«На Ашмянскай прызбе» з Эдвардам Сяргеем

Культура

Яшчэ зусім нядаўна ён і сам не мог паверыць, што будзе трымаць у руках кнігу ўласных твораў. Нават і цяпер, калі  чуе ў свой адрас шчырыя словы падзякі за яскравыя гумарэскі і байкі ад сваіх знаёмых і родных, яму здаецца, што гэта не з ім  і не пра яго.  Такі вось ён, сціплы, адкрыты і, без перабольшвання, таленавіты,  аўтар кнігі  “На ашмянскай прызбе” Эдвард Сяргей.

Сёння мы прапануем нашым чытачам гутарку з Эдвардам Аляксандравічам, у якім разважанні пра творчасць, родную зямлю, каханне, пра тое, што турбуе і цікавіць  сучаснага чалавека.

— Эдвард Аляксандравіч, адразу ж хачу запытацца, ці не памылка ў вашай кнізе ў назве вёскі, дзе вы нарадзіліся? Хіба ў нашым раёне ёсць   Мішкіні?

— Так, зараз на карце раёна вы не знойдзеце вёскі з такой назвай. Яна знаходзілася дзесьці паміж Галінамі і Талоцішкамі. Два гады свайго жыцця я пражыў ў гэтых прыгожых мясцінах. Аб сваёй радзіме ў мяне ўзніклі такія радкі:

Загараны той падмурак,

Але не пустуе.

Па-над ім гадоў мо сорак

Жыта каласуе.

Сярод жыта васілёк

Сіняй зоркай віўся.

Тым прыкметны той куток,

Дзе я нарадзіўся…

— Напэўна, можна сказаць, што адсюль  і карані вашай творчасці?

— Безумоўна, гэта так. Мае бацькі былі звычайнымі вясковымі людзьмі, без дыпломаў і чыноў. Маці, Ірына Станіславаўна, працавала ў Анкудскай базавай школе тэхнічным работнікам. Яна вельмі прыгожа спявала, ведала шмат песень і балад. Я любіў слухаць тыя спевы. Вечарамі яна садзілася за калаўрот, і песні ліліся разам з воўнай, якую яна прала. Зараз вельмі шкадую, што не занатаваў тыя песні. А з часам яны сцерліся з памяці. Сюжэты многіх маіх гумарэсак падказаў бацька, Аляксандр Браніслававіч.  Памяць ў яго была выдатная, ды і апавядальнік ён быў адмысловы. Гадзінамі мог расказваць розныя гісторыі і жарты, часам з рэальнага жыцця, а парой і выдуманыя.

— А вы памятаеце свой першы верш?

— Памятаю,  і не толькі таму, што ён быў першы, але яшчэ і таму, што ўзнік у выніку моцнага перажывання. Шчымлівыя радкі з’явіліся пасля смерці маці. Іх цяжка было назваць паэзіяй, аднак памятаю, як сястра зазначыла, што ў верша ёсць душа. Гэты душэўны крык аднак быў разавы. Далей справа не пайшла. І толькі  дзесьці два гады назад  мяне ізноў “прабіла” на творчасць.  Пачаў  спрабаваць свае сілы ў прозе і паэзіі.

У чытачоў можа ўзнікнуць пытанне, чаму я пішу больш байкі і гумарэскі? Магчыма таму, што са школы люблю творчасць Кандрата Крапівы. Яго байку “Балет” яшчэ ў дзяцінстве вывучыў на памяць, хаця па школьнай праграме яе і не праходзілі.  Нераўнадушны я і да Уладзіміра Высоцкага. Ён быў кумірам моладзі майго часу і з бабіннага магнітафона, які я набыў,  увесь час гучаў яго хрыплаваты голас.

— Што для вас складаней: проза ці паэзія?

Празаічныя творы  даюцца лягчэй. Аднак  мне даражэй і цікавей тое, для ажыццяўлення чаго трэба прыкласці больш намаганняў. Я такі па жыцці. Нават у будаўнічай праве, як задамся якой мэтай, як захопіць яна мяне, то ніхто  і нішто  не спыніць, пакуль не даб’юся рэзультату. Вось будаваў нядаўна лазню на заказ. Ведаў, што амаль нічога ў фінансавым плане не атрымаю, аднак мне гэта было цікава. Яшчэ паклаўшы першы брус, я  ўяўляў, якой яна атрымаецца. І атрымалася —  прыгожай і дыхтоўнай. Усе засталіся задаволенымі: і будаўнік, і гаспадар.

Кажуць, вершы пішуць нешчаслівыя людзі. Вы згодны з гэтым меркаваннем?

— Не, не пагаджуся. Я лічу сябе шчаслівым чалавекам. У мяне цудоўная сям’я. Побач са мной надзейныя сябры, якія заўсёды падтрымаюць мяне ў горы і раздзеляць са мной радасць. У нейкім сэнсе я вольны чалавек. Мая цяперашняя работа дае мне права  займацца тым, да чаго ляжыць душа.

— А як з’яўляюцца вашы творы? Адкуль вы чэрпаеце натхненне?

—  Па рознаму бывае. Аднак самае важнае – гэта настрой і цішыня. Ноччу добра пішацца, нішто не перашкаджае. Часам займаюся рамонтам, а побач сшытак ляжыць. Там занатоўваю ўсе свае думкі. Мае сюжэты ўзяты з жыцця, іх прыдумляць не трэба. Многія з іх падказаў бацька. Каб перадаць больш дакладна падзеі, я нават захаваў  мову маіх герояў, з дыялектамі і запазычаннямі з іншых моў. Так размаўлялі мае вяскоўцы,  гэтай мовы не цураюся  і я. Шмат  прыходзіцца працаваць са слоўнікамі: сваіх ведаў часам не  хапае.

— У сваіх гумарэсках вы асуджаеце чалавечыя заганы:  п’янства, зайздрасць, раўнадушша, хцівасць. Як павінен жыць чалавек, каб яго гэта не каснулася?

— Кожны чалавек  хоча жыць спакойна, каб нішто яму не перашкаджала  і не замінала, каб было зручна і ўтульна. Аднак для гэтага трэба прыкладваць шмат намаганняў. У адных гэта атрымліваецца, у іншых – не. Больш слабыя пачынаюць заглядваць у чарку. Я не асуджаю такіх людзей, бо жыццё наша нялёгкае. Я таксама супраць сляпой барацьбы з п’янствам. Наш народ кемлівы, і розныя забароны для яго – гэта часовыя цяжкасці.   Да людзей з алкагольнай залежнасцю трэба ставіцца больш цярпіма. А ведаю шмат выпадкаў, калі людзі пасля таго, як іх бралі на работу, кідалі піць. Аднак на маёй памяці няма выпадкаў, каб змянілася жыццё ў лепшы бок у тых, каго з работы з-за п’янкі проста выкінулі.

— Як ставяцца да вашай творчасці вашы родныя?

— Спачатку не зусім сур’ёзна (смяецца). А зараз сталі адносіцца больш паважліва, зразумелі, што ўсё гэта дапамагае мне жыць. У мяне цудоўная сям’я, цэнтрам якой стала наша дачка Дзіяна. Яна нас з’яднала. Перашкоды, што наканаваў нам лёс, зрабілі  нас моцнымі, цвёрдымі духам. Мы з аптымізмам глядзім у будучыню.

Са сваёй жонкай Марынай  жывём ў ладзе і згодзе ўжо  25 гадоў. Калісьці мы пазнаёміліся ў Анкудах. Яна, ураджэнка Шчучынскага раёна, прыехала ў вёску да сваёй сяброўкі, з якой вучылася ў сельскагаспадарчым тэхнікуме. Дзяўчына мне спадабалася адразу ж, паланіла не толькі знешнасцю, але і сціпласцю, разважлівасцю.  Мы пажаніліся 26 красавіка, калі адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Але тады аб гэтым ніхто і не ведаў. Каханне да сваёй Марыны я нясу праз усё жыццё. Без яго немагчыма, бо гэта стымул жыць, развівацца, дасягаць пастаўленых мэт. Я супраць сённяшняй легкадумнасці ў адносінах. Не падтрымліваю і грамадзянскія шлюбы, бо яны пазбаўляюць чалавека адказнасці за людзей, якія знаходзяцца побач.

— Эдвард Аляксандравіч, а дзе нашы чытачы  могуць пазнаёміцца з вашай  кнігай “ На ашмянскай прызбе”? Як яе набыць?

— Ва  ўсіх бібліятэках раёна мая кніга ўжо ёсць. Набыць яе можна і ў рэдакцыі раённай газеты. Калі атрымаецца, то кніга з’явіцца і ў продажы.

За тое, што гэта выданне пабачыла свет, я вельмі ўдзячны свайму аднавяскоўцу са ст. Ашмяны, а зараз дацэнту кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій Беларускага дзяржаўнага  тэхналагічнага ўніверсітэта Уладзіміру Куліковічу і студэнтцы гэтай навучальнай установы Кацярыне Грышчанка.  Важкую дапамогу ў рэдагаванні тэкстаў  мне аказала мая пляменніца Людміла Козел. Гэта з яе падачы я ўпершыню пазнаёміўся з калектывам газеты “Ашмянскі веснік”. На старонках гэтага выдання адбыўся мой дэбют. Тут мяне падтрымалі,  а ўсё разам і паспрыяла з’яўленню маёй кніжкі, якая, лічу, павінна спадабацца чытачам.

Дзякую вам за гутарку. Творчасці і натхнення вам, а таксама новых зборнікаў.



3 комментария по теме “«На Ашмянскай прызбе» з Эдвардам Сяргеем

  1. Даже интересно. Приятно то, что стартером в этой истории выступила газета.

  2. Стартер, в первую очередь, сам автор. Но без газеты тоже никуда!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *