Ашмянец сабраў калекцыю аудыётэхнікі розных гадоў

Общество

 

Час ад часу жыццё дорыць нам незабыўныя сустрэчы. Яны, як іскрынкі, доўгі час саграваюць успаміны. І нават калі ў навакольным свеце пануюць сквапнасць і жорсткасць, яны — як адхланне ад бяздушша. Такое ўражанне ствараюць людзі, улюбёныя ў сваю справу, адданыя захапленню. Сваім галоўным багаццем — імпэтам, станоўчымі эмоцыямі, сонечнасцю — яны шчодра дзеляцца з усімі, хто зазірнуў на іх агеньчык.

На гэты раз ён быў «музычны». А падарыў гэту асалоду ад сустрэчы Валерый Францавіч Пячкоўскі. Многія гараджане і нават вяскоўцы памятаюць яго як удзельніка вакальна-інструментальнага ансамбля «Банны ліст», які з сярэдзіны васьмідзясятых да пачатку нулявых грымеў на ўвесь раён. А сёння карэспандэнту «Ашмянскага весніка» пашчасціла пазнаёміцца яшчэ з адной іпастассю колішняга артыста.

Валерый Францавіч — незвычайны калекцыянер, стваральнік лабараторыі, у якой дзесьці каля 120 экспанатаў. У пераважнай большасці гэта радыёпрыёмнікі розных гадоў, магнітафоны, электрафоны і іншая аўдыётэхніка. Зараз своеасаблівая музычная студыя размяшчаецца ў сценах гімназіі, а Валерый час ад часу праводзіць тут заняткі для дзяцей, якія знаёмяцца з акустыкай.

Аб тым, з чаго пачалося захапленне, хто дапамог ва ўвасабленні ў жыццё ідэі студыі, а таксама аб марах мы пагутарылі з уладальнікам калекцыі.

З мансарды — у музей

— Валерый Францавіч, у Вас з дзяцінства была цяга да музыкі, пасля Вы ігралі на клавішных у «Банным лісце». А калі з’явілася жаданне стварыць такі незвычайны «музей»?

— Усё пачалося з таго, што дзесьці ў канцы нулявых Уладзімір Аляксандравіч Бізюк, дырэктар Ашмянскай школы-інтэрната, задумаў стварыць тэхнічны музей і пачаў увасабляць сваю задумку ў жыццё. Меркавалася сабраць артэфакты ледзь не ўсіх тэхнічных абласцей і накірункаў: энергетыкі, электронікі, вылічальнай тэхнікі, механікі, оптыкі, акустыкі, воднага, паветранага, наземнага транспарту… Зразумела, што для такога аб’ёму патрабавалася вялікая колькасць экспанатаў і інфармацыі. Усё, канешне, збіралася, камплектавалася, афармлялася. Вызначылі памяшканне, змайстравалі стэлажы, але для паўнацэннай дэманстрацыі не хапала матэрыялаў.

Паралельная лінія гэтага сюжэту пачала развівацца ў пачатку 70-х, калі я не змог раўнадушна праходзіць міма розных электронных прыстасаванняў. Крыху пазней я пасябраваў з паяльнікам і сам пачаў майстраваць прасцейшыя радыёпрыёмнікі, розныя «міргалкі», «пішчалкі», блокі сілкавання. Рамантаваць не любіў, аднак было непрыемна ўсведамляць, што тэхніка, якая некалі дарыла радасць, з часам выходзіла з моды, губляла актуальнасць, атрымлівала статус састарэлай і непатрэбнай. Яна адпраўлялася ва ўтыль або, у лепшым выпадку, у гараж ці на гарышча. А вось калі я стаў сапраўды дарослым і разумным (усміхаецца), калі ў мяне з’явіўся дом, а ў ім — мансарда, то туды перабраліся старыя радыёлы, прыёмнікі, магнітафоны — уласныя, маіх родных, сяброў, знаёмых. Так сам сабой атрымаўся хатні міні-музей.  Пляменнікі неяк жартам назвалі яго «Прывітанне, 60-я!».

З гэтага моманту сюжэтныя лініі пачалі сыходзіцца. З Уладзімірам Аляксандравічам Бізюком нам даводзілася сустракацца па некаторых вытворчых пытаннях. І вось аднойчы ён паказаў свой будучы музей, а я ў сваю чаргу прапанаваў аб’яднаць нашы намаганні на ўзаемакарысных умовах.

— Атрымалі прыбытак з гэтай справы?

— Ну які можа быць прыбытак ад некамерцыйнага праекта?! Проста мне гэта тэма была вельмі цікавай, ды і школьны музей атрымаў новыя экспанаты. Праект быў рэалізаваны. З цягам часу музей, зразумела, развіваўся: з’яўляліся новыя накірункі і экспанаты. Аднак у 2019 годзе школа-інтэрнат была скасавана, і да архітэктурнага комплексу на ўсходзе Ашмян вярнулася гістарычная ганаровая назва «гімназія».

Паўстала пытанне: як быць з музеем? Забраць усё дамоў, шукаць іншае месца, прапанаваць краязнаўчаму музею або ўвогуле прадаць? Тым больш, што калегі па БелАЭС з Валгадонска прапаноўвалі прывабную суму. Аднак Вольга Уладзіміраўна Саванец, дырэктар гімназіі, вырашыла пытанне радыкальна: музей павінен застацца на былым месцы! Як бачыце, застаўся і функцыянуе.

Вектар — гукавы

— У вашым музеі — экспанаты розных гадоў. Раскажыце пра іх падрабязней? І ўвогуле, якая канцэпцыя выставы?

— Мне пашчасціла пабываць у шэрагу музеяў. Яны ўсе розныя і па форме, і па змесце: з аднаго выходзіш з пачуццём страчанага часу, а з другога — з глыбокім эстэтычным задавальненнем. Але мне заўсёды больш за ўсё падабаўся ў іх інтэрактыўны складнік, дзе экспанат можна пакратаць (панюхаць, памераць, уключыць, паслухаць і г.д.)! Менавіта гэта асаблівасць адрознівае наш музей ці, правільней яго назваць, музей-студыю. А што?  Гучыць! Музей-студыя «Рэтра-гук». Тым больш што вектар абраны гукавы. На сённяшні дзень тут прадстаўлена бытавая гукавая тэхніка мінулых гадоў (у асноўным савецкая), якую можна ўключыць і паслухаць — ад грамафона і патэфона да кампакт-дыскавага і міні-дыскавага прайгравальніка. Большасць апаратаў — у рабочым стане. Паслухайце самі!

Здаецца, гэта цуд! Пад кіраўніцтвам маэстра Пячкоўскага старыя радыёпрыёмнікі загаварылі голасам Левітана, Федасеева, Кузняцовай, прайгралі пазыўныя Усесаюзнага радыё, «Маяка», «Радыё «Юнасць», перадачы «Палявая пошта»… Тут на магнітафонных стужках спяваюць свае раннія песні Высоцкі, Лешчанка і Пугачова. Без выкарыстання электрычнасці можна пачуць Раберціна Ларэці і паланэз Агінскага. З электрафонаў блішчаць «Самацветы», дораць бадзёры настрой «Веселые ребята», заварожваюць Queen і Beatles. Ну і, канешне, «дыска» на міні-дыску. Праз шчылінку можна зазірнуць у сярэдзіну апаратаў, а калі пашанцуе, то і ўбачыць, як нараджаецца электронная музыка.

Сярод дзясяткаў экзэмпляраў, сярод якіх ВЭФ-202 (яго Валерый жартам называе — па прэстыжнасці — тагачасным аналагам «Айфона 13»), «Балціка», «Спідола», Sirena, «Мінск» і іншыя, зрок выхапіў «Камету-206». Менавіта гэты катушачны магнітафон выкарыстоўвалі паўстагоддзя таму калегі-журналісты ў якасці дыктафона.

— Наколькі я разумею, экспазіцыя складаецца з некалькіх частак?

— Сапраўды, экспазіцыя падзелена на некалькі лінеек і размяшчаецца ў храналагічным парадку: радыёпрыёмнікі і радыёлы, прайгравальнікі (электрафоны), магнітафоны, носьбіты інфармацыі (грампласцінкі, бабіны, касеты, дыскі), мікрафоны.

Самае цікавае, што сярод усёй гэтай апаратуры ёсць рэдкія экзэмпляры, аднак няма нічога суперунікальнага і эксклюзіўнага. Ідэя насамрэч была ў тым, каб сабраць менавіта папулярнае і тое, чым масава карысталіся нашы землякі. Калі наведвальнік убачыць знаёмыя абрысы («О, у бабулі такая радыёла стаяла!»), то ў яго ёсць магчымасць рукамі дакрануцца да гісторыі. Ды па вялікім рахунку кожны з прадстаўленых экспанатаў калісьці радаваў сваіх гаспадароў. У кожнага — свая індывідуальная і непаўторная гісторыя.

— У Вас ёсць любімыя апараты, тыя, з якіх найчасцей слухаеце музыку?

— Музыку я слухаю, як і многія, у якасці фону для іншых спраў. Праўда, люблю прыгожую, якасную музыку, каб прысутнічалі ўсе частоты. Дома стаіць камп’ютар, а таксама дыскавы прайгравальнік. Што тычыцца калекцыі, то тут змяшчаецца толькі малюткая часцінка таго шырачэннага спектра радыёэлектронных прыстасаванняў, якія выпускаліся савецкай прамысловасцю. Зірніце на радыёлы «Мінск Р-7» і «Беларусь-58» пасляваеннага выпуску Мінскага радыёзавода — дыхтоўна, прыгожа, якасна! Такая пакупка тады сапраўды была падзеяй для ўсёй сям’i! Яна ставілася на самым бачным месцы — на этажэрцы або тумбачцы — і зверху накрывалася вязанай сурвэткай. А «радыёкропка» — самае масавае радыё, якое нават электрасілкавання не патрабавала, — вісела на кожнай кухні. З цягам часу мяняўся дызайн апаратуры: памяншаліся памеры, лямпы замяняліся транзістарамі і мікрасхемамі, драўляныя корпусы — пластыкавымі. Новая па тым часе схематэхніка дазваляла атрымліваць больш якаснае гучанне. Усё гэта можна ўбачыць і пачуць у гэтай зале!

Дзверы для турыстаў адчынены

— У такога апантанага чалавека, напэўна, ёсць амбіцыёзныя планы. Не падзеліцеся?

— «Калі хочаш рассмяшыць Бога, раскажы яму пра свае планы», — раіў Вудзі Ален. А вось пра тое, чаго хочацца, — калі ласка. Хочацца і надалей развіваць канцэпцыю гуку, прысвяціць гэтай тэме асобныя стэнды, каб з дапамогай рэальных (не віртуальных) сродкаў паказаць, як гук з’яўляецца, мяняецца, распаўсюджваецца, пераўтвараецца ў электрычны сігнал, потым — у лічбавы і назад.

Таксама хочацца стварыць лінейку рэтра-музычных інструментаў (дарэчы, невялікая калекцыя клавішных савецкага перыяду ў мяне ўжо ёсць). Лічу, што было б цудоўна запрасіць музыкантаў для невялікага канцэрта на рэтра-інструментах.

Хочацца дабавіць у музей відэатэхніку — ад фільмаскопа і кінаапарата да галаграмы.

А яшчэ хочацца запэўніць, што ў музеі заўсёды знойдзецца месца для музычнага апарата, які пакуль што збірае пыл у некага на гарышчы.

— У адносінах да студыі ў Вас ёсць запаветная мара?

— Хочацца, каб яна карысталася попытам у наведвальнікаў. І калі турыст запытае ў любога ашмянца: «Дзе ў вас музей?», то атрымае ў адказ: «Які музей? Гэта той, што ў гімназіі?».

Гутарыла Людміла РЫБІК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *