У Ашмянскім краязнаўчым музеі прайшла імпрэза “Гісторыя мястэчка, якую расказалі яго жыхары”

Культура Юбилейная Ошмянщина

У Ашмянскім краязнаўчым музеі прайшла імпрэза “Гісторыя мястэчка, якую расказалі яго жыхары”, прысвечаная 80-годдзю нашага раёна. Нягледзячы на тое, што мерапрыемства прайшло ў даволі камернай атмасферы, яно было прасякнута настроем добразычлівасці і цеплыні.

Праведзенай сустрэчай музей паспрабаваў парушыць заведзены парадак наведвання – прыйсці ў музей, каб паслухаць. На гэты раз у музей трэба было ісці, каб гаварыць,  успамінаць, распавядаць.

Першае, што бачыш у музеі, – гэта, канешне, экспанаты. Але калі ўдумацца, што прымушае нас успрымаць іх як экспанаты? Надаваць ім пэўныя рысы тагачасных эпох? Чаму, калі мы глядзім на аскепкі ў археалагічнай частцы музея, то бачым там не друз, а  кафлю, посуд, керамічныя вырабы? Менавіта таму, што існуе пэўны аповед, які дазваляе нам убачыць у аскепках менавіта кафлю. Чаму мы сцішаем хаду каля рыцарскіх даспехаў, каля любога прадмета, які атрыбутаваны датай, асобай, тэрыторыяй? Таму што той самы аповед ператварае побытавую рэч у прадмет, які мае відавочную гістарычную каштоўнасць.

Надбіты сподачак можа расказаць пра часы дэфіцыту і чэргі ў ашмянскіх крамах, каляровы вымпел — пра спаборніцтвы, школьны дзённік — пра мясцовую школу, засохлая кветачка, што захавалася ў томіку Міцкевіча, – пра каханне, каляровая паштоўка – пра юнацкія мары і спадзяванні.

Прасякнуты памяццю прадмет набывае каштоўнасць сапраўднага экспаната.

Разгорнутыя аповеды пра свае экспанаты прадставілі найперш супрацоўнікі музея. Распачала сустрэчу Ірына Бусловіч, самы вопытны і дасведчаны яго супрацоўнік. Ад яе мы даведаліся, як напрыканцы 1980-х гадоў пісаліся тэксты экскурсій, без такіх даступных і абавязковых дыктафонаў, інтэрнэта.

Першая экскурсія Ірыны Раманаўны надзейна зафіксаваная ў адмысловым працоўным сшытку, і пісала яна яе, літаральна па пятах ходзячы за сталымі супрацоўнікамі, нешта потым дапісвала сама. Але з гэтых няроўных радкоў і пачаў напрацоўвацца досвед навуковага супрацоўніка Ірыны Бусловіч, якая зараз вучыць іншых, і зразумела, працягвае вучыцца далей сама.

Працягнула тэму пісання, а дакладней чыстапісання, чарнільная ручка Святланы Чарняк. Яна на ўласным досве­дзе пазнаёмілася з бедамі школьнікаў, па руках якіх часам праходзіліся нават лінейкай. Тады лічылася, што гэта на­дзейны метад адвучыць дзяцей ад крывых літар і кляксаў. Тагачаснаму першакласніку яшчэ трэба было заслужыць права карыстацца такой ручкай, бо першыя пропісі – рысачкі і кропачкі — пісаліся алоўкамі. Толькі таму, хто асвойваў гэтую навуку, дазвалялася пісаць чарнільнай ручкай.

Якімі б не былі цяжкімі гады, чалавеку заўсёды хацелася атачаць сябе прыгожым, нават калі ты маленькае дзяўчо. Таццяна Кіркоўская прыгадала, як гуляла з посудам з бацькоўскага серванта. І хаця гэта было пад суровай забаронай, так хацелася прыбегчы дамоў і накрыць лялькам стол з прыгожымі сподачкамі і філіжанкамі. Зразумела, не заўсёды ўсё праходзіла чыста, і колькасць посуду ў серванце памяншалася. Як не дзіўна, спыніла дзяўчо толькі набыццё матуляй японскага сервіза, які ў той час каштаваў неверагодных грошай, што не дазваляла яго ставіць на стол нават у выпадку вялікіх святаў, сервіз мусіў перадацца ў пасаг дачцэ. Трэба сказаць, што захаваўся і перадаўся. Пэўна, зараз, пры велізарным выбары, гэта цяжка зразумець…

Быццам сакавітая звонкая песня, ліліся расповеды Марыі Горыд. Пачала Марыя Гендрыкаўна з матулінай хустачкі, у якую мама ўбіралася па святах. Маленькая Марыя з захапленнем глядзела на сіні з кветкамі шоўк і марыла хутчэй вырасці, каб таксама прымераць гэтую прыгажосць. Ішоў час, і стала зразумелым, што мода на хусткі незваротна прайшла, але і цяпер раз-пораз тую сінюю хустку носіць новая гаспадыня. Працягнула Марыя Гендрыкаўна ўспамінамі пра асабістае. Зараз у людзей столькі магчымасцей кантактаваць паміж сабой, а вось раней, калі нават тэлефон быў не ў кожнай хаце, перапісвацца можна было толькі папяровымі лістамі. Пад роўнымі радкамі мужа Марыі Гендрыкаўны незразумелыя іерогліфы: лісты калісьці знайшлі дзеці, і, яшчэ не ведаючы пісьмовай граматы, пакінулі і свае “аўтографы”.

Сучасным, але важным прадметам для Марыі Горыд стаў медаль “Жонцы афіцэра”, гэта сапраўды істотная адзнака тых, хто застаецца ў цені, тых, хто ў тым ліку прайшоў няпросты інтэрнацыянальны шлях, хто з’яўляецца надзейнай апорай і падтрымкай.

Наступным выступоўцам стала пласцінка, якую прынёс Валерый Піхтулаў, правобраз сучаснага дыска. У тыя часы простае набыццё тэхнікі было падзеяй, а выкарыстоўваць прыёмнік мог толькі сапраўды дасведчаны чалавек. Недзе ў 1960-я гады, калі ў сям’і Піхтулавых з’явіўся адзіны ў акрузе велічэзны прыёмнік “Рэкорд”, разам з прыёмнікам на заказ прывезлі і набор пласцінак, і сярод пласцінак “для дарослых” была і адна дзіцячая, якую Валерый мог слухаць па некалькі разоў на дзень.

А што тычыцца мяне, Алены Жастковай, самага маладога ў плане знаёмства з Ашмянамі жыхара, тут былі прыгаданыя ўсе наведванні Ашмянаў да сённяшняга дня. Мінулыя візіты і сам пераезд. Мерапрыемствам, што крыху зблізіла мяне з Ашмянамі пасля месяца акліматызацыі, стала краязнаўчая міжнародная гасцёўня “Сустрэчы ў лістападзе” ў Кальчунскай школе. Найперш, канешне, гэта было адкрыццё вірлівага жыцця, якое, шчыра кажучы, з Мінску здаецца неіснуючым увогуле. Гэта і сама мэта мерапрыемства, і ўзровень, і праграма, і атмасфера. Той насычаны падзеямі і знаёмствамі дзень патрабаваў фіксацыі, нейкага сімвалічнага завяршэння. І па вяртанні назад у Ашмяны ксёндз пробашч Ян Пузына падарыў ікону Св. Ганны – з той самай капліцы ў Палянах. І для мяне зараз на ёй запячатаны ўвесь той дзень – і канферэнцыя, і музыка, і музей Е. Снядэцкага, і дарога ў Паляны з сінім небам і нізкімі змарнелымі аблокамі.

Асабістая памяць кожнага жыхара – неад’емная частка агульнай гісторыі горада, бо горад – гэта найперш тыя, хто ў ім жыве. Аповеды, што гучалі на мерапрыемстве, правакавалі на ўспаміны, кожнаму хацелася нешта дадаць, абмеркаваць, недзе — паківаць галавой з дакорам, недзе – усміхнуцца, а недзе — употай выцерці слязу. Менавіта камернасць выклікала шчырасць у расповедах і эмоцыях удзельнікаў.

Прадметы, пагасцяваўшы ў музеі, вярнуліся па хатах, занялі належныя месцы, а музею засталася гісторыя. Гісторыя мястэчка, якую расказалі яго жыхары.

Алена Жасткова,

дырэктар музея.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *