З сапраўдным майстрам сваёй справы Крысцінай Генрыхаўнай Міцкевіч з Крэйванцаў пазнаёмілася некалькі год таму падчас святкавання Дня незалежнасці. Тады яна прывезла свае саламяныя вырабы на выставу. Яе работы вабілі многіх ашмянцаў і гасцей свята. Дарэчы, тут мне пашанцавала набыць невялікую пасудзіну з лазы. Як патлумачыла тады майстрыха, гэта была першая пробная работа з незвычайнага і вельмі прыгожага матэрыялу.
Сёлета выкарысталі магчымасць, каб пабываць у Крысціны Міцкевіч дома. Тут у яе ёсць свой невялікі пакой, дзе доўгімі зімовымі вечарамі яна чаруе над саломкай, крок за крокам ўдасканальваючы сваё майстэрства. Колькі прыгожых вырабаў тут было сабрана! Аплікацыя з кветак, падстаўка пад цукеркі і прысмакі ў форме лебедзя, кашолачкі, ваза незвычайнай формы з вялікімі бутонамі ружаў…
Асабліва прыгожыя лілеі з ружовымі пялёстачкамі. Іх тэхніку выканання крэйванцаўская майстрыха падгледзела падчас правядзення фэсту ў Гальшанах ў астравецкіх калег. З таго часу закахалася ў гэтыя кветкі. Спрабавала сама прыдумваць новую тэхніку пляцення, удасканальваючы розныя формы. Атрымалася выдатна. Навучылася плесці з саломкі падчас спецыяльных курсаў, што праходзілі ў Гродна. І вось на працягу трох гадоў яна, мастацкі кіраўнік мясцовага сельскага Дома культуры, стварае непаўторныя па сваёй прыгажосці саламяныя вырабы. Апошнім часам яна калі-нікалі выкарыстоўвае лазу.
— Найбольш часу ідзе на выраб пялёстка, — дзеліцца сваімі сакрэтамі Крысціна Генрыхаўна. – Калі справа ідзе роўна і гладка, то за вечар у мяне атрымоўваецца зрабіць адну такую лілею. Разумею, чаму людзям хочацца набыць для сябе гэтую прыгажосць. Тут – частачка маёй душы, дзе захоўваецца ўсмешка сонца.
Бліскучая саломка розных адценняў выкарыстоўваецца на саламяныя кветкі. А вам вядома, што каб давесці зрэзаную своечасова саламяную сцяблінку да толку, трэба прыкласці шмат сілы і розных хітрыкаў?
Па-першае, для працы прыгодная салома аўсу і трыцікале. Да таго ж, існуе тры тэрміны, калі можна ісці на хлебныя палі за падручным матэрыялам. Салому можна нарыхтоўваць у пачатку ліпеня. Добрыя аплікацыі атрымаюцца з саломкі, загадзя нарыхтаванай у канцы ліпеня – пачатку жніўня. Будзе ідэальна, калі вам пашчасціць сабраць непашкоджаную дажджамі залацістую салому перад самым жнівом. Менавіта такая патрэбна сапраўднаму майстру, а вырабы з яе доўгі час будуць радаваць вас сонечнай цеплынёй, увабранай падчас трох летніх месяцаў. Чым больш коласу ўсміхаецца сонца, тым харашэйшай робіцца сцяблінка. А потым пачынаецца сапраўднае чарадзейства: каб надаць матэрыялу прыгожы колер, яе адбельваюць. Значную дапамогу Крысціне Генрыхаўне аказваюць кнігі, дзе яна знаходзіць новыя формы і тэхніку пляцення.
— Зараз ужо добра і дастаткова хутка атрымоўваецца зубатка, вітушка, — расказвае майстрыха, — а вось сваіх гурткоўцаў пачынаю вучыць плесці пацеркі.
Свае сакрэты і сваё ўменне плесці з саломкі Крысціна Міцкевіч з вялікім задавальненнем перадае сваім старанным вучням Аксане Манцэвіч, Дзіяне Міцкевіч, Аліне Ваяводцкай, Дзмітрыю Лісоўскаму. Пра работы і тэхніку выканання Дзяніса Харытонава Крысціна Генрыхаўна сказала так: “У гэтага хлопца ёсць талент. У яго руках работа гарыць”.
Як і любы творчы чалавек, Крысціна Генрыхаўна штодня ўдасканальвае сваё майстэрства. Ёй хочацца паспрабаваць сплесці што-небудзь з ніцай вярбы, бо гнуткія галінкі добра могуць добра пераплятацца пры патрэбе.
Алена ШЫДЛОЎСКАЯ.
На здымку: саламяныя вырабы Крысціны Міцкевіч.
Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.