У Навасёлках пасля рамонту адкрылася школа

Образование События

Урачыстае адкрыццё школы адбылося ў Навасёлках. Будынак 1975 года пасля капітальнага рамонту атрымаў новае жыццё, а ўстанова, у якой зараз навучаецца 143 дзіцяці, адзначыла другі дзень нараджэння. Сімвалічна, што важная для вучнёўскага і педагагічнага калектыву падзея адбылася ў Год гістарычная памяці і напярэдадні 9 Мая.

Адкрыла святочнае мерапрыемства выкананне гімну Рэспублікі Беларусь, дарэчы для такіх падзей стала і пабудаваная пляцоўка Дзяржаўнага сцяга.

Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця школы прынялі ўдзел старшыня Ашмянскага райвыканкама Уладзіслаў Гершгорын, яго намеснік Наталля Станкевіч, пракурор Ашмянскага раёна Сяргей Кавальчук, начальнік упраўлення адукацыі Святлана Баркоўская, дырэктар ААТ «Будаўнік» Дзмітрый Варно, дырэктар упраўлення капітальнага будаўніцтва Станіслаў Хілінскі, старшыня сельвыканкама Алена Травіцкая, кіраўнік эксперыментальнай базы «Баруны» Эдвард Люткоўскі, а таксама будаўнікі, лідары грамадскіх аб’яднанняў, жыхары аграгарадка.

Кожны з прысутных ганаровых гасцей прыклаў шмат намаганняў, каб установа адукацыі заззяла новымі фарбамі, стала сучаснай і ўтульнай. А да дня нараджэння яны падрыхтавалі адмысловыя падарункі, галоўным з якіх стаў камп’ютарны клас ад Ашмянскага райвыканкама.

Ганаровае права перарэзаць сімвалічную стужку і першымі пераступіць парог установы атрымалі старшыня райвыканкама Уладзіслаў Гершгорын, дырэктар школы Наталля Трот і дырэктар ААТ «Будаўнік» Дзмітрый Варно.

Падчас экскурсіі, якую правяла дырэктар школы, госці наведалі прыгожую спартыўную залу, кабінет тэхнічнай працы, у які за бюджэтныя сродкі закуплена 8 камбінаваных верстакоў і іншыя інструменты, сталовую, кабінеты інфарматыкі, мастацтва, біялогіі, фізікі, абсталяваныя згодна з сучаснымі патрабаваннямі да адукацыйнага працэсу.

Як адзначылі дзеці і настаўнікі, для іх Навасёлкаўская школа — не проста будынак, гэта свет, у якім яны жывуць: атрымліваюць веды і займаюцца доследамі, рыхтуюцца да конкурсаў і спаборніцтваў, святкуюць перамогі і шануюць памяць…

Вось і напярэдадні 9 Мая яны падрыхтавалі экспазіцыю школьнага музея, прысвечаную 77-годдзю Вялікай Перамогі. Вучні так пранікнёна расказвалі пра ашмянскае гета і зверствы фашыстаў, з такім болем у сэрцы чыталі ўспаміны колішніх вязняў, што з кожнай хвілінай расла ўпэўненасць: нашчадкі ведаюць гісторыю і захаваюць праўду пра вайну для будучых пакаленняў.

Працягнуў насычаную праграму ўрок памяці, падчас якога дзеці даведаліся пра тое, якая работа праводзіцца ў раёне па аднаўленні помнікаў і абеліскаў. На падрабязнасцях крымінальнай справы, якую праводзіць пракуратура па расследаванні фактаў генацыду беларускага народа, спыніўся пракурор Ашмянскага раёна Сяргей Кавальчук. Асабліва актыўна цікавіліся вучні месцам, якое Вялікая Айчынная вайна займае ў сэрцы старшыні райвыканкама.

Як адзначыў Уладзіслаў Гершгорын, вайна моцна закранула яго сям’ю, а таму гэта свята ён успрымае, як асабістае. Моладзі кіраўнік раёна пажадаў цікавіцца ўдзелам сваіх прадзедаў у трагічных падзеях і берагчы памяць пра сваіх продкаў.

У завяршэнне госці разам з вучнямі школы высадзілі алею памяці, якая абавязкова стане напамінам пра адкрыццё школы і сімвалам Пераможнага мая 1945-га.

Людміла РЫБІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *