Акцыя “Музычная паштоўка для любімых” адбылася ў доме сумеснага самастойнага пражывання

Культура

 

Усяго некалькі дзён таму горад быў напоўнены водарам мімозы і цюльпанаў, яскравымі ўсмешкамі і цеплынёй, віншаваннямі  з самым доўгачаканым вясновым днём  8 Сакавіка. Але яшчэ адна музычная паштоўка знайшла сваіх адрасатаў толькі пасля свята. Акцыя пад назвай “Музычная паштоўка для любімых” адбылася ў доме сумеснага самастойнага пражывання ТЦСАН Ашмянскага раёна.

Традыцыйна жыхаркі ўтульнай кватэры па вуліцы Якуба Коласа — Камелія Уладзіславаўна Кузняцова, Ірэна Эдвардаўна Воўчак, Марыя Генрыхаўна Жаўняк і Гелена Іванаўна Емельяновіч — прымалі шчырыя віншаванні са святам ад супрацоўнікаў аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Ірыны Манькоўскай і Людмілы Барабанавай. Пад акампанемент баяна Алены Каткоўскай, загадчыцы аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў, звонкім рэхам разліваліся мілагучныя галасы пажылых валанцёраў Ганны Грышан, Тамары Карповіч і Галіны Казакевіч.

Адзінокія людзі, якім кожны дзень так не хапае ўвагі і клопату, атрымалі іх ад работнікаў ТЦСАН. Няхай гэта толькі маленькая сустрэча з чароўным, але пажылым жанчынам яна запомніцца назаўсёды, як і людзям, якія яе арганізавалі.

Кацярына РУДЗІК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *