Аб чым пісала раённая газета ў 1949-1959 гады?

75 лет Гродненской области Культура

«Ашмянскі веснік»: 80 год пішам гісторыю разам з вамі

Аб чым пісала раённая газета ў перыяд 1949-1959 гады?

У краіне, якая перамагла фашызм, пачынаўся этап пасляваеннага аднаўлення народнай гаспадаркі. Цяпер “раёнка” брала ў рукі “серп і молат”, каб  мэтанакіравана дапамагаць жыхарам ў будаўніцтве мірнага жыцця.

На калгасны шлях

У жупранскім сельсавеце арганізавалі два новыя калгасы. Вяскоўцы Малых Шумілішак сваю арцель назвалі “Дружба”, а Вялікіх Шумілішак – “Светлы шлях”. Цяпер у сельсавеце – 8 калгасаў. Днямі ў весцы Талоцішкі Анкудскага сельсавета таксама організавалі новы калгас. У яго ўступілі 56 сялянскіх гаспадарак.  Маладыя калгаснікі сваёй  арцелі  далі назву “Маладая гвардыя”.

Новаму ўраджаю – надзейныя дарогі

Хлебаробы сельгасарцеляў праводзяць месячнік рамонту мясцовых дарог і мастоў. На рамонце дарогі  Граўжышкі – Ашмяны актыўна прымаюць ўдзел калгаснікі арцелі “Світанак” Крэйванцаўскага сельсавета і імя Будзённага Ашмянскага сельсавета. Фелікс Паплаўскі, Вера Кутко, Вікенцій Мажэйка ў дзень выконваюць па 2-3 нормы. Дрэнна выконваюць рамонт дарог калгаснікі Кальчунскага сельсавета. Тут не турбуюцца, што хутка пачнецца касавіца  і для  первозкі зерня новага ураджаю патрэбны добрая дарога і масты.

Па прыкладу гастэлаўцаў

Адказна працуюць калгаснікі арцелі імя Жданава Погірскага сельсавета на ўборцы ўраджаю. Удзел прымаюць ўсе працаздольныя. Касавіца жыта ужо завершана. Поўным ходам ідзе жніво ячменю. Пачалася малацьба. Першыя 567 кілаграмаў зерня калгас здаў дзяржаве. У адказ на прызыў гастэлаўцаў усе калгаснікі імкнуцца датэрмінова выканаць свае планы – лепшае зерне здаць дзяржаве.

Народная адукацыя і сярэднія навучальныя ўстановы

Пасля вайны адноўлена уся школьная сетка  ўстаноў народнай адукацыі.   У 1950 годзе ў раёне працуе 91 школа: 2 сярэднія, 17 сямігодак і 72 пачатковыя. У школах навучаецца 10.646 дзяцей – у два з паловай разы болей, чым у 1940 годзе. Адкрыты 5 дзіцячых дамоў для дзяцей-сірат. За 11 гадоў адкрыты і працуюць 4 сярэднія вучэбныя ўстановы: сельскагаспадарчая школа, педагагічнае вучылішча, школа пчаляроў і фельдшарска – акушэрская школа. З 1 кастрычніка адкрылася пятая навучальная ўстанова – Ашмянская школа механізацыі. Яна рыхтавала камбайнёраў, шафёраў, трактарыстаў.

Ахова здароўя для кожнага

На тэрыторыі раёна адкрыты і працуюць: раённная бальніца на 100 коек, паліклініка з жаноча-дзіцячай кансультацыяй, 4 сельскія бальніцы – ў Мураванай Ашмянцы, Гальшанах на 15 коек, Анжадава, Граўжышках — на 10 коек, урачэбна-амбулаторны ўчастак у Жупранах і 9 фельдшарска-акушэрскіх пунктаў. Медыцынская дапамога аказваецца бясплатна.

Культура… не толькі гаспадарання

У раёне працуюць раённы і 4 сельскія Дамы культуры, 3 клубы, 18 хатаў-чытальняў, гарадская, раённая і 3 сельскія бібліятэкі. Іх кніжны фонд складае каля 10 тысяч кніг. У калгасах адкрыта 20 чырвоных куткоў. Працаўнікоў раёна абслугоўваюць 7 гукавых кінаперасоўвальных і 2 стацыянарныя кінаўстаноўкі. У раён ідзе да 10 тысяч экзэмпляраў газет і журналаў. Выдаецца 3 мясцовыя газеты – раённая і 2 палітаддзелаўскія. У дамах жыхароў – 820 радыёкропак, у асабістым карыстанні – 192 радыёпрыёмнікі.

Праца селяніна аблегчваецца

На змену коннаму плугу прыходзіць трактар. У двух МТС – Ашмянскай і Гальшанскай- налічваецца некалькі дзясяткаў трактараў, 5 зерневых, 2 – ільноўборачных камбайны, больш двух дзясяткаў сеялак,  малацілак і іншай сельскагаспадарчай тэхнікі.

Перавыканаць планы

Перад камуністамі Ашмянскі райком КПБ паставіў задачы дабіцца перавыканання сямігадовых планаў: атрымаць ураджай зерневых — 15 цэнтнераў з гектара, 160 цэнтнераў бульбы, 5 цэнтнераў ільносемя, 500 цэнтнераў зялёнай масы кукурузы.  Патрэбна давесці вытворчасць малака і мяса  да 90 працэнтаў на 100 гектараў зямельных угоддзяў.

Створаны саўгас “Гальшаны”

Са згоды калгаснікаў сельгасарцелей імя Сталіна, “Ленінскі шлях”, імя Чапаева і “40-гадоў Кастрычніку” нашага раёна ў сакавіку 1960 года быў створаны саўгас “Гальшаны”. Яго дырэктарам назначаны І.Л. Швідлер, які раней працаваў начальнікам райсельгасінспекцыі.

Навая Кракоўка

За апошні час непазнавальна змянілася вёска Кракоўка – цэнтр сельгасарцелі “Свабода”. Вёска вырасла і пахарашэла. Сюды перасяліліся з хутароў 45 сямей калгаснікаў. Забудова новай вёскі ідзе па генеральнаму плану, распрацаванаму праектнымі рэспубліканскімі арганізацыямі. На новых вуліцах вёскі размесціцца 120 дамоў былых хутаран. Новыя дамы калгаснікаў па сваёй унутранай планіроўцы прыгожыя і ўтульныя. Яны маюць па 3 акны з фасаду і парадны ганак. Кожны навасёл павінен каля сваёй хаты пасадзіць зялёныя  ці садовыя дрэвы.

Гэтыя простыя факты і лічбы – жывыя сведкі росту развіцця і руху наперад, які ўдалося здзейсніць жыхарам у кароткі тэрмін пасля вайны. Газета ў гэты перыяд становіцца  насычанай рознымі тэмамі і матэрыяламі, на яе старонках выступаюць працаўнікі масавых прафесій, сакратары партарганізацый, камсамольскія лідары, друкуюцца звароты і прызывы. Кожны тыдзень рыхтуецца падборка матэрыялаў “Пісьмы ў рэдакцыю”. Рэгулярна выпускаецца  сатырычая падборка “Наш Вожык”. За пятнаццацігадовы перыяд пасля Перамогі калектыў газеты папоўніўся новымі кадрамі. У гэты перыяд у рэдакцыі працуюць В. Іваноў, М. Ціханенка, Г. Лось, А. Шэлюта, Г. Неўпакоеў, рэдагуе  газету “Знамя свабоды” – У.Бабарыкін.

Падрыхтавала Ганна ДАВІДОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *