Цішыню марознага сонечнага дня ў Будзёнаўцы парушыў вясёлы гук баяна. Звонкія галасы Дзеда Мароза і Снягуркі (Валянціны і Эдварда Горыдаў) разліваліся па ўсёй Кастрычніцкай вуліцы. Пачуўшы гучныя песні і шум на двары, з дому сустракаць гасцей выйшаў юбіляр Васіль Кірылавіч Жаўняк.
У гэты дзень мужчына пачуў шмат цёплых слоў і пажаданняў ад сваіх родных і блізкіх. Не абышлі дом руплівых гаспадароў і аднавяскоўцы, якія любяць і паважаюць сваіх суседзяў. З самай раніцы “прыляцелі” віншаванні з Мінску і Адэсы ад сыноў Дзмітрыя, Андрэя і іх сем’яў.
— Вы пражылі доўгае жыццё, ваша дзяцінства апаліла вайна і закранула пасляваенная разруха, — звярнуўся да юбіляра старшыня райсавета ветэранаў Уладзімір Бельчанка. — Але дзе б вы не жылі, дзе б не працавалі, вы заўсёды ставіліся да справы сумленна і адказна, карысталіся аўтарытэтам. Мы вельмі рады, што слаўная сям’я Жаўняк больш за пяцьдзясят гадоў жыве на ашмянскай зямлі.
Да віншаванняў далучыліся старшыня сельскага Савета Лілія Янушкевіч, бібліятэкар Сняжана Мордас і дырэктар ААТ “Аграпрамтэхніка” Аляксандр Катовіч. Яны павіншавалі Васіля Кірылавіча, уручылі падарункі і кветкі. Цудоўным сувенірам для юбіляра стала кніга-паштоўка з вершаванымі радкамі. Разам з Ліліяй Янушкевіч яны перагарнулі 80-ю старонку ў летапісе жыцця, якое, дзякуючы клопату і падтрымцы неабыякавых людзей, любові блізкіх і сваякоў, напаўнена шчасцем. Госці ад чыстага сэрца жадалі мужчыну пражыць да ста год.
У дзень слаўнага юбілею Васіль Жаўняк усё часцей азіраецца на мінулыя гады, якія адлюстроўваюць важныя і добрыя моманты жыцця. Лёс Васіля Кірылавіча склаўся са шматлікіх падзей і клопатаў, кахання, мараў і расчараванняў, дома і сям’і, паўсядзённай працы… Праўду кажуць, толькі праз дзесяцігоддзі чалавек можа ацаніць і падсумаваць свае жыццёвыя здабыткі. Нялёгка даводзілася часам мужчыне і яго сям’і — нават праз столькі гадоў перад вачыма паўстаюць цяжкія ўспаміны аб вайне і пасляваеннай разрусе.
Летам 1943 года ў адным з эшалонаў сям’ю з шасці чалавек – маці і пяці дзетак – разам з дзясяткамі беларусаў, адправілі ў Германію на прымусовыя работы. Хлопчыку Васілю тады споўніўся год. Маці Надзея Пятроўна і старэйшыя дзеці Ніна і Мікалай у нямецкай сям’і працавалі па гаспадарцы, а малодшыя Віктар, Уладзімір і Васіль былі вызвалены ад спраў. Калі тэрыторыю Германіі занялі амерыканскія войскі, усіх беларусаў, у тым ліку і сям’ю Жаўняк, адправілі на Радзіму. Хлопчык зусім не памятаў бацьку Кірыла Дзмітрыевіча, які загінуў у першы год вайны, а па дарозе дадому захварэла і памярла матуля. Так разам з братамі і сястрой яны загадзя сталі дарослымі.
Пасля вайны падзеі змяніліся за падзеяй – жыццё ў дзіцячым доме, вучоба ў аўтатранспартным тэхнікуме, служба ў арміі, паступленне ў Беларускі політэхнічны інстытут і размеркаванне на Ашмяншчыну. На трэцім курсе інстытута, на вяселлі свайго сябра-аднакурсніка, Васіль Кірылавіч пазнаёміўся з будучай жонкай Ганнай Ільінічнай.
Разам з каханай дзяўчынай пачалі віць сваё сямейнае гняздо. З таго часу яны жылі душа ў душу пяцьдзясят пяць гадоў, перажываючы ўсе нязгоды і праблемы, якія сталі агульнымі. Зусім не верыцца, што столькі гадоў прайшло з той шчаслівай пары, калі яны звязалі свае жыцці. Гэта можна заўважыць хіба па невялікай колькасці маршчынак на твары, па шчырых і лагодных усмешках, а яшчэ па бязмежнаму шчасцю, якое адлюстравана ў вачах гэтых людзей.
Сёння яны з нецярпеннем чакаюць, калі ў госці завітаюць дзеці і ўнукі, каб адзначыць чарговы дзень нараджэння. Менавіта ўся сям’я збярэцца разам, калі з плавання вернецца сын Андрэй – капітан далёкага плавання. Не пакінуць без увагі любімых дзядулю і бабулю ўнукі Маша, Алёша, Улад і Кірыл. Дарэчы, гэты год для сям’і Жаўняк багаты на юбілеі – 80-ты дзень нараджэння адзначыў Васіль Кірылавіч, у сакавіку наступіць 55-я гадавіна сумеснага жыцця з жонкай Ганнай Ільінічнай, а неўзабе – 50 і 55 –годдзе сыноў Дзмітрыя і Андрэя.
Развітваючыся з добразычлівымі і шчырымі гаспадарамі дома на Кастрычніцкай вуліцы, разумееш, як Васіль Жаўняк, які прайшоў праз розныя выпрабаванні, змог захаваць прыгажосць і прастату душы. А як жа інакш!? Змагацца з дрэнным яму дапамагаў не толькі моцны характар і сіла волі, але і бесперапынная падтрымка блізкіх людзей.
Кацярына РУДЗІК.
Фота аўтара.