Свята нараджаецца ў сэрцы

Культура

 

Каляды (Божае Нараджэнне) – так звыкла называюць свята Нараджэння Хрыстова ў сям’і Сініцкіх — гэта цуд, сапраўдны, таямнічы, які захапляе сваёй прыгажосцю, чаканнем чагосьці светлага, дзіўнага, вялікага, недасягальнага  чалавечаму розуму. Гэтае свята кожнага ахінае сваім цяплом і асвятляе сваёй дабрынёй.

Сям’я Сініцкіх, як і ўсе вернікі каталіцкай канфесіі, рыхтуецца да Святога вечара – Куцці. Чыста прыбрана ў кватэры, святочна ўпрыгожана ёлка, ужо даўно падрыхтаваны падарункі дзецям і родным. На жаль, гаспадыня, Леакадзія Сініцкая, сёння ўвесь дзень будзе на працы – яе змены трапілі якраз на перадсвяточныя дні. Працуе яна прадаўцом у магазіне “Еўраопт”, што ў цэнтры горада. Апошнія дні перад святам заўсёды напружаныя, пакупнікоў значна больш, чым звычайна. Змена заканчваецца ў 22 гадзіны вечара. Муж Леакадзіі, Аляксандр, таксама працуе – ён электраманцёр на Астравецкай АЭС. Дзеці, Яраслаў, Паліна і Ульяна, з раніцы пабеглі ў школу – яны вучні СШ № 3 г. Ашмяны. Сёння яны сапраўды пабеглі, таму што апошні дзень чвэрці, а наперадзе – столькі святаў і доўгачаканыя канікулы! Пасля школы разам з бацькам яны пойдуць да бабулі Соф’і, дзе будуць сустракаць свята, дапамогуць ёй падрыхтаваць святочны стол. Але пакуль не вернецца з работы мама, за стол ніхто не сядзе. Так, ужо будзе позна, але ў сям’і ўсе стараюцца разумець і падтрымліваць адзін аднаго. Так вучылі Лёдзю яе бацькі, так вучыць яна сваіх дзяцей.

Сям’я Сініцкіх за святочным сталом, 2017 год

Тут усе добра ведаюць, што падрыхтоўка да свята пачынаецца не 24 снежня раніцай, а значна раней, калі пачаўся Адвэнт – пост перад Нараджэннем Хрыстовым; што падрыхтоўка да свята – гэта перш за ўсё навядзенне парадку ў сваёй душы, а затым – вакол: у справах, у кватэры. Таму абавязковым лічыцца наведванне касцёла ў нядзелю, споведзь, устрыманне ад мясной ежы па пятніцах і строгі пост 24 снежня, калі нельга ўжываць не толькі мясныя, але і малочныя прадукты.

Калі ў сённяшнім мітуслівым працоўным дні здараецца хвілінка спакою, то Леакадзіі ўспамінаецца бацькоўская хата ў Гродзях і тыя незабыўныя, казачныя святы, якія бываюць, напэўна, толькі ў дзяцінстве. Адтуль ідуць карані ўсіх традыцый, якія яна перанесла ў сваю ўласную сям’ю.

…Свята Божага Нараджэння было заўсёды. Яно святкавалася нават у савецкі час, калі былі зачынены касцёлы. Яго традыцыі, закладзеныя дзядамі, беражліва захоўваліся і з кожным новым пакаленнем прырасталі новымі. Сям’я Цехановіч, у якой нарадзілася Лёдзя, заўсёды старалася жыць па Божых законах. Перад святам намаганнямі мамы і дзяцей хата прымала ўрачысты выгляд: на вокнах віселі чыстыя фіранкі, была вымыта ўся бялізна, ззялі чысціней посуд і паліцы ў шафах, абавязкова выносіліся на снег і выбіваліся саматканыя ходнікі.

На Куццю ў кожнага члена сям’і былі свае абавязкі. Тата з раніцы накіроўваўся з сякерай у лес і прыносіў адтуль вялікую калматую елку, якая заўседы даставала да столі. Смалісты пах свежай хвоі, марозу і зімовай свежасці быў для дзяцей самым дакладным прадвеснікам набліжэння свята, напаўняў пакой нецярплівым чаканнем святочнага вечара і, зразумела, падарункаў – цукерак у цэлафанавых пачках, якія прыносілі бацькі з работы. У абавязкі малодшых дзяцей – Лёдзі і Аліны — уваходзіла прыбіраць ёлку. Цацкі былі шклянымі: зайчыкі, грыбкі, ледзяшы, зімовыя заснежаныя домікі, снегавікі. З вялікай колькасці цацак Лёдзі яскрава ўспамінаецца адна – срабрысты твар касманаўта ў шлеме. Усе цацкі былі на прышчэпках. Шкляных шароў было няшмат, і іх вельмі бераглі. Пазней, калі будуць падарункі, на ёлцы з’явяцца яшчэ і цукеркі, а таксама невялікія абаранкі. Брат Раман дапамагаў упрыгожваць ялінку – яго задачай было абмакнуць кожную хваёвую лапку ў белы клей “Бусцілат” і пасыпаць пенапластам, каб стварыць уражанне снегу. Дзе Раман у той час (80-я гады) знаходзіў той клей і пенапласт, ведае толькі ён. Раман жа прыдумаў кожны год на адной з ёлачных цацак падпісваць год: 1985, 1986 і г. д. – на памяць.

Лёдзя дапамагала рыхтаваць святочны стол, накрывала белым абрусам, пад які абавязкова клала пахучае сена, якое прыносіў з хлевушка брат Генадзь – ён у гэты дзень даглядаў гаспадарку. На стол абавязкова клаліся Біблія, маленькі гіпсавы Езусік, аплаткі і ставілася свечка.

У чаканні надыходзячага свята

Маці з раніцы пачынала рыхтаваць ежу да святочнага вечара: пончыкі ці аладкі з макам, вушкі з грыбамі і морквай, ягадны кісель, пярловую кашу, смажаную рыбу, рыбныя катлеты – на стале абавязкова павінна было стаяць не менш, чым трынаццаць страў. Лічба трынаццаць сімвалізуе дванаццаць апосталаў і самога Хрыста – трынаццатага. Гэтую традыцыю ўвяла Лёдзя. Усе стравы на стале былі поснымі, але смачнымі. І над імі трэба было пакарпець. Адны пончыкі з макам чаго каштавалі! Бацька раз дзесяць-пятнаццаць перакручваў на мясарубцы мак, каб ён пусціў белы сок. Мак выкарыстоўвалі не толькі для пончыкаў. Залівалі перацёрты мак кіпенем і рыхтавалі макавае малако, у якое, пры жаданні, кідалі сушкі. Мамін кісель заўсёды варыўся з вішнёвага ці малінавага кампоту і быў такім густым, што ў ім стаяла лыжка і яго рэзалі нажом. Некалькі разоў мама спрабавала рыхтаваць белы аўсяны кісель, але ніхто з дзяцей яго не еў, і ў рэшце рэшт тая перастала яго рабіць. А вось свякроў робіць яго кожны год – гэта традыцыйная на святочным стале страва. Ніколі на стале не было алкагольных напояў.

З надыходам вечара, з першай зоркай, уся сям’я Цехановіч сядала за стол. Запальвалі свечку і звычайна чыталі ўрывак з Евангелля ад святога Лукі аб нараджэнні Хрыста. Затым дзяліліся аплаткамі і нарэшце маглі паспытаць святочных страў. На стол заўсёды ставілася лішняя пустая талерка, на той выпадак, калі які-небудзь чалавек завітае ў хату. Звычайна, ніхто не заходзіў, але ўсе верылі ў тое, што ў вобразе вандроўніка ў Святую ноч у хату мог прыйсці Хрыстос. Калі выходзілі з-за стала, то ежу ніколі не прымалі – астаўлялі на ноч. Лічылася, што ноччу яе будуць спажываць анёлы ці душы памерлых родных. Калі на наступны дзень прыбіралі стол, то сена не выкідалі, а аддавалі жывёле.

Пасля вячэры дзяўчаты збіраліся на вуліцы і ішлі гадаць. Здымалі з нагі абутак і кідалі праз плот – у які бок глядзеў нос чаравіка, у той бок і замуж ісці. Або кідалі сушкі сабаку: чыю першую з’есць – тая першай замуж выйдзе.

Удзельнікі калядавання, 1992 год

Затым усе разам ішлі ў касцел, каб роўна апоўначы на святочнай імшы – Пастэрцы — прывітаць маленькага Езуса. Служба, урачыстая, узнеслая, са шчымлівымі і адначасова радаснымі песнямі, прыносіла ў сэрца супакой. Ісці ў касцёл трэба было за тры кіламетры – у мястэчка Гудагай, але ніхто не баяўся марозу і цемры, і машын не было, каб даехаць, — ішлі пешшу або ехалі на конях. На наступны дзень і яшчэ цэлы тыдзень калядавалі. Пераапраналіся ў святога Юзафа, Марыю, трох каралей, заўсёды мелі з сабою якога-небудзь нячысціка – і хадзілі па сваёй і навакольных вёсках, спяваючы калядныя песні…

Муж Лёдзі таксама паходзіць з сям’і католікаў. Яго маці на кожнае свята Нараджэння Хрыстова рыхтуе рыбныя катлеты з сюрпрызам. Яна запякае ў іх невялічкія сімвалічныя прадметы-прадказанні: машынку, манетку, немаўля, домік. Самае неверагоднае, што прадказанні збываюцца. У той год, калі Лёдзі з Сашам трапілася немаўля, у іх нарадзілася малодшая дачка Ульяна.

Час ідзе, мяняюцца абставіны, людзі. Дзеці разлятаюцца з бацькоўскага гнязда, ствараюць уласныя сем’і, але традыцыі, якія закладваюцца бацькамі, заўсёды застануцца тым падмуркам, на якім мы будзем выхоўваць сваіх дзяцей. Галоўнае — не разгубіць іх, а зберагчы, захаваць.

Самае светлае і радаснае свята ўваходзіць у нашы дамы. Няхай народзіцца Езус, а з ім — надзея, спагада і мір сярод людзей, у кожнай сям’і, у кожным сэрцы. Шчаслівага Божага Нараджэння!

Ірына БРАЗОЎСКАЯ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ і з архіва Леакадзіі Сініцкай.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *