“Нашы дзеці” крочаць па Ашмяншчыне

Культура

 

У гэтыя чароўныя дні ўсё здаецца незвычайным: мароз піша на вокнах маляўнічыя ўзоры, дрэвы стаяць у інеі, белая корка снегу рыпіць пад ботамі і рассыпаецца пад жалезнай апорай дзіцячых санак. Звонкі смех і ўзаемныя пажаданні дарослых гучаць паўсюдна.

У перадсвяточныя дні важна дзяліцца дабрынёй і спагадай з тымі, хто мае ў гэтым патрэбу. Агульная задача дарослых – акружыць дзетак цеплынёй і ўвагай, падарыць ім радасць зімовых свят. Дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” аб’яднала дзясяткі неабыякавых ашмянцаў, якія сталі добрымі чараўнікамі для маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак з горада, вёсак і аграгарадкоў. Штогод напярэдадні Новага года ўдзел у акцыі прымае раённая арганізацыя ГА “Беларускае таварыства інвалідаў”.

Сёлета святочны маршрут кіраўніка праўлення арганізацыі Людмілы Барабанавай і Снягуркі — псіхолага ТЦСАН Ашмянскага раёна Алесі Карповіч — пралёг праз вуліцы горада і Кракоўку, дзе ў кожным доме іх сустракалі дзеці і бацькі. Трынаццаць хлопчыкаў і дзяўчынак з групай інваліднасці ва ўзросце ад аднаго да трыццаці гадоў атрымалі салодкія падарункі і мяккія цацкі. Дзецям, якія зараз праходзяць рэабілітацыю, Снягурка ўручыць падарункі пазней.

У кожным доме і кватэры разліваўся дзіцячы смех, гучалі вершы і нават кружыліся карагоды каля ёлкі. Некаторыя хлопчыкі і дзяўчынкі саромеліся і не адыходзілі ад матулі, а адзін хлопчык, які ніколі не ішоў да незнаёмых людзей, сам схапіў Снягурку за руку і павёў да святочна ўбранай ёлкі. У такія моманты сапраўды пачынаеш верыць у цуды і ў тое, што побач жывуць неабыякавыя людзі.

Кацярына РУДЗІК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *