ўсяго раёна. У канцэртнай праграме прынялі ўдзел Любоў Шчарбакова і Марына Кісліцкая, саксафаністы Уладзімір Саўчанка і Аляксандр Пашкоўскі, Святлана Ганусевіч і Таццяна Чэрская, Канстанцін Яраш. Шчыра віталі месцічы Эдварда Булкевіча, Алену Сальмановіч і Вацлава Сідаровіча, а таксама дзяцей – удзельнікаў аматарскіх аб’яднанняў пры аддзеле культуры і вольнага часу, дыпламантаў раённага конкурсу “Вясковы жаваронак” Лізавету Відзевіч, Арцёма Адамовіча, Ксенію Сальмановіч і Карыну Кашчыц.

Музычныя падарункі былі адрасаваны тым, хто прыйшоў на свята, і тым, хто не змог па шэрагу прычын гэта зрабіць. Цёплыя словы гучалі на мерапрыемстве ў адрас людзей сталага веку: вязня фашысцкага лагера Уладзіміра Лашкоўскага, якому споўнілася сёлета 96 год, ветэранаў працы Іосіфа Верамеевіча (95 год), Яніны Дорняк і Ядзвігі Яцкевіч (80 год), Станіслава Шкелды (70 год). З гонарам вядучыя абвясцілі, што ў сям’і Дзмітрыя і Сандрыны Шкелда нарадзілася дачка Эмілія, а ў Паўла і Інэсы Юнашка – сын Аляксандр. Значыць, будзе працяг роду. Чарговая старонка з’явіцца не толькі ў летапісе сям’і, але і ў гісторыі аграгарадка.

Словы падзякі адрасавалі вядучыя бацькам Івана і Яўгена Гайдукевіч, а таксама Улада Радкевіча. Хлопцы служаць зараз у войску, аберагаюць мір і спакой нашай Беларусі.

Весела было на свяце ў Граўжышках дзецям. Малышы скакалі на надзіманым атракцыёне, ласаваліся салодкай ватай і папкорнам, выбіралі разам з мамамі і бабулямі мяккія цацкі. Падлеткі і моладзь маглі пастраляць у пнеўматычным ціры.

У гэты дзень у Граўжышках можна было атрымаць асалоду не толькі ад песень і папулярных музычных кампазіцый розных часоў, гульнявой праграмы, але і ад карыснага прадукту, які пчаляры прывезлі на продаж: гэта і мёд розных гатункаў, і прадукты пчалярства.

Аліна САНЮК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *