Пад канец года прынята падводзіць вынікі, аналізаваць, рабіць высновы і з новым запалам рухацца наперад.
Вучань 3 класа Гальшанскай дзіцячай школы мастацтваў Цімафей Шыдлоўскі лічыць, што адыходзячы год быў насычаным і цікавым. Ён прынёс шмат запамінальных сустрэч, падарыў новыя веды і пазітыўныя эмоцыі. А яшчэ ён даў магчымасць удзельнічаць у творчых конкурсах і расці як у асваенні музычнага інструмента – скрыпкі, так і ў размоўным жанры.
Калі пачаць пералічваць перамогі Цімафея ў конкурсах, то не хопіць газетнай старонкі. Толькі ў гэтым месяцы іх было некалькі. Апошні — абласны конкурс дзіцячай творчасці “Палітра талентаў”, аб’яўлены Гродзенскім абласным камітэтам Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму.
Траццякласнік стаў пераможцам конкурсу ў намінацыі “Арыгінальнае мастацтва”. Апавяданне “Калі б я быў дарослым” канкурсант выканаў бездакорна, за што і атрымаў дыплом першай ступені, а таксама падарунак і грашовае заахвочванне ад прафсаюза.
Рада поспехам унука Іна Мікалаеўна Гайдукевіч, настаўніца Гальшанскай дзіцячай школы мастацтваў, якая шчыра дзеліцца са сваім таленавітым вучнем сакрэтамі аратарскага майстэрства і разам з ім і сама дабіваецца ў гэтым жанры значных поспехаў – становіцца пераможцам конкурсаў сярод дарослых.
Аліна БЕЛІЦКАЯ.
На здымку: чарговая перамога Цімафея Шыдлоўскага.