Напярэдадні Дня яднання народаў Беларусі і Расіі ў аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН прайшоў літаратурна-гістарычны вечар “Дзве сястры: Беларусь і Расія”. Гасцей мерапрыемства ў нацыянальных строях дзвюх краін сустракалі супрацоўнікі аддзялення Ірына Манькоўская, Людміла Барабанава і Дзіяна Купрыянюк. Сімвалізуючы адзінства народаў, культур і краін, дзве сястры (Людміла Барабанава і Дзіяна Купрыянюк) адразу закружыліся ў танцы.
Агульная гісторыя, у якой перапляліся лёсы беларусаў і расіян, знайшла пісьмовае пацверджанне 2 красавіка 1997, калі быў падпісаны дагавор «Аб Саюзе Беларусі і Расіі». Разам з гераінямі сённяшняга вечара наведвальнікі аддзялення прагарталі старонкі кнігі, аўтарамі якой з’яўляюцца народы краін-суседак. Вядучыя расказалі аб супрацоўніцтве Беларусі і Расіі ў розных сферах дзейнасці, нагадалі аб тым, што народы дзвюх краін здаўна звязваюць моцныя сувязі славянскіх традыцый, агульнасць гісторыі, культуры і духоўнасці.
Пажылыя людзі прымалі ўдзел у віктарынах і конкурсах, расказвалі аб сімвалах дзвюх краін – сцягах, гербах і гімнах, называлі галоўныя вехі ў гісторыі сваёй краіны, успаміналі людзей, імёнамі якіх названы вуліцы, адгадвалі значэнні цікавых беларускіх слоў, выконвалі народныя песні двух народаў і кружыліся ў традыцыйных танцах.
Яскрава, мілагучна і эмацыйна гучалі вершы на рускай і беларускай мовах аб сяброўстве Расіі і Беларусі, аб мужнасці народаў і Вялікай Айчыннай вайне ў выкананні Марыі Тамашэвіч, Людвігі Гружэўскай, Людмілы Гайдаровіч, Ганны Грышан і Валянціны Барабанавай.
Завяршыўся літаратурна-гістарычны вечар аглядам творчай выставы “Дзве сястры: Беларусь і Расія” вучняў 4 “Б” класа СШ № 2. Хлопчыкі і дзяўчынкі на паперы праілюстравалі, як выглядаюць узаемаадносіны дзвюх краін. Менавіта сёлета, у Год гістарычай памяці гэта значная дата ў жыцці Саюзнай дзяржавы аб’ядноўвае не толькі тысячы жыхароў дзвюх краін, але і тых, хто сабраўся на мерапрыемстве.
Кацярына РУДЗІК.
Фота аўтара.