Гальшанцы і жыхары вёсак сельсавета змаглі не толькі выпісаць раённую газету, але і пагутарыць з карэспандэнтамі выдання, атрымаць падарункі.
— Прыемны сюрпрыз, — прызналася наша падпісчыца Тамара Цупенка, якая прыйшла ў гэты дзень на пошту, каб выпісаць газету. — З раёнкай я сябрую шмат гадоў, знаходжу тут шмат цікавай інфармацыі пра падзеі, якія адбываюцца ў раёне. Вось добрая нагода сёння выпісаць газету і дачцэ.
Тамара Аляксандраўна расказала, якія артыкулы любіць чытаць у раёнцы. Праўда, знаёмства з новым нумарам пачынаецца са старонкі віншаванняў, самыя прыгожыя жанчына нават захавала, але прызнаецца, што яшчэ не знайшлася нагода кагосьці павіншаваць асабіста праз газету.
Кожны, хто завітаў у гэты дзень у аддзяленне паштовай сувязі, змог паразмаўляць з карэспандэнтамі Інгай Гіз, Кацярынай Рудзік і Святланай Муцянскай, унесці свае прапановы, задаць пытанні і, самае галоўнае, — падпісацца на «Ашмянскі веснік». Дапамогу ў арганізацыі падпіскі на раённую газету супрацоўнікам рэдакцыі аказалі начальнік паштовага аддзялення Людміла Ждановіч і паштальён Таццяна Спірыда.
Нягледзячы на працоўны дзень, ахвотных было шмат, праўда, некаторыя нашыя чытачы ўжо выпісалі “АВ” некалькі дзён таму і заходзілі ў аддзяленне па сваіх справах. Трэба адзначыць, што ў раёнкі з’явіліся і новыя чытачы, сярод іх — жыхарка аграгарадка Галіна Амбражэвіч.
Нехта выпісваў любімую газету для сябе, а некаторыя — яшчэ і для знаёмых. Марыя Янкоўская з Карабоў у гэты дзень выпісвала раёнку для сваёй сям’і. Але часцей сацыяльнага работніка просяць аформіць падпіску на “Ашмянскі веснік” яе састарэлыя падапечныя.
— Раённая газета – гэта заўсёды актуальная інфармацыя, матэрыялы аб земляках, знаёмых і суседзях, парады і кансультацыі, а яшчэ магчымасць павіншаваць родных і блізкіх са святамі, размясціць сваю аб’яву, — расказвае жанчына. – Падпіска на “Ашмянскі веснік” стала ўжо традыцыяй.
Заўсёды выпісваюць раёнку і ў сям’і Ірыны Гардзей, якая забегла на некалькі хвілін на пошту, каб выпісаць газету на ўвесь квартал. Менавіта дзеля такіх адданых чытачоў калектыў рэдакцыі і працуе, стараецца знаходзіць цікавыя навіны, друкаваць актуальную інфармацыю і змяшчае публікацыі пра жыццё людзей і іх працу. Карэспандэнты таксама, як і іх чытачы, “адкрываюць” герояў рэпартажаў і інтэрв’ю з новага боку, а з іншымі знаёмяцца ўпершыню.
Пасля прыемнай сустрэчы з чытачамі заўважаем, што адныя аддаюць перавагу навінам, другія — аб’явам і віншаванням, трэція — трымаюць пад рукой праграму тэлеперадач і старонку “Сакваяж”. Кожны знаходзіць тут публікацыі па сваім гусце. Прыемна, што раёнка становіцца добрай традыцыяй для сотняў сямей Ашмяншчыны. Няхай у вашай паштовай скрыні заўсёды знойдзецца месца для нашай агульнай раёнкі. Да сустрэчы ў аўторак і пятніцу на старонках газеты «Ашмянскі веснік», паважаныя чытачы!
Кацярына РУДЗІК.
Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.