Дармаедства ў генах?

Точка зрения

Што гэта за маці, якая сына да пенсіі не дагадуе?! — напаўжартам-напаўсур’ёз гаворыць народная мудрасць. Сапраўды, асобныя «экзэмплярчыкі» так прывыклі да бацькоўскай апекі, што гатовы бясконца сядзець на карку старэючых маці або бацькі, а калі іх раптам не стае, то на карку грамадства, дзяржавы.

…Суботнім ранкам каля вясковай крамы мяне перапыніў мясцовы малады чалавек. Успомніў раптам, што мы вучыліся ў адной школе (праўда, ён гадоў на сем пазней) — відаць, гэты аргумент павінен быў мяне разжаліць. А прасіў мужчына дапамагчы — як вы разумееце, паправіць здароўе.

— Бутэлька піва каштуе ўсяго 1,78 рубля! — паведаміў мне ён. — Пачуўшы, што наяўных грошай у мяне няма, стаў прасіць купіць выратавальны напой…

Сярод вуліцы чытаць лекцыю даросламу чалавеку і раіць працаўладкавацца, каб зарабіць на ўласныя патрэбы, не хацелася. Для гэтага ёсць спецыяльная камісія па садзейнічанні занятасці насельніцтва, да якой, хочацца верыць, ён дойдзе. Зрэшты, самастойна наўрад ці.

Па ўсім бачна, малады чалавек вырашыў працягваць справу бацькі — той ужо колькі год жабруе на пляшку. Слізкая сцежка прыйшлася даспадобы і сыну, які забыўся на сорам гэтак сама, як і на абавязак працаваць.

Меры ўздзеяння на дармаедаў, канешне, ёсць. Тыя, хто трапіў у спіс не занятых у эканоміцы, павінны альбо пацвердзіць, што яны працуюць (скажам, займаюцца рамяством і плацяць адпаведны збор), альбо прывесці важкія аргументы сваёй занятасці (напрыклад, вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі і яе продаж), альбо плаціць за паслугі ЖКГ па эканамічна абгрунтаваных тарыфах. Праўда, апошняе палохае толькі тых, хто з’яўляецца ўласнікам жылля.

— Уся работа камісіі па садзейнічанні занятасці насельніцтва, выязныя пасяджэнні, якія праводзяцца ў сельсаветах, накіраваны на тое, каб дапамагчы людзям знайсці працу. Нават калі ў чалавека няма спецыяльнасці, але ёсць жаданне — выйсце знаходзіцца, — зазначае начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Губарава. — Цэнтр занятасці рэгулярна прапануе беспрацоўным атрымаць тую ці іншую запатрабаваную на рынку працы спецыяльнасць. Гэта фактычна прамая пуцёўка на работу, гарантаванае месца працы.

Толькі праўду кажуць: хто хоча, шукае магчымасць, а хто не — прычыну. Вось і на пасяджэннях камісіі па садзейнічанні занятасці прыходзіцца разглядаць розныя выпадкі: адзін, каб толькі не ісці працаваць, прыкрываецца хворай нагой, аднак даведка ўрача сведчыць пра адваротнае; другі бярэ некалькі накіраванняў на працу — і знікае. Ёсць і станоўчыя прыклады: атрымаўшы паведамленне, што трапілі ў папярэдні спіс плацельшчыкаў за жыллёва-камунальныя паслугі па эканамічна абгрунтаваных тарыфах, людзі прыходзяць на пасяджэнне камісіі, а пасля ўладкоўваюцца на працу.

Зрэшты, сітуацыя кожнага чалавека, які трапіў у базу, камісіяй па садзейнічанні занятасці разглядаецца індывідуальна. Некаторыя пацвярджаюць сваю працу за мяжой і згодны плаціць за паслугі па поўнай, хтосьці легалізуе свой занятак у якасці фізічных асоб, не зарэгістраваных індывідуальнымі прадпрымальнікамі — ажыццяўляюць віды дзейнасці, па якіх прадугледжана выплата адзінага падатку (рэалізацыя хлебабулачных вырабаў, паслугі цырульніка і іншыя).

Сярод тых жа, хто ўсялякімі спосабамі ўхіляецца ад працы, Ірына Губарава назвала не толькі людзей, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, але і тых, хто можа сабе гэта дазволіць. Але ў такім выпадку, згадзіцеся, прэтэндаваць на тыя ці іншыя льготы, накшталт бясплатнай пуцёўкі ў летнік для дзіцяці — ужо нахабства.

Людміла РЫБІК.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *