У такім невялічкім горадзе, як нашы Ашмяны, амаль ні адна падзея не застаецца незаўважанай, тым больш такая добрая справа, як футбольная школа. Мяркую, чытачы нашай газеты памятаюць рэпартаж аб яе адкрыцці. Ужо тады, у першыя дні існавання школы, у ёй займалася больш за пяцьдзясят выхаванцаў. Цікава, а як справы ў аматараў футбола сёння? З гэтым і іншымі пытаннямі мы накіраваліся да трэнера і кіраўніка школы Аляксандра КУШНЕРА.
‑ Восенню мінулага года вы адкрылі ў Ашмянах прыватную школу футбола. Што цікавага адбылося за гэтыя шэсць месяцаў?
‑ Падзей было шмат. Асноўныя, на якіх варта засяродзіць увагу, – падпісанне пагаднення з ФК «Нёман» Гродна аб супрацоўніцтве, а таксама дамоўленасць з транспартна-лагістычнай кампаніяй «Фабеас» аб фінансавай падтрымцы футбольнай школы. Акрамя таго, сярод найбольш значных падзеяў жыцця футбольнай школы хацеў бы адзначыць блізкае знаёмства з выхаванцамі і іх бацькамі.
‑ Скажыце, калі ласка, колькі дзяцей зараз наведваюць трэніроўкі? Ці нехта з дзяцей сыйшоў з футбольнай школы, ці з’явіліся навабранцы?
‑ На дадзены момант у футбольнай школе займаецца 68 хлопцаў. Некаторыя з дзяцей пакінулі заняткі з прычыны пераходу ў іншы гурток альбо таму, што не бачаць сябе футбалістамі. У той жа момант ёсць і навабранцы ва ўсіх узроставых групах 2001/02, 2003/04, 2005/06 г.н.
‑ Ці магчыма бацькам запісаць дзіця ў футбольную школу зараз альбо ў бліжэйшым часе? Ці набор ужо закончаны?
‑ Набор ва ўсе ўзроставыя групы ідзе рэгулярна. Бацькі маюць магчымасць запісаць дзіця ў футбольную школу ў любы час. Вядома, гэта варта зрабіць як мага раней, каб хлопец паспеў адаптавацца сярод выхаванцаў, бо тыя ўжо паўгода займаюцца футболам. Але, як паказвае мая трэнерская практыка, сярод навабранцаў не ўзнікае праблемы адаптацыі ў камандзе, галоўнае, каб дзіця мела ахвоту да заняткаў і не было медыцынскіх супрацьпаказанняў па стане здароўя.
‑ Якім чынам адбываецца запіс у прыватную футбольную школу «Нёман» Ашмяны?
‑ Адзін з бацькоў прадстаўляе свой пашпарт, пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці і даведку з паліклінікі ад тэрапеўта, што дзіця здаровае і яму дазволена займацца футболам. Паміж футбольнай школай і адным з бацькоў падпісваецца дамова аб аказанні паслуг (па адным асобніку для кожнага з бакоў), а таксама адзін з бацькоў піша заяву ад свайго імя з просьбай прыняць яго дзіця ў футбольную школу.
‑ Як вядома, заняткі ў футбольнай школе платныя. Колькі на сёняшні дзень складае сума аплаты за трэніроўкі?
‑ Як і падчас адкрыцця, сума аплаты за заняткі складае 150 000 беларускіх рублёў у месяц (пры 3 гадзінах трэніровак у тыдзень), і павелічэння яе на дадзены момант не плануецца.
‑ На што расходуюцца грошы, атрыманыя ад бацькоў за аплату трэніровак?
‑ Грошы расходуюцца на аплату маёй працы як трэнера, аплату арэнды месца правядзення трэніровак і камунальных паслуг, набыццё спартыўнага інвентара. На вялікі жаль, мячы, атрыманыя ад БФФ пры адкрыцці школы, ужо непрыдатныя для заняткаў, таму было набыта 25 новых мячоў № 5, а таксама сеткі на футбольныя вароты. У перспектыве плануецца набыццё іншага футбольнага інвентару і элементаў экіпіроўкі.
‑ Разумею, што пасля адкрыцця школы прайшоў невялікі час. І ўсё ж такі, ці магчыма казаць пра пэўныя напрацоўкі, поспехі?
‑ Асноўны поспех – гэта захаванне і стымуляванне жадання хлопцаў займацца футболам і рэгулярна наведваць трэніроўкі. Безумоўна, прыемна бачыць прагрэс у авалоданні тэхнікай футболу амаль сярод усіх выхаванцаў. Для кожнай з узроставых груп ёсць свае асаблівасці падрыхтоўкі. Для 2001/02 г.н. на бліжэйшую будучыню застаюцца прыярытэтнымі развіццё фізічных якасцяў, пашырэнне арсеналу тэхнічных навыкаў, пачатковае авалоданне тактычнымі ведамі і іх плённае выкарыстанне ў індывідуальных, групавых і камандных узаемадзеяннях. У групе 2003/04 г.н. акцэнт будзе рабіцца на ўдасканаленне тэхнічнай падрыхтоўкі, развіццё фізічных якасцяў і падтрыманне жадання займацца футболам. У самых маленькіх аматараў футбола 2005/06 г.н. галоўнымі бачацца задачы стымулявання жадання займацца футболам, навучанне пачатковым элементам тэхнікі футбола, стварэнне станоўчага эмацыйнага фону пры занятках, бо для дзяцей гэтага ўзросту галоўнай застаецца сама гульня, праз якую яны пашыраюць свой аб’ём футбольных ведаў.
‑ Можа, вы ўжо і ў спаборніцтвах якіх удзельнічалі?
‑ Пакуль ні адна з узроставых груп не прымала ўдзелу ў спаборніцтвах. Але ў гэтым годзе плануецца ўдзел хлопцаў 2001/02 г.н. у спаборніцтвах на прызы «Скураны мяч» і «Каласок». Адносна гэтага дасягнуты папярэднія дамоўленасці з аддзелам фізічнай культуры, спорту і турызму Ашмянскага райвыканкама ў асобе яго кіраўніка Мікалая Афанасенкі. Для групы 2003/04 г.н. у гэтым годзе спаборніцтвы не плануем, але прадугледжаны ўдзел у таварыскіх гульнях з камандамі Астраўца і Смаргоні. Каманда 2005/06 г.н. удзелу ў спаборніцтвах прымаць не будзе.
‑ Ці плануюцца нейкія змены ў часе і месцы правядзення трэніровак у сувязі з выхадам на адкрытыя пляцоўкі?
‑ Так, змены плануюцца. Па-першае, у кожнай з узроставых групаў будзе праведзены падзел па годзе нараджэння. Гэта азначае, што дзеці розных гадоў нараджэння будуць займацца асобна. Гэта выклікана тым, што мне, як трэнеру, хочацца даць хлопцам магчымасць на больш высокім узроўні авалодаць тэхнікай і тактыкай футбола. Згадзіцеся, што ёсць розніца паміж правядзеннем трэніроўкі з 30-ю і 15-ю выхаванцамі. Чым меншая колькасць чалавек у адной групе, тым большая аддача заняткаў і тым большая магчымасць дыферэнцаванасці трэніроўкі. Па-другое, змены будуць датычыць і месца правядзення трэніровак. Зараз разглядаецца некалькі варыянтаў пляцовак для правядзення заняткаў. Пра новае месца заняткаў і расклад трэніровак магчыма будзе даведацца на бацькоўскім сходзе, які адбудзецца ў канцы красавіка, а таксама на сайце футбольнай школы.
‑ Аляксандр, раскажыце, а што самае складанае ў вашай справе: трэніроўкі ці нейкія адміністрацыйныя функцыі? Напэўна ж, даводзіцца сутыкацца з афармленнем папер, вырашэннем фінансавых пытанняў?
‑ Асноўная складанасць – недахоп часу. Бо ўвесь час прыходзіцца разрывацца паміж футболам і турызмам. Але дзякуючы маёй жонцы, якая дапамагае мне ў турызме, я магу больш часу выдаткоўваць на футбол. Што тычыцца фінансавых пытанняў і працы з паперамі, то стараюся не адкладваць іх на апошні момант, а вырашаць своечасова.
_ Ці маглі б вы больш падрабязна спыніцца на тых асобах і арганізацыях, якія аказваюць падтрымку футбольнай школе?
‑ ФК «Нёман» Гродна на дадзены момант аказвае нам інфармацыйную і метадычную дапамогу. Вельмі ўдзячны кіраўніку клуба Леаніду Дзмітраніцы, а таксама кіраўніку футбольнай школы Васілю Савічу. Кампанія «Фабеас» (тытульны спонсар футбольнай школы) у асобе яе кіраўніка Андрэя Паддубскага вельмі аператыўна адгукнулася на нашую прапанову аб супрацоўніцтве, і ўжо выдзеліла футбольнай школе больш як 15 мільёнаў беларускіх рублёў на аплату 27 камплектаў гульнявой формы для каманды 2001/02 г.н., а таксама 25 мячоў № 4.
Спяшаюся падзякаваць за дапамогу ў забеспячэнні школы футбольнымі варотамі, якія так неабходны для трэніровак, Ашмянскае ААТ «Аграпрамтэхніка» і Ашмянскае РУП ЖКГ у асобе іх кіраўнікоў Генрыха Бубена і Аляксандра Сушчэўскага.
Асобная падзяка кіраўніцтву Ашмянскага райвыканкама ў асобе Юрыя Адамчыка за ўсебаковае спрыянне ў развіцці футбола.
‑ Якія задачы вы паставілі перад сабой і юнымі футбалістамі?
‑ Задачы, якія я паставіў перад сабой як трэнер, ‑ гэта спрыяць развіццю футбола ў Ашмянах і раёне, падрыхтаваць з хлопцаў добрых футбалістаў, якія маглі б як у Беларусі, так і па за яе межамі праслаўляць сябе і родныя Ашмяны. Вядома, што прафесійнымі футбалістамі стануць не ўсе, але кожны з хлопцаў будзе мець такую магчымасць. Акрамя таго, хочацца, каб дзеці раслі здаровымі, усебакова развітымі і радавалі сябе і сваіх бацькоў поспехамі як на футбольным полі, так і па за яго межамі.
‑ Якімі вам бачацца перспектывы развіцця футбола ў Ашмянах і раёне?
‑ Я ацэньваю гэтыя перспектывы як вельмі паспяховыя. Па-першае, інфраструктура для заняткаў футболам. Як усім вядома, зараз актыўна будуецца фізкультурны комплекс, пры якім плануецца закладка футбольнага поля са штучным пакрыццём (у адпаведнасці з дамоўленасцямі паміж БФФ і Ашмянскім райвыканкамам), на якім займацца футболам будуць мець магчымасць усе жадаючыя. Гэты спартыўны комплекс і футбольнае поле прыцягнуць у Ашмяны беларускія футбольныя клубы, якія змогуць на базе ФАКа праводзіць трэніроўкі і гульні. Акрамя таго, супольны праект Ашмянскага райвыканкама і гміны Сувалкі, што ў Польшчы, па ўзвядзенні стадыёна ў Ашмянах ‑ таксама добры зрух. Па-другое, ужо працуе футбольная школа, на базе якой магчыма будзе стварыць футбольны клуб з удзелам мясцовых улад і аддзела ФКіС. Пакуль ідэя стварэння футбольнага клуба – толькі мара. Але як вядома, мары маюць звычай здзяйсняцца, асабліва калі дзеля іх здзяйснення гатовы працаваць многія. Акрамя таго, карыстаючыся момантам, прапаную ўсім неабыякавым да развіцця футбола ў Ашмянах і раёне асобам і арганізацыям далучацца да супрацоўніцтва дзеля спартыўнай будучыні нашых дзяцей. Гатовыя разглядаць усе прапановы.
‑ Ці маеце што параіць бацькам, дзеці якіх ужо ў вас трэніруюцца, і тым бацькам, якія толькі плануюць аддаць сваіх дзяцей у футбольную школу?
‑ Самае галоўнае, каб бацькі разумелі і прыслухоўваліся да меркавання сваіх дзяцей. Каб падтрымалі іх у памкненні да заняткаў футболам. Каб з паразуменнем ставіліся да іх футбольных поспехаў. Таксама звяртаю ўвагу бацькоў на тое, каб не спрабавалі прыспешваць дзяцей у авалоданні імі футбольнымі асновамі і каб не патрабавалі вынікаў зараз жа, бо гэта памылкова як з пункту гледжання фізіялогіі і псіхалогіі, так і з пункту гледжання выхавання ў цэлым. Я гатовы адказаць на ўсе пытанні бацькоў па тэлефоне +375 29 6665484, а таксама запрашаю бацькоў і іх дзяцей на старонку футбольнай школы ў інтэрнэце па адрасе http://www.turyst.by/ru/football.
Гутарыла Людміла КОЗЕЛ