Гістарычнымі фактамі і дакладнымі дакументамі пацверджана, што суадносна да колькасці насельніцтва найбольшыя страты падчас Вялікай Айчыннай вайны панесла Беларусь – кожны трэці яе жыхар аддаў сваё жыццё ў імя перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Кожная смерць – на фронце, у партызанскіх баях супраць акупантаў, у карных экспедыцыях захопнікаў, з-за голаду, хвароб і па іншых прычынах – гэта часцінка той вялікай усенароднай барацьбы, якая дазволіла адстаяць нашу свабоду і незалежнасць.
І сёння нярэдка можна пачуць сцвярджэнне, што кожная беларуская сям’я ў час вайны кагосьці страціла. І сапраўды так, гэта не перабольшванне. Упэўнілася ў гэтым на прыкладзе маіх родных. Нядаўна, калі мой сын Аляксандр, сямікласнік другой гарадской школы, як і ўсе яго аднакласнікі, атрымаў заданне напісаць у вершаванай форме пісьмо воіну, які загінуў у час вайны, прычым пажадана камусьці са сваякоў па лініі старэйшага пакалення, мы пачалі ўспамінаць, падлічваць, колькі ж родзічаў не вярнуліся дадому. І вось атрымаўся сумны рахунак…
Мой тата падчас вайны страціў траіх – бацьку, які пайшоў на фронт і не вярнуўся, маці і малодшага брата, якія памерлі з голаду. Мая мама каля двух гадоў разам з маці, бацькам і братам знаходзілася ў партызанскім атрадзе ў Рудабельскай зоне, што на Гомельшчыне. На шчасце, усе асталіся жывымі, хаця траплялі і пад бамбёжкі, і пад карныя экспедыцыі фашыстаў. Праўда, мамін бацька, мой дзед, пасля партызанскіх лясоў адчуваў сябе не вельмі добра, хварэў і пайшоў з жыцця рана. А вось трое маміных дзядзькоў склалі свае галовы як на палях баёў, так і ў іншых сітуацыях. На жаль, аб тым, як і дзе яны загінулі, доўгі час не было ніякіх звестак, асабліва пра Івана Савельевіча Лугіна (афіцэра, напэўна, бо на здымку бачны два ромбікі і артылерыйская пятліца). На фронт ён трапіў з першых дзён вайны, перад гэтым толькі што закончыў Тыфліскае артылерыйскае вучылішча. Менавіта з тых першых дзён Вялікай Айчыннай вайны ніякіх звестак аб ім не было шэсць дзесяцігоддзяў. І толькі ў студзені 2003 года дзякуючы газеце “Беларуская ніва” родныя нарэшце даведаліся пра горкі лёс Івана Савельевіча. 9 студзеня таго года газета надрукавала матэрыял ветэрана вайны Мікалая Дуброўскага пад загалоўкам “Тайна Хамельбурга” ў рубрыцы “Невядомая вайна”. У артыкуле было сказана наступнае: “Вось Іван Лугін. Нарадзіўся 1 верасня 1918 года ў вёсцы Вайцяхова Клетнянскага сельсавета Глускага раёна. Ваяваў у складзе 635-га артпалка, меў нагрудны нумар 5037. 30 чэрвеня ў баі пад Кіевам трапіў у палон. Амаль праз год, 1 чэрвеня 1942 года, памёр. На яго ўліковай картцы, заведзенай у Хамельбургу, дакладна бачны фота і адбітак яго пальца”.
Вось такім чынам лёс яшчэ аднаго вайскоўца стаў вядомы замест ранейшага “прапаў без вестак”. Дарэчы, у той жа вёсцы Вайцяхова Клетнянскага сельсавета і сёння пражывае пляменнік Івана Лугіна.
Дарэчы, афіцэрскі лагер у Хамельбургу (Баварыя) вядомы яшчэ з часоў Першай сусветнай вайны. А ўвосень 1941 года тут утрымлівалася 18 тысяч ваеннапалонных. Аднак колькасць людзей у лагеры не была пастаяннай: людзі, замучаныя катаваннямі, голадам, паміралі кожны дзень сотнямі, частку палонных адпраўлялі ў канцлагер Дахау. Не вытрымаў такіх умоў і Іван Лугін.
Пра ўсё гэта і пра цяжкія баі пад Кіевам летам 1941 года наш дзед расказаў унуку, нагадаў, што на кіеўскім напрамку нямецка-фашысцкія войскі мелі перавагу ў людзях і тэхніцы ў два разы. Тым не менш гэта абарончая аперацыя працягвалася звыш двух з паловай месяцаў. Нашы войскі пакінулі сталіцу Украіны толькі 19 верасня 1941 года. Можа, на які дзень-другі затрымала ворага і батарэя Івана Лугіна…
Пасля гэтага Аляксандр і пачаў думаць пра пісьмо, раіўся з намі, прасіў падказаць, дапамагчы. У рэшце рэшт атрымалася такое вось пасланне.
Пісьмо Івану Савельевічу Лугіну, ураджэнцу вёскі Вайцяхова Глускага раёна,
былому воіну 635-га артпалка, які памёр 1 чэрвеня 1941 года ў лагеры Хамельбург (Баварыя)
Я не бачыў пакутаў і слёзаў вайны,
Я не бачыў, як гінуць бацькі і сыны,
Я не чуў, як снарады і бомбы ляцяць,
Як вясковыя хаты запалкай гараць.
Бачыў толькі крыжы і магілы байцоў
І як людзі ідуць сюды зноў ды ізноў…
У сорак першым ты быў шчэ зусім малады,
Як мільёны, ты стаў супраць чорнай бяды.
Толькі сілы няроўныя ў схватцы былі –
І цябе і твой полк у палон узялі.
Я за гэта ніколькі цябе не віню,
Там, пад Кіевам, ворагу далі агню,
Свой спачын не адзіны фашыст там дастаў…
Але шлях твой пакутны ў канцлагер ляжаў.
Голад, здзекі, хваробы і хуткая смерць.
Больш ніколі не будзеш на сонца глядзець,
Не ўбачыш, як свеціць уначы маладзік –
Для цябе белы свет назаўсёды там знік.
Але гібель твая недарэмнай была:
Яна ўсім нам свабоду і шчасце дала.
Маіх слоў ты не чуеш, але іх прымі
Як падзяку за хлеб, за ўраджай на зямлі,
Што расту і вучуся я ў мірныя дні,
Што начамі паўсюдна не гаснуць агні,
Што ў небе “чорных арлоў” не відаць,
Што снарадаў і бомбаў нідзе не чуваць.
Спі ў брацкай магіле, салдат, чалавек, –
Ты ў памяці нашай застаўся навек.
Магчыма, у пісьме выказалі не ўсё, што хацелася. Галоўнае ў тым, што для сына адкрылася яшчэ адна старонка той вайны і не кніжна-кіношная, а суровая, праўдзівая, жорсткая, неймаверна цяжкая і крывавая, што і прыносіць заўсёды любая вайна.
А што датычыцца напісання такіх пісем вучнямі, то гэта, на мой погляд, вельмі дзейсная форма вывучэння гісторыі і вынікаў вайны і больш глыбокае знаёмства са сваім радаводам, і ўрэшце сапраўдны ўрок патрыятызму.
Алена Ермаковіч,
г. Ашмяны.