Радкі, прысвечаныя Гродзеншчыне

75 лет Гродненской области Общество

На старонках раённай газеты мы часта пісалі аб творчай і таленавітай асобе, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры СШ №3 Марце Багдановіч. У мінулым годзе паэтэса дэбютавала ў літаратуры – у свет выйшаў зборнік вершаў “21 грам”.

У чэрвені ляглі на паперу першыя радкі, прысвечаныя 75-годдзю Гродзенскай вобласці. Марта Багдановіч адзначае, што ідэя напісаць вершы аб гарадах Гродзеншчыны ўзнікла выпадкова. Першы верш быў прысвечаны Астраўцу, бо з гэтым горадам маладую паэтэсу звязваюць цёплыя ўспаміны. Пасля на паперы з’явіліся вершаваныя радкі аб горадзе Смаргонь… Так атрымалася серыя вершаў, аб’яднаная адной вялікай ідэяй — паказаць прыгажосць гарадоў Гродзенскай вобласці, іх унікальнасць, адметнасць і незвычайнасць…

— У свой час кожны з гэтых гарадоў я наведала, — дзеліцца Марта Багдановіч. — Дзесьці затрымалася, якісьці горад проста трапіўся на шляху, але ў памяці засталіся тыя звілістыя вулкі, помнікі, дамы, той каларыт і адметнасць. Няма падобных гарадоў. Кожны ўнікальны і непаўторны. Кожны заварожвае сваёй гісторыяй і самабытнасцю.

Астравец

Горад мяжуе з Літвою,

Кажуць, ён свету канец.

Светлы лагоднай вясною

Горад святы Астравец.

Шум тут заўсёды вясёлы,

Тлуміцца тым галава.

Горад вартуюць касцёлы,

Благаслаўляе царква.

Людзі ўсмешкай вітаюць

Усіх нечаканых гасцей.

І прыязджаць запрашаюць

З сем’ямі ў горад часцей.

Велічны «атамны» горад —

Узор незвычайнай красы.

Вабяць турыстаў азёры,

Рэкі, крынічкі, лясы.

Горад. Яго панарамы.

Школы. Кавярні. Дамы.

Архітэктура. Крамы.

І да мяжы шлях прамы.

Горад, квітней і старайся,

Новага дбайны тварэц.

Рухайся і развівайся,

Вечна жыві, Астравец!

Гродна

Усё тут блізка, дорага і родна:

Старыя вуліцы, касцёльныя званы.

Гасцей вітае рупны горад Гродна —

Прыгожы горад, цэнтр абласны.

 

Вакол — дамы, заводы і цырульні,

Мільгае спрытны транспарт гарадскі.

Лагодны, светлы горад і ўтульны,

Усмешлівы заўжды паток людскі.

 

Яскравы ранак кожны, нават шэры,

Усмешак і размоваў карагод.

Аматары — у тэатр на прэм’еру,

А хтосьці — на будоўлю, на завод.

 

Зіяюць гарадскія панарамы.

І свежасцю павее ад ракі.

Дамы, кавярні, велічныя крамы.

Паўстаў імклівы горад праз вякі.

Ліда

Город Ліда велічны, прыгожы,

Гістарычны, слаўны праз вякі.

Створаны для ўсіх праз провід Божы,

Горад сэрцу самы дарагі.

 

Тут жыццё і век бягуць імкліва,

Хараством чаруе ў кожны час.

Праз стагоддзі вараць у Лідзе піва

І гасцінна разліваюць хлебны квас.

 

Замак узвышаецца, зіяе

З безліччу нязведаных прыгод.

Прадпрыемства горад праслаўляе —

Лідскі лакафарбавы завод.

 

Ліда — для жыцця, надзей, кахання,

Адкрывае новы далягляд.

Развіта машынабудаванне,

Маецца малочны камбінат.

 

Горад і руплівы, і вясёлы,

І старанны, хуткі, дзелавы.

Знойдзецца тут месца для касцёла,

Сінагогі даўняй і царквы.

 

Буйны горад, рухайся, старайся

І працуй да самазабыцця.

Кожны дзень імкліва развівайся,

Будзь прывабным для шчаслівага жыцця!

Смаргонь

Лясы, бары, някошаныя гоні

І ручайкоў нязменны гоман-медзь.

Усіх запрашае ў гасцінныя Смаргоні

Руплівы вартаўнік лясоў — мядзведзь.

 

У парку гоман-шум заўжды вяселы

І тлуміцца ад гукаў галава.

Званы вітаюць гучныя касцёла,

Над горадам уздымаецца царква.

 

А горад расшыраецца, буйнее,

Узрастае праз часы і праз вякі.

Гісторыяй славутай тут павее,

Абудзяць горад зранку цягнікі.

 

Наш горад — наша годнасць , наша слава.

У водары цюльпанаў і лілей.

Смаргонь — гэта маленькая дзяржава.

Жыві, наш шчыры горад, і квітней!

Масты

Бераг левы, бераг правы,

Кожны поўны, не пусты.

Пасярэдзіне — дзяржава,

Горад велічны — Масты.

 

Шырачэзныя прасторы,

Птушак велічны напеў.

Нёман абмывае горад,

Славіць месца «Мастаўдрэў».

 

Мост праз Нёман любаваўся

Бы ў люстэрку, у вадзе.

Ён адзін такі застаўся,

Больш не знойдзеш анідзе.

 

Пратапталі да касцёла

Шлях надзейны праз вякі.

Перасвіст узнялі вясёлы

На ўвесь горад цягнікі.

 

Водар кветак, дрэваў, траваў

Адчуваецца густы.

Прыязджайце ў дзяржаву —

Горад велічны Масты.

Ашмяны, Астравец, Смаргонь, Гродна, Масты, Навагрудак, Ліда, Іўе — гэта толькі частка тых гарадоў, пра якія створаны вершы. Крыніцай натхнення для напісання твораў з’яўляюцца самі гарады, іх архітэктура, урбаністычная строгасць і адначасова рамантызм, які заўсёды прысутнічае.

Кацярына РУДЗІК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *