У Гальшанах адкрылася выстава «Гальшанскі альфабэт». Фотарэпартаж

Культура События

У Гальшанах працуе выстава “Гальшанскі альфабэт”, прысвечаная гісторыі славутага Гальшанскага замка, мястэчку Гальшаны і новым знаходкам архівістаў, археолагаў, даследчыкаў. Гэта першае мерапрыемства, якое павінна стаць штуршком для пачатку грунтоўнай акадэмічнай працы па рэканструкцыі і кансервацыі ўнікальнага Гальшанскага замка. Выставу арганізавалі Беларускі фонд культуры, беларускі ІКАМОС, Нацыянальная камісія Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, кіраўніцтва Ашмянскага райвыканкама. Шмат намаганняў прыклала да гэтай важнай справы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь В.М. Лузіна.

На адкрыццё выставы “Гальшанскі альфабэт” сабраліся мясцовыя жыхары, навучэнцы гімназіі, прадстаўнікі Міністэрства культуры, Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА, фонду культуры, даследчыкі, гісторыкі, краязнаўцы і тыя, хто апантаны вывучэннем рэгіянальнай гісторыка-культурнай спадчыны. Адкрываючы мерапрыемства старшыня Беларускага фонду культуры У.А. Гілеп зазначыў: “Гальшанскі альфабэт” – своеасаблівая справаздача пра тое, што зроблена ў Гальшанах апошнім часам уладай, навукоўцамі, і пра тое, што яны яшчэ мараць зрабіць. Цікавых гістарычных месцаў на карце Беларусі шмат, але няшмат месцаў, дзе ўлады так зацікаўлена ставяцца да сваёй гісторыка-культурнай спадчыны. Навукоўцы, даследчыкі, гісторыкі адчуваюць пэўнае задавальненне ад гэтага ўзаемаразумення і імкнуцца далей працягваць пачатую справу. Беларускі фонд культуры далучыўся да гэтага праекта і будзе прадаўжаць яго.

Далей размову прадоўжыў У.Р. Счасны, старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА. Ён не ўпершыню на Ашмяншчыне. Прымаў удзел у Гальшанскіх чытаннях, адкрыцці геадэзічнага знака Дугі Струвэ ў Цюпішках. Фінансавая падтрымка з боку Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА – чарговы важкі крок, каб Гальшаны сталі не толькі цэнтрам культурных стасункаў, але і цэнтрам развіцця рэгіянальнага турызму. Адметна, што ў раскопках Гальшанскага замка і гарадзішча штогод удзельнічаюць валанцёры – вучні гальшанскай  і ашмянскай гімназій.

Археалагічныя работы на тэрыторыі Гальшан не завершаны, яны будуць прадаўжацца. Малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута  гісторыіі НАН Беларусі Павел Кенька, адзін з тых, хто ўзначальвае археалагічныя работы на тэрыторыі гальшанскага гарадзішча і Гальшанскага замка.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь В.М. Лузіна не толькі галоўны натхняльнік і каардынатар мэтанакіраванай дзейнасці па вывучэнню гісторыка-культурнай спадчыны Ашмяншчыны, але і апантаны, заўзяты прыхільнік  развіцця рэгіянальнага турызму з яго пачаткам у Гальшанах.

У сваім выступленні яна падзякавала навукоўцам, даследчыкам, гісторыкам, тым хто падтрымлівае пачынанне ашмянцаў у гэтай важнай і цікавай справе.

“Выстава – гэта працяг той мэтанакіраванай справы, якую пачынаў у Гальшанах яшчэ Э.С. Корзун, працягваюць Ч.Ф. Акулевіч, В.С. Лабуніна, бібліятэкары, людзі, апантаныя вывучэннем гісторыі роднага краю, якія імкнуцца, каб да яе змаглі грунтоўна дакрануцца тыя, хто толькі нарадзіўся”, — падкрэсліла Валянціна Міхайлаўна.

Адзіную думку выказалі старшыня Ашмянскага раённага Савета дэпутатаў М.У. Квяткевіч і намеснік старшыні Рэспубліканскага савета па культуры і мастацтву пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь А.І. Бутэвіч: краязнаўчая праца, сабраная у выставе, будзе садзейнічаць выхаванню патрыятызму, высокіх духоўных якасцяў, папаўняць веды па гісторыі ў маладога пакалення. Ідэй ніколі не бывае шмат. Змястоўны матэрыял выставы – гэта толькі першая ідэя да вялікай практычнай дзейнасці, якая будзе накіравана на музеефікацыю ўнікальнай каштоўнасці – Гальшанскага замка, канечным вынікам чаго стане прывядзенне замка ў належны стан.

І.Я. Раханскі, кіраўнік праектнага бюро грамадскай арганізацыі “Беларускі міжнародны камітэт “Ікамос” правёў экскурсію па выставе, на якой былі прадстаўлены знаходкі падчас гісторыка-архіўнага і бібліяграфічнага пошуку ў архівах Польшчы, Літвы, Беларусі. На падставе гэтага матэрыялу (фотаздымкі, тэксты) сфарміраваліся стэнды-фрагменты плана сядзібы Гальшаны ў 1707, 1834 гадах. А побач – тагачасныя планы Парыжа, Берліна і іншых еўрапейскіх сталіц. Гісторыкі сцвярджаюць, што ў параўнанні з імі Гальшаны зусім не праігрываюць. З дапамогай карт удалося высветліць, дзе знаходзіліся гальшанская паперня і сінагога, якая згарэла ў гады Першай сусветнай вайны. Прадстаўленыя  на стэндах матэрыялы рознапланавыя: падрабязнасці месцазнаходжання фальварка, пабудоў замка ў 1921-1822 гадах, фотаздымкі жыхароў мястэчка да 1939 года, некралогі па гальшанцах у амерыканскіх газетах, фотаздымкі памерлых, вынікі археалагічных даследванняў, якія праводзіліся з 1999 па 2011 гады, і г.д.

Кульмінацыяй выставы  з’яўляецца выява гіпатэтычнай  рэканструкцыі замка, замкавай капліцы, адноўленая выключна па гістарычных дакументах і паперах, без уліку практычных напрацовак.

Такім чынам стваральнікам “Гальшанскага альфабэту” ўдалося адлюстраваць у сваёй экспазіцыі гісторыю Гальшан з часоў Сапегаў, будаўніцтва замка да ХХ стагоддзя.

Ганна ДАВІДОВІЧ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

Поўны фотарэпартаж тут



2 комментария по теме “У Гальшанах адкрылася выстава «Гальшанскі альфабэт». Фотарэпартаж

  1. выставка на самом деле интересная, советую посмотреть Если бы не Лузина, то вряд ли что у нас интересное происходило бы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *