На прыкладах гераізму і мужнасці народа

Главное

Раённы конкурс “Галасы гісторыі” праводзіцца раз у два гады і мае на мэце пашырэнне і актывізацыю краязнаўчага руху сярод устаноў адукацыі. Сёлета яго галоўнай тэматычнай накіраванасцю стала 65-годдзе Вялікай Перамогі, што прадугледжвалася прыктычна ўсімі намінацыямі.

А яны былі такімі: “Давайце пазнаёмімся”, “Вандроўка”, “Славутыя імёны Гарадзеншчыны”, бліц-апытанне і “Конкурс інсцэніраванай песні ваенных гадоў”. У выніку канкурсанты атрымалі заданні па ваенна-гістарычнай тэматыцы, звязанай з падзеямі і фактамі Вялікай Айчыннай вайны, а разам з гэтым заданнем і магчымасць больш глыбока і грунтоўна азнаёміцца з усёй сукупнасцю дадзеных пра вайну, пра тое, чым яна характарызавалася на тэрыторыі Беларусі, якія аперацыі савецкіх войск былі ажыццёўлены тут, як разготваўся партызанскі рух і якую ролю ён адыграў. Зразумела, датычыліся гэтыя дадзеныя і нашай Ашмяншчыны.

Зыходзячы з пазначанага пункту гледжання, конкурс “Галасы гісторыі” мы з поўным правам можам успрымаць як форму своеасаблівага далучэння цяперашніх юнакоў і дзяўчат да фактаў гераізму, мужнасці, ахвярнасці ваеннага пакалення, да суперажывання і асэнсавання тых выпрабаванняў, якія выпалі тады на долю нашага народа. І такое далучэнне і суперажыванне ніколі не дазволяць сённяшнім маладым грамадзянам краіны грэбаваць нашай гісторыяй, пераўтварыцца ў Іванаў, якія не ведаюць і не памятаюць сваіх каранёў, паддацца фальсіфікатарам падзей і вынікаў Вялікай Айчыннай вайны.

Вось такія думкі прыходзяць, калі ацэньваеш сутнасць гэтага конкурсу , калі адчуваеш задавальненне ад таго, што маладое пакаленне не перарывае повязь гістарычнага часу, аддаючы даніну павагі і шанавання тым, хто адстаяў нашу свабоду і незалежнасць, наша жыццё і мірную працу.

А цяпер самы час спыніцца на выніках конкурсу, на яго адметнасцях і асаблівасцях.

Сёлета ў ім прымалі ўдзел 13 сярэдніх агульнаадукацыйных устаноў, каманды якіх прайшлі ўсе пяць этапаў-намінацый, вызначаных умовамі.

Прадстаўленне каманд “Давайце пазнаёмімся” ўяўляла сабой разгорнуты аповяд аб сваёй мясцовасці, аб яе найбольш значных падзеях, постацях, гераічных старонках. Цікавымі і змястоўнымі  былі візітоўкі канкурсантаў СШ №1, гімназіі горада, Мураванаашмянкоўскага ВПК.

Творча падышлі да падрыхтоўкі карты ў намінацыі “Вандроўка”, якая прадугледжвала расказ пра помнікі, звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Гарадзеншчыны, каманды СШ №2, гімназіі горада, Мураванаашмянкоўскага ВПК. Праявілі нядрэнную эрудыцыю, глыбокае веданне аб’ектаў вучні СШ №1, СШ №3, Кальчунскай СШ, Мураванаашмянкоўскага ВПК.

У намінацыі “Славутыя імёны Гарадзеншчыны” вызначыліся вучні школы-інтэрната. А вось у бліц-апытанні  зноў лепшыя веды паказалі вучні з Мур-Ашмянкі, а таксама СШ №1, гімназіі горада, Цудзенішскага ВПК, школы-інтэрната, якія набралі найбольшую колькасць балаў.

Што датычыцца намінацыі інсцэніравання песні ваенных гадоў, то тут у кожнай каманды былі самыя шырокія і разнастайныя магчымасці. Як вучні выкарысталі іх? З такім пытаннем мы звярнуліся да члена журы, загадчыка сектара выхаваўчай  работы і аховы правоў дзяцінства аддзела вдукацыі Ірыны  Бразоўскай.

— Інсцэніраванне песні ваенных гадоў, а такіх песень вельмі многа, сапраўды дазваляла камандам  праявіць сваю фантазію, свае падыходы, сваю інтэрпрэтацыю  таго, што адлюстроўвае песня, — адказала яна. – І большасць школ даволі творча выкарысталі гэту магчымасць. Каманды праявілі артыстызм, валоданне музычнымі інструментамі, выдатныя творчыя здольнасці. Я пералічу толькі тэматыку інсцэніровак, і стане зразумела, што вучні разам з настаўнікамі нетрадыцыйна падышлі да складанага задання. Вось як гучала тэматыка інсцэніраванай песні: “Гімн міру і каханню” (Баруны), “Вайна і каханне” (Цудзенішкі), “Песня на прывале” (Навасёлкі), “Зорная памяць кахання” (Мураваная Ашмянка), “Матуліна сэрца” (Жупраны), “Агеньчык кахання” (Гальшанская гімназія), “Дзесяты батальён” (Дакурнішкі), “Полацкі дуэт” (Кальчуны), “Прыфрантавы вальс” (СШ №2), “Вальс на вайне” (СШ №3), “На безыменнай вышыні” (гімназія горада), “Шмат белай фарбы ў вайны” (СШ №1), “Блакітная хустачка” (школа-інтэрнат). Як бачым, у падыходзе да асэнсавання ваенных песень шмат варыянтаў, звязаных з каханнем, але ж гэта можна і зразумець – інсцэніраванне даручалася маладым.  А ўвогуле гэта намінацыя выклікала найбольшую цікавасць  і ў журы,  і ва ўсіх удзельнікаў і запрошаных на конкурс. Дарэчы, усе каманды за падрыхтоўку інсцэніраванай песні прызнаны лаўрэатамі ў тых намінацыях, якія яны прадстаўлялі, і ўзнагароджаны дыпломамі аддзела адукацыі.

Адзначым, што у склад журы ўваходзілі таксама начальнік аддзела адукацыі Наталля Кучынская (старшыня), дырэктар ЦДЮТіК Тэрэса Кошань, начальнік аддзела па справах моладзі Дзяніс Седач, супрацоўнікі краязнаўчага музея Жанна Іванова, Сяргей Жылік, Ірына Бусловіч. Пры правядзенні конкурсу “Галасы гісторыіі” сярод гарадскіх устаноў  адукацыі ў якасці гасцей былі запрошаны ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны Іван Цімафеевіч Навумаў і Іван Мітрафанавіч Голуб, а таксама начальнік аддзела памежнай службы “Ашмяны” вайсковай часці 2044 г. Смаргоні Сяргей Уладзіміравіч Шалесны. І.М. Голуб расказаў аб сваім баявым шляху, а І.Ц. Навумаў шчыра вітаў удзельнікаў конкурсу і падзякаваў ім за актыўнае вывучэнне гісторыі, за ўвагу да ветэранаў. Такім чынам удзельнікі конкурсу непасрэдна далучыліся і да падзей, звязаных са штурмам рэйхстага і вызваленнем Усходняй Прусіі, у якіх  прымалі ўдзел І.Ц. Навумаў і І.М. Голуб.

Нам застаецца назваць агульныя вынікі конкурсу.

Пераможцамі прызнаны і ўзнагароджаны граматамі аддзела адукацыі Мураванаашмянкоўскі ВПК (першае месца), СШ №2 і СШ №3 (другое месца), СШ №1 (трэцяе месца).

Званне лаўрэатаў раённага конкурсу атрымалі і ўзнагароджаны дыпломамі гімназія горада, школа-інтэрнат і Кальчунская СШ.

Загадам начальніка аддзела выказана падзяка настаўнікам гісторыі, беларускай мовы і літаратуры, педагогам-арганізатарам, музыкальным кіраўнікам, настаўнікам музыкі, якія рыхтавалі каманды да ўдзелу ў конкурсе, а таксама намеснікам дырэктараў па выхаваўчай рабоце, якія прымалі ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні конкурсу.

Асабістая падзяка выказана дырэктару Мураванаашмянкоўскага ВПК Марыне Швабовіч, дырэктару СШ №3 Яніне Жвірыдоўскай за непасрэдны ўдзел ў падрыхтоўцы і кіраўніцтве конкурсам, а таксама дырэктару раённага цэнтра турызму і краязнаўства Тэрэсе Кошань за высокі ўзровень арганізацыі і правядзення конкурсу.

1 красавіка б.г. у занальным конкурсе  “Галасы гісторыі” гонар раёна адстойвала каманда Мураванаашмянкоўскага ВПК і стала пераможцай, заваяваўшы права ўдзельнічаць у абласным этапе конкурсу.

Юрый НІКАЛАЕЎ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *