У Ашмянах адбыўся раённы выпускны баль

Культура Молодежная политика


Сёння на цэнтральнай плошчы горада свята. Традыцыйна ў гэтыя сонечныя чэрвеньскія дні праходзіць раённы баль выпускнікоў. Пад уважлівым позіркам настаўнікаў, бацькоў, гараджан выпускнікі адзінаццатых класаў школ раёна станцуюць школьны вальс, атрымаюць ўзнагароды і развітаюцца з дзяцінствам, запусціўшы ў паветра воблака рознакаляровых шароў.

Уся ўвага скіравана сёння на іх, такіх прыгожых, лёгкіх, акрыленых. Яны зусім не падобныя на школьнікаў: дзяўчаты – у шыкоўных вячэрніх сукенках, хлопцы – у элегантных касцюмах. А яшчэ ўчора, здаецца, яны былі першакласнікамі – няўпэўненымі, сціплымі і зусім маленькімі ў параўнанні з букетамі, якія яны ўручаць затым сваёй першай настаўніцы. Яны былі такімі, бадай, як і выхаванцы дзяцячага садка №3, што прыйшлі павіншаваць сваіх старэйшых таварышаў з заканчэннем школы.

Вядучыя Ганна Ляўковіч і Яўген Скаржынскі ў ліку першых віншуць выпускнікоў са святам.

Да іх далучаецца старшыня райвыканкама Міраслаў Сарасек:

— Самым яркім і запамінальным быў для вас дзень, калі вы ўпершыню прыйшлі ў школу і пачулі першы школьны званок. Прайшло адзінаццаць год, а вам і вашым бацькам здаецца, што ўсё гэта было ўчора. Школьнае жыццё здавалася вам бясконцым, аднак вы не паспелі азірнуцца, як яно скончылася. Паважаныя выпускнікі, сёння вас перапаўняюць розныя пачуцці: радасць, хваляванне, сум і надзея. Бацькі спадзяюцца, што ў іх дзяцей абавязкова ўсё складзецца так, як яны задумалі. Настаўнікі і выхавальнікі вераць, што веды, якія яны далі дзецям, дапамогуць ім ў жыцці і стануць арыенцірам у дасягненні пастаўленых мэт. Усе мы спадзяемся, што нашы дзеці выберуць правільны шлях у жыцці, пранясуць праз гады памяць пра школу, сваіх аднакласнікаў і настаўнікаў, сваю малую радзіму. Я жадаю вам развівацца і ісці наперад. Працуйце над сабой, не палохайцеся перашкод, дасягайце вышынь, якія вы сабе пазначылі.

З 2011 года вучням раёна ўручаецца прэмія старшыні Ашмянскага раённага выканаўчага камітэта «Надзеі Ашмяншчыны» за высокія вынікі ў вучобе, спорце, мастацкім майстэрстве. Па выніках гэтага навучальнага года прэміяй адзначаны Марк Пуцята (гімназія №1), Юлія Рыбіцкая (СШ №1), Віялета Мікліс (Мураванаашмянкоўскі ВПК), Карына Несцерава (СШ №1), Валерыя Мігановіч (Барунскі ВПК), Іна Велямовіч (Кальчунская СШ), Дар’я Місуна (СШ №1), Ганна Кураловіч (СШ №1), Кірыл Церахаў (СШ № 2) Уладзіслаў Ігнатовіч (СШ №3), Лізавета Дзямідава (СШ №2), Наталля Паздняк (СШ №3), Юлія Бражыцкая (СШ № 2).

Сёлетні выпуск ў нашым раёне адметны: 39 адзіннаццацікласнікаў скончылі школу з залатым медалём і адзін – з сярэбраным. Узнагароды за штодзённую карпатлівую працу выпускнікам уручае старшыня райвыканкама Міраслаў Сарасек.

Лёгка і ад чыстага сэрца гучаць віншаванні ад дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандра Маркевіча, начальніка ўпраўлення адукацыі Святланы Баркоўскай, першага сакратара райкама БРСМ Вольгі Шыдлоўскай, старшыні раённай арганізацыі Беларускага фонду міру Тамары Суравец, дырэктара гімназіі №1 Вольгі Саванец, дабрачыннага цэркваў Ашмянскай акругі, настаяцеля храма Уваскрэсення Хрыстова Пятра Пятлёхі, ксяндза касцёла Святога Міхаіла Архангела Юрыя. Шчырыя словы ад усіх бацькоў адрасуе выпускнікам Людміла Пуцята.

Па добрай традыцыі бацькі выпускаюць у неба галубоў. Гэтак жа, як і птушкі, разляцяцца ў хуткім часе і іх дзеці ў самастойнае, поўнае таямніц жыццё. Разам з птушкамі паляцелі ў вышыню і бацькоўскія пажаданні. Няхай яны абавязкова спраўдзяцца і дапамогуць дзецям на шляху ў дарослае жыццё!

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *