“Яшчэ ў 16 гадоў гэта дзяўчына прабегла дыстанцыю ў 400 метраў за 55 секунд, у 17 адолела бар’ерную 400-метроўку за 59.19, а мінулым летам разам з сяброўкамі па камандзе стала сярэбраным прызёрам чэмпіянату Еўропы U20 у эстафеце 4х400 м з юніёрскім нацыянальным рэкордам – 3.37.06 мінуты”, — напісана на сайце Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі ў артыкуле аб спартсменцы з Гальшан Валянціне Чымбар.
І гэта толькі невялікі пералік пераможных стартаў і дасягненняў нашай зямлячкі. Аб бегу, які “вырас” з дзіцячага захаплення да вобразу жыцця, маладая, упэўненая ў сабе спартсменка можа расказваць гадзінамі.
— Калі я выходжу на старт, адчуваю матывацыю на лепшы вынік у сваёй спартыўнай кар’еры, — расказвае Валянціна. – Ну і, канешне, крыху хвалявання, якое цалкам не схаваць…
Спартыўны шлях да алімпійскіх вяршыняў наша зямлячка Валянціна Чымбар пачала яшчэ ў Гальшанскай сярэдняй школе: наведвала заняткі і факультатывы па лёгкай атлетыцы ў настаўніка Віктара Міцкевіча, прымала ўдзел у раённых і абласных спаборніцтвах. У складзе зборнай каманды Гродзенскай вобласці ўдзельнічала ў рэспубліканскай спартакіядзе школьнікаў, дзе стала прызёрам. На такіх спаборніцтвах талент дзяўчыны заўважылі выкладчыкі вучылішча алімпійскага рэзерву і трэнер Ірына Крывеня, якая запрасіла Валянціну на вучобу ў Лідскі філіял Гродзенскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву. З таго часу дзяўчына пачала займацца спортам на прафесійным узроўні.
Нягледзячы на тое, што Валя даўно скончыла Гальшанскую СШ, першы трэнер Віктар Паўлавіч стараецца сачыць за кожным выступленнем сваёй вучаніцы і як мага часцей тэлефанаваць ёй, каб даведацца аб поспехах і перамогах. Спартсменка і сама звяртаецца за парадай і падтрымкай да былога настаўніка.
— Не я выбрала бег, а ён мяне выбраў, — усміхаецца маладая спартсменка. – У мяне былі нядрэнныя паказчыкі ў гэтай дысцыпліне, ды і ў другі від лёгкай атлетыкі не было жадання пераходзіць.
Цяпер перспектыўная лёгкаатлетка Валянціна Чымбар працягвае навучанне на першым курсе факультэта фізічнай культуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Нягледзячы на ўзрост, Валянціна ўжо атрымала званне майстра спорту па лёгкай атлетыцы, а спартыўныя поспехі папаўняюць выступленні на розных спаборніцтвах. Акрамя вышэйназваных дасягненняў, дзяўчына неаднаразова станавілася пераможцай першынства Рэспублікі Беларусь і Алімпійскіх дзён моладзі, сярэбраным прызёрам Балтыйскіх юнацкіх гульняў на дыстанцыі 600 метраў, прызнана лепшай спартсменкай першынства Рэспублікі Беларусь у памяшканні.
На карце спартыўных дасягненняў з’явіліся дзясяткі гарадоў і краін свету, адкуль Валянціна Чымбар вярнулася з пераможнымі медалямі і новымі рэкордамі. Але для дзяўчыны самымі значнымі і сур’ёзнымі спаборніцтвамі сталі ўдзел у чэмпіянаце Еўропы U20, чэмпіянаце Беларусі і чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы. Паколькі з-за пандэміі каранавірусу сёлета адсутнічаюць міжнародныя спаборніцтвы, Валянціна рыхтуецца да выступленняў на Кубку і чэмпіянаце Беларусі па лёгкай атлетыцы.
Дні таленавітай спартсменкі распланаваны літаральна па хвілінах. Звычайны “працоўны” дзень пачынаецца з заняткаў ва ўніверсітэце і працягваецца шматгадзіннымі трэніроўкамі.
— Трэніроўкі ва ўніверсітэце вельмі разнастайныя, — расказвае Валянціна. – Якімі яны будуць, залежыць ад дня тыдня, умоў надвор’я, настрою трэнера, майго стану здароўя, а самае галоўнае — ад даты правядзення спаборніцтваў. Кожная трэніроўка доўжыцца ад 2 да 3 гадзін.
Часу, вольнага ад напружаных трэніровак і вучобы ва ўніверсітэце, у маладой спартсменкі катастрафічна мала. Але яна стараецца не губляць ні хвіліны і таксама праводзіць яго актыўна: насалоджваецца прагулкамі ў лесе, пераадольвае дыстанцыі на веласіпедзе і адпачывае ў басейне.
На пытанне аб марах лёгкаатлетка адказвае хутка і не задумваючыся:
— Мару аб алімпійскай ліцэнзіі!
Кацярына РУДЗІК.
Фота з асабістага архіва Валянціны ЧЫМБАР.