Шмат народнасцей і нацыянальнасцей пражывае ў Беларусі, і ніхто з іх не адчувае сябе чужынцам на гэтай зямлі, бо, як спяваецца ў нашым гімне, “мы – мірныя людзі”. Ашмяншчына не выключэнне: спрадвеку тут побач жывуць украінцы і палякі, літоўцы і рускія, цыганы і татары, якія стагоддзямі захоўваюць свае традыцыі, мову і культуру.
Пра тое, ці складана захоўваць сваю тоеснасць, расказаў нам старшыня Рады імамаў мусульманскай рэлігійнай супольнасці Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Радкевіч.
— Дзмітрый, давайце пачнём з самага пачатку: дзе вы нарадзіліся, вучыліся, жылі і працавалі?
— Я сам мясцовы — нарадзіўся тут, у Ашмянах. Тут жа гадаваўся, вучыўся ў сярэдняй школе № 3. Вышэйшую адукацыю атрымліваў у педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. Пасля магістратуры паступіў у Маскоўскі ісламскі інстытут на завочнае аддзяленне. Адначасова працаваў тут, на радзіме: у дзіцячым садку № 3, Кальчунскай сярэдняй школе, потым у рэдакцыі “раёнкі”.
— Ці здараліся ў жыцці моманты, калі вы адчувалі сябе непадобным да навакольных, скажам так, “небеларусам”?
— Прызнацца шчыра, такіх момантаў нешта не прыпамінаецца. Ні ў садку, ні ў школе, ні ва ўніверсітэце я не адчуваў сябе “белай варонай”. Увогуле ў дзяцінстве неяк не задаешся пытаннем «хто я?». Яно прыходзіць пазней, калі сталееш. А ў дзяцінстве ўсё проста: ты гуляеш з іншымі дзецьмі, размаўляеш з імі, гарэзнічаеш.
Варта памятаць, што да пачатку 90-х гадоў такія паняцці, як рэлігія, нацыянальная культура не віталіся – афіцыйна мы ўсе былі аднолькавымі савецкімі грамадзянамі-атэістамі. Вядома, у многіх сем’ях употай людзі хрысціліся, вучылі малітвы, браліся шлюбам. Гэта потым, калі адраджэнне самасвядомасці стала набіраць абароты, стала не сорамна і бяспечна гаварыць “я – хрысціянін”, “я – іудзей” ці “я – мусульманін”.
Прыкладна гэтак жа было і ў маёй сям’і: бацькі з маленства прывівалі нам некаторыя сямейныя традыцыі, расказвалі, кім былі нашы продкі і адкуль яны сюды прыйшлі, вучылі шанаваць культуру маіх дзядоў і любіць той край, у якім мы жывём больш за шэсць стагоддзяў.
Проста ў 90-х гэта ўсё стала адкрытым: падчас культурнага і рэлігійнага адраджэння тых гадоў я шмат чаго даведаўся, багата з кім пазнаёміўся, пабываў у розных мясцінах нашай краіны. Навучанне ў пачатковай школе, прынамсі, было пераважна беларускамоўным, настаўнікі ставіліся да гэтага з павагай і вучылі гэтаму нас. Магчыма, менавіта тады я зразумеў, што гэту гісторыю і гэтыя традыцыі належыць захоўваць і перадаваць наступным пакаленням. Будзе найвялікшай няўдзячнасцю згубіць тое, што клапатліва бераглі нашы папярэднікі.
Для стасункаў з мусульманамі іншых краін, зразумела, трэба валодаць іншымі мовамі. Так падчас вучобы ў Маскве мне давялося вывучыць арабскую мову. Англійскую я яшчэ са школы ведаю на “добра”, а падчас павышэння кваліфікацыі ў Рэспубліцы Турцыя крыху вывучыў і турэцкую, якая з’яўляецца ключом да ўсіх цюркскіх моў. Аднак роднай мовай для мяне, як і для многіх беларускіх татараў, была і застаецца беларуская.
— Прабачце, але пасля такога прызнання я падумаў, што нават прозвішча Радкевіч у вас не вельмі татарскае.
— Я пра гэта і гавару (смяецца). Вось вам яшчэ некалькі ашмяна-татарскіх прозвішчаў: Якубоўскі, Радлінскі, Радэцкі, Крыніцкі, Шабановіч, Хасяневіч, Александровіч, Мухарскі, Палтаржыцкі, Абрамовіч, Багдановіч, Ільясевіч, Шчансновіч…
Дарэчы, мала хто задумваецца, што ў беларускай мове шмат слоў з цюркскай мовы, якія сюды прынеслі менавіта татары: атлас, халат, барсук, качка, бусел, гарбуз, барабан, базар, тавар… Аб чым гэта гаворыць? Я лічу, аб тым, што ў нашых народаў здаўна адзіны шлях, адна зямля, адна мова, адна гісторыя і адзіная будучыня.
— Ці складана быць мусульманінам у Беларусі?
— Не складаней, чым быць католікам ці праваслаўным (смяецца).
Абшчына ў нас, хоць і невялікая, аднак вельмі дружная. Вядома, па першым часе пасля перабудовы мусульманам Ашмян не хапала месца, дзе яны маглі б разам маліцца ці адзначаць значныя мусульманскія святы. Але дзякуючы неабыякавым людзям і нашым актывістам на чале са старшынёй суполкі мусульман горада Ашмяны Фацімой Якубоўскай у 2007 годзе ў нас адчыніўся малітоўны дом – вызначальны момант для ўсіх татараў нашага рэгіёна.
Хачу яшчэ прыгадаць такога Чалавека з вялікай літары, як Браніслаў Шагідзевіч – сапраўдны лакаматыў, генератар і духоўны арыенцір. Да свайго апошняга дня ён быў для многіх татараў Ашмян чалавекам, за якім хочацца ісці, які ведае, што трэба рабіць, каб не страціць сваёй тоеснасці.
Зразумела, ёсць пэўныя моманты, нюансы, паслабленні. Напрыклад, у хрысціян ёсць Вялікдзень: дзеці збіраюцца ў групы, ходзяць па дамах, атрымліваюць за свае спевы і вершы яйкі ды цукеркі з кулічамі. А як растлумачыць маленькаму мусульманіну, што яму нельга гэтага рабіць? Вось нашы татары і знайшлі выйсце: за два дні да Вялікадня на досвітку ў нас праходзіць свой “Вялікдзень”. Татарскія дзеці ходзяць па хатах іншых татараў і робяць усё тое ж самае, хіба што без кулічоў. Такое вось дзіцячае свята для самых маленькіх. Тады хутчэй дарослыя цікавяцца, што за дзеці завіталі, пытаюцца «чый ты?»– і такім чынам наша невялікая супольнасць знаёміцца, збліжаецца і робіцца больш згуртаванай.
У астатнім жа беларускія татары не больш паблажлівыя, чым мусульмане іншых краін. Зразумела, што ў залежнасці ад рэгіёну і краіны ў мусульман будуць свае пэўныя адрозненні, бо колькі людзей – столькі і поглядаў на адну і тую ж рэч. Магчыма, мусульмане Беларусі нават больш строга трымаюцца сваёй веры, чым тыя ж мусульмане краін Афрыкі ці Азіі, аднак базавыя тэзісы ў нас аднолькавыя. Беларускія татары лічаць, што ў пост нельга глядзець тэлевізар, слухаць музыку. Пра ўжыванне алкаголю агульнавядома.
— Чым вы займаецеся зараз?
— На сённяшні дзень я літаральна прывязаны да Мінскай саборнай мячэці, хоць і даводзіцца часта бываць у многіх іншых рэгіёнах нашай краіны, дзе я займаюся падтрымкай духоўнага жыцця ў мусульманскіх суполках.
Адначасова займаюся перакладамі на сучасныя беларускую і рускую мовы некаторых кніг мусульманскіх аўтараў. Дарэчы, менавіта дзякуючы аднаму з такіх аўтараў, паэту і мецэнату XV-XVI стст. Алішэру Наваі і перакладу яго апошняга прыжыццёвага твора “Улюбёны сэрцаў” напрыканцы мінулага года атрымалася наведаць Ташкент, дзе праходзіў Тыдзень культурнай спадчыны Узбекістана і IV Міжнародны кангрэс Сусветнага таварыства па вывучэнні, захаванні і папулярызацыі культурнай спадчыны Узбекістана «Культурная спадчына Узбекістана – падмурак новага Рэнесансу». Галоўным вынікам гэтага візіту і супрацоўніцтва з Амбасадай Рэспублікі Узбекістан у Беларусі стала якраз выданне яго твора на беларускай мове. А сёлета ва Узбекістане шырока святкавалі 580-годдзе з дня яго нараджэння.
— Лічыце, што кніга ўзбекскага пісьменніка будзе цікавай для беларусаў?
— Я лічу, што нецікавых кніг увогуле не існуе, проста ёсць кнігі не для ўсіх. Не могуць усе любіць кнігі пра футбол і хакей ці зброю і вайну, нехта абавязкова будзе любіць паэзію і філасофію. Наконт Алішэра Наваі проста скажу так: для ўзбекаў ён настолькі ж свой, як Янка Купала ці Максім Багдановіч для беларусаў. Інакш, чым Вялікім Настаўнікам, яго там і не называюць.
Наваі праславіўся яшчэ пры жыцці. Ён стварыў філасофска-дыдактычныя творы, якія мелі сваёй мэтай выхаванне Дасканалага Чалавека. А свой апошні трактат “Улюбёны сэрцаў” ён напісаў на схіле жыцця, у якасці пэўнага выніку жыццёвых разважанняў, заснаваных на яго асабістым жыццёвым вопыце.
Адметна і тое, што ў адрозненне ад многіх сваіх сучаснікаў, якія пісалі па-арабску або па-персідску, Наваі пісаў на цюркскай мове, якая лічылася ў той час “вясковай”, мовай простага люду. Пясняр быў не згодзен з гэтым сцвярджэннем і ўсё сваё жыццё ўслаўляў і шырока ўжываў менавіта цюркскую мову. Нам, беларусам, лічу, не дрэнна было б пераняць прыклад Алішэра Наваі.
“Улюбёны сэрцаў” ішоў да друку некалькі год. Твор пабачыў свет дзякуючы таму, што прадстаўнікі Амбасады Узбекістана даведаліся пра тое, што існуе пераклад гэтай кнігі на беларускую мову, і выказалі жаданне дапамагчы ў справе выдання. Таму я яшчэ раз хачу падзякаваць за дапамогу і падтрымку былому Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму Паслу Рэспублікі Узбекістан у Беларусі Насірджану Юсупаву, а таксама цяперашняму Дарадцы амбасады Даніяру Абідаву, прафесару Шухрату Сіраджыддзінаву і ўсім тым людзям, з кім мне давялося супрацоўнічаць і працаваць над гэтым выданнем.
— Вернемся да вашых абавязкаў святара: ці лёгка быць увесь час навідавоку і быць прыкладам для іншых?
— Дзякуючы таму, што вакол мяне шмат добрых і разумных людзей, мне зусім не складана. Многія асобы з майго кола зносін маюць сваё меркаванне, разумеюць, што кожны можа памыліцца, ды і самі яны не вызвалены ад памылак. Галоўнае – умець прызнаваць свае недахопы і прасіць за іх прабачэнне. Для мяне ўзорамі такога стаўлення да жыцця былі і застаюцца мае бацькі — Мустафа і Эмілія Радкевіч, Браніслаў Шагідзевіч, Фаціма Якубоўская. Спадзяюся, і я для кагосьці з’яўляюся падобным прыкладам.
Канешне, зараз з-за вялікай занятасці я радзей бываю ў Ашмянах і бачу сяброў і знаёмых, але гэта не значыць, што я стаў меней любіць наш край і нашых людзей. Яны былі і застаюцца ў маім сэрцы.
Што тычыцца майго жыцця, як імама, то тут усё даволі проста: я стараюся жыць па сумленні, жыць шчыра кожны дзень, без якіх-небудзь адыходаў ад нормаў маралі і гонару. Нам трэба быць добрымі людзьмі не толькі перад Богам, але і перад людзьмі, бо сённяшняму свету як ніколі патрэбны верацярпімасць, добрасуседства і павага да людзей.
Антон МАЛЬШЭЎСКІ.
Фота Святланы Муцянскай і з архіва Дзмітрыя РАДКЕВІЧА.