Дзве палавінкі аднаго цэлага

Культура

 

Менавіта пад такой назвай 15 год назад у пераднавагоднім нумары раёнкі быў надрукаваны артыкул пра ашмянскіх блізнят. Мы вырашылі адшукаць герояў той святочнай публікацыі і вельмі ўдзячны, што ашмянскія “палавінкі” не толькі адгукнуліся на нашу прапанову, але і ўспрынялі яе з вялікай радасцю. І сёння ў чарговы раз мы гутарым з Дашай і Насцяй Аўсюкевіч і Юляй і Наташай Якубашка.

Як і ў 2005 годзе, з замілаваннем назіраю за дзяўчынкамі, якія сталі маладымі прыгожымі дзяўчатамі, і спрабую адшукаць як мага больш рысаў падабенства.

Вось ён, сапраўдны цуд прыроды! Кажуць, што пры ўсім падабенстве ў кожнага з блізнят сваё ўспрыманне свету: у аднаго левае паўшар’е мозга лепш развіта (лагічнае), у другога – правае (эмацыянальнае). Такім чынам яны дапаўняюць адзін аднаго, як два вокі, два вухі, дзве рукі… Ну, што ж, давайце разам будзем шукаць падабенствы і адрозненні ў нашых гераінь.

Касмічная сувязь Юліі і Наталлі

За 15 год у жыцці Юліі і Наталлі Якубашка адбыліся значныя змены. У школе Юля напачатку марыла аб прафесіі, звязанай з музыкай: свой адбітак наклала Ашмянская музычная школа, дзе займаліся абедзве дзяўчынкі. І хаця з музыкай так і не склалася, аднак яна суправаджае Юлю ва ўсіх яе справах.

Пры выбары будучай прафесіі сёстры арыентаваліся на меркаванне і досвед бацькоў, таму на “сямейным савеце” вырашылі пайсці па шляху бацькі: падаць дакументы ў тэхнічны флагман краіны – Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт.

Пасля заканчэння ВНУ Юля атрымала дыплом інжынера-педагога будаўнічага профілю, і па размеркаванні была накіравана ў Гродзенскі палітэхнічны каледж выкладчыкам спецдысцыплін. Наталля ж стала інжынерам-энергетыкам і працуе ў філіяле «Энергазбыт» РУП «Мінскэнерга».

— Шчыра прызнацца, кар’ерысткай я сябе ніколі не бачыла, — зазначае Юля. – Зараз у мяне ў прыярытэце шчасце маіх любімых мужа і дачкі. Выбудоўваючы адносіны ў сваёй сям’і, абапіраюся на прыклад бацькоў, якія клапоцяцца адзін аб адным на працягу больш як трыццаці год.

Сямейныя каштоўнасці лічыць самымі важнымі ў жыцці і Наталля. Свайго будучага мужа і бацьку сына яна спаткала падчас вучобы ва ўніверсітэце ў сваёй жа групе.

— За 27 гадоў мы з Юляй разлучаліся хіба толькі на два гады (так склаліся сямейныя абставіны), — прызнаецца Наташа. — Па жыцці нас вядзе, як кажуць нашы родныя, касмічная сувязь: нашы другія палавінкі аказаліся родам з аднаго горада, дні нараджэння ў іх з розніцай у пару дзён, вяселлі мы зладзілі адным летам, нашы дзеці нарадзіліся з розніцай усяго ў два месяцы, жывём мы ў суседніх дамах у Мінску. Нашы дзеці таксама растуць двойняй – увесь вольны час праводзяць разам.

Як і 15 год назад, дзяўчаты любяць сямейныя святы. Вялікі бацькоўскі дом заўсёды рады гасцям. Вось і ў гэтым годзе за святочным сталом на Божае Нараджэнне сабраліся дружнай кампаніяй Якубашкі, Новікі, Ваўчкевічы, Малец.

Шчабятухі-прыгажуні Дар’я і Анастасія

У 2005 годзе шчабятухам Дашы і Насці было па пяць год. Тады яны наведвалі дзіцячы садок і дастаўлялі шмат клопатаў выхавальнікам, бо тыя аніяк не маглі адрозніць дзяўчынак. Аднолькава апранутыя сястрычкі былі падобныя як дзве кроплі вады. І гэта нядзіўна – яны ж аднаяйцавыя блізняты! Каб выйсці з той спрэчнай сітуацыі, у дзіцячым садку дзяўчынкам прышпілялі бэйджы з імёнамі. У хаце ж бацькі, Наталля і Аляксандр, ніколі сваіх гарэзаў не блыталі, бо лічылі, што нават голасам яны адрозныя, не кажучы ўжо пра рысы твару і паводзіны. Калі казаць пра вышэйзгаданыя адрозненні ў эмацыянальным і лагічным аспектах успрыняцця рэчаіснасці блізнят, то і тут адказ навідавоку: адна дзяўчынка – праўша, другая – ляўша. Мажліва таму ў дзяцінстве ў Насці больш праяўляліся артыстычныя здольнасці, яна вельмі любіла танцаваць, а Даша была больш засяроджанай на вучобе і чытанні кніг.

Тады сёстрам падабалася грачаная каша з малаком і абавязкова аднолькавыя падарункі, бо нават з-за рознай абгорткі сітуацыя магла выйсці з-пад кантролю і завяршыцца скандалам і слязьмі.

У сям’і Аўсюкевіч захавалася тая газета з артыкулам. Сёння дваццацігадовыя Дар’я і Анастасія з усмешкай успамінаюць сваё шчаслівае бесклапотнае дзяцінства. Пасля заканчэння СШ № 2 і Ашмянскага аграрна-эканамічнага каледжа па спецыяльнасці “бухгалтар” практычныя навыкі яны набываюць у свайго бацькі — індывідуальнага прадпрымальніка: дапамагаюць яму весці бухгалтэрыю. Адначасова дзяўчаты працуюць у адной з астравецкіх піцэрый. Таму піцу любяць не толькі з’есці, але і прыгатаваць: для ўсёй сям’і, каб парадаваць родных. Сям’я Аўсюкевіч за гэтыя гады павялічылася: з’явіліся на свет яшчэ дзве сястрычкі. Паліне зараз шэсць, а маленькай Алёне толькі годзік.

— Усе нашы дзеці адрозныя па характару і знешне, — адзначае мама Наталля. – Між іншым, яднае іх адна рыса – адказнасць. Яна ім дасталася ад бацькі. У Аляксандра праца і якасць мэблі, якую ён вырабляе, заўсёды на першым месцы. Гэтак жа і ў нашых блізнят. А для Паліны галоўнае – гэта вучоба. Што настаўніца скажа — тое святое! Думаю, што і Алёна будзе такім жа адказным дзіцём.

Што датычыцца здольнасцей і захапленняў дзяўчат, то Насця артысткай не стала, але вельмі любіць маляваць. Яна з задавальненнем робіць прычоскі: заплятае сваім мадэлям шматлікія коскі-дрэды, вядзе старонку ў Інстаграме. А вось у Дашы ярка праяўляюцца кулінарныя здольнасці. Яна можа зрабіць шыкоўнае блюда з мінімальнага набору прадуктаў. А калі казаць пра планы на будучае, то сёстры мяркуюць працягнуць вучобу ў вышэйшай навучальнай установе.

Для даведкі!

У нашай краіне блізняты складаюць 0,4 – 1,6 працэнта ад колькасці народжаных. Як паведаміла начальнік аддзела загса Ашмянскага райвыканкама Іна Пад’ельская, за 15 апошніх год на Ашмяншчыне зарэгістравана 60 выпадкаў нараджэння двойняў і нават тройняў. За 20-годдзе самым ураджайным выдаўся 2002–і год: 11 пар дзетак ашчаслівілі сваіх бацькоў: 6 – у Ашмянах, па адной — у Біюцішках, Гальшанах, Баранцах, Сайлюках і Навасёлках. Шчодрым быў на блізнят і 2012-ы год. З васьмі народжаных пар дзве былі зарэгістраваны ашмянскім аддзелам загса, тры – Жупранскім, па адным – Гродзінскім, Каменналогскім і Крэйванцаўскім сельвыканкамамі. У бягучым годзе нарадзілася тры двойні: дзве – у Ашмянах, адна – у Навасёлкаўскім сельсавеце.

Аліна САНЮК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *