Цікавую, багатую на разнастайныя конкурсы, святочную праграму, стылізаваную пад гальшанскі кірмаш, падрыхтавалі для жыхароў аграгарадка і яго гасцей работнікі мясцовага Дома культуры.
Сваёй маштабнасцю бойкія гальшанскія кірмашы вядомыя па летапісным звесткам яшчэ з 16 стагоддзя. Яны прыцягвалі не толькі ўласных, але і купцоў з навакольных мястэчак і гарадоў. На мясцовай гандлёвай плошчы ў такія дні не было, як кажуць, дзе і яблыку ўпасці. Трэба адзначыць, што сапраўдны кірмаш – гэта не толькі гандаль. Гэта сапраўднае свята для працоўнага люду, бо тут не толькі прадавалі і куплялі розны тавар, але і проста адпачывалі, бавілі час, захапляліся майстэрствам і талентамі адзін аднаго. На той час у Гальшанах былі корчмы, заезныя дамы, працавала многа рамеснікаў.
Імправізаваны кірмаш наладзілі для гледачоў работнікі культуры на цэнтральнай плошчы ля Дома культуры. Адкрылася святочнае мерапрыемства прывітальнай песняй “Землякі” ў выкананні Алы Яновіч і Аляксандры Каваліцкай. Такі музыкальны ўступ да асноўнай святочнай часткі быў выбраны нездарма. Правільна заўважана, што толькі родная зямля дае кожнаму з нас сваю сілу, сустрэча з роднымі і блізкімі робіць нас па-сапраўднаму шчаслівымі і духоўна багатымі.
Гальшаны для многіх сталі адным самых дарагіх сэрцу мясцін. Тут жывуць не толькі працавітыя, але і творчыя, таленавітыя людзі. Тут умеюць не толькі працаваць на зямлі, дружна жыць і гадаваць дзяцей, але і цікава адпачываць.
На сцэне з’яўляецца збянтэжаны Сымон (Віктар Трот), які на кірмашы страціў сваю жонку (Алена Шавель). А прыехалі яны сюды, каб прадаць свайго бычка, якога старанна гадавалі. Нашы дзяды і прадзеды ўмелі гандляваць. Якімі толькі эпітэтамі ні сыпала сымонава жонка, каб як мага больш грошай ўзяць за жывы тавар. Урэшце рэшт прадала яго суседцы (Вольга Кузьміцкая).
Як вядома, кірмашы – гэта не толькі гандаль. Тут можна пажартаваць, пасмяяцца, сустрэць знаёмых. Завітала на гальшанскі кірмаш і кума (Любоў Шчарбакова) не з пустымі рукамі, а пакуль свае прысмакі збывала, не давала сумаваць ўдзельнікам свята і загадвала ім загадкі. Самыя кемлівыя і дасціпныя атрымалі салодкія прызы.
А які ж кірмаш без цыганоў? Чароўныя цыганачкі не толькі праспявалі пра сваё ўменне праўдзіва прадказваць лёс, але і правялі цікавы конкурс. Некалькі параў выйшлі станцаваць танец “Цыганачка”. Трэба сказаць, што жадаючых знайшлося вельмі шмат. Танцавалі і вялікія, і самыя маленькія ўдзельнікі свята. Аднак падарункі дасталіся тром самым актыўным парам. На развітанне прыгажуні-дзяўчаткі наваражылі добрую долю і шчаслівы лёс гальшанскім жыхарам і гасцям.
Завіталі на кірмаш ў Гальшаны звонкагалосыя госці – народны сямейны калектыў “Граўжанцы”. Кранальныя беларускія народныя песні выканалі для ўдзячных гледачоў вакальны жаночы гурт і салістка калектыву Алена Сальмановіч.
Свае нумары падаравалі ўсім удзельнікам святочнага мерапрыемства Марына Гайдановіч, Любоў Шчарбакова, Віктар Трот, Ала Яновіч, Аляксандра Каваліцкая, Аляксандр Калейнік, дыпламант абласнога конкурсу дзіцячай эстраднай творчасці “Масты надзей” і лаўрэат другой ступені рэгіянальнага конкурсу эстраднай творчасці “Адна зямля” Насця Супрановіч, а таксама жаночы вакальны гурт “Заранка” і вакальны гурт “Рамонак”. Кожны, хто наведаўся на свята, атрымаў вялікі зарад бадзёрасці і пазітыўнага настрою дзякуючы цікавым пастаноўкам, вясёлым песням і жартоўным конкурсам, якія ад душы падрыхтавалі і правялі сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы.
Работнікі Гальшанскага Дома культуры выказваюць падзяку кіраўніцтву СВК “Гальшанскі” за прадастаўленыя падарункі.
Алена ШЫДЛОЎСКАЯ.
Фота аўтара.
На здымках: вось так весела калектыўны дзень адпачынку прайшоў у Гальшанах.