З 5 красавіка ў бібліятэчных установах раёна стартавала ваенна-патрыятычная акцыя “Прыслухайся да голасу памяці”, прымеркаваная да 65-годдзя Вялікай Перамогі. Асноўная мэта гэтага мерапрыемства — прапаганда літаратуры аб Вялікай Айчыннай вайне і збор і захаванне для будучых пакаленняў успамінаў рэальных удзельнікаў ваенных падзей. Ветэраны і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, вязні фашысцкіх канцлагераў, дзеці ваеннай пары – ніхто не застанецца па-за ўвагай бібліятэчных работнікаў і чытачоў. Сабраныя матэрыялы, а таксама пісьмовыя наказы удзельнікаў вайны маладому пакаленню будуць занатаваны ў спецыяльны альбом “Да маладога пакалення звяртаемся…”, які будзе захоўвацца ў раённай цэнтральнай бібліятэцы. У рамках патрыятычнай акцыі ў кожнай бібліятэцы пройдзе эстафета кнігі аб вайне. Чытачы самі змогуць выбраць найбольш цікавую і змястоўную кнігу ваеннай тэматыкі і разам з бібліятэкарамі стаць яе прапагандыстамі сярод наведвальнікаў бібліятэчнай установы. Завершыць акцыю раённая чытацкая канферэнцыя “Салют табе, Вялікая Перамога!”, на якой бібліятэкары падвядуць вынікі сваёй работы. У канферэнцыі прымуць удзел як удзельнікі ваенна-патрыятычнай акцыі, так і яе героі.
Яшчэ адно мерапрыемства, прысвечанае юбілею Перамогі, праходзіць зараз ва ўстановах культуры раёна. У рамках грамадска-культурнай акцыі “Беларусь – гэта мы” і раённага агляду-конкурсу “Зямля бацькоў — мая зямля” калектывы мастацкай самадзейнасці пакажуць сваю творчасць жыхарам Ашмяншчыны. Падчас правядзення канцэртаў у Дамах культуры будуць арганізаваны выставы работ народных майстроў і гурткоў дэкаратыўна-крыкладной творчасці.
Аліна Беліцкая.