Пры рэдакцыі раённай газеты ўжо шмат год існуе літаратурная суполка, якая аб’ядноўвае вакол сябе творчых і таленавітых людзей Ашмяншчыны. На жаль, не заўсёды выпадае нам сустракацца, як хацелася б. За будзённымі клопатамі і турботамі не так часта прыходзіцца абменьвацца думкамі і паэтычнымі напрацоўкамі: больш у завочнай форме, праз літаратурную старонку ў газеце, але ад гэтага нашы сустрэчы робяцца яшчэ больш цёплымі і жаданымі.
Чарговае чэрвеньскае пасяджэнне ў літаратурнай гасцёўні пры рэдакцыі на гэты раз мы вырашылі зрабіць адкрытым і запрасілі да сябе ў госці надзеленых паэтычным талентам людзей з Астравецкага і Смаргонскага раёнаў. Асаблівых цяжкасцей гэта не выклікала, таму што нашы калегі з “Астравецкай праўды” і “Светлага шляху”, дзе пры рэдакцыях таксама існуюць літаратурныя аб’яднанні, адразу ж падтрымалі нашу ініцыятыву і далі згоду на ўдзел у мерапрыемстве.
Краязнаўчы музей імя Францішка Багушэвіча стаў адпраўной кропкай творчай гасцёўні. Менавіта ў сценах гэтага прыгожага, прасторнага і светлага захавальніка гісторыі мы вырашылі распачаць нашу імпрэзу. Прывітаўшы шматлікіх гасцей, кіраўнік літаратурнага аб’яднання Аліна Санюк прачытала ў іх гонар верш і пазнаёміла з праграмай мерапрыемства, а затым перадала слова навуковаму супрацоўніку музея Вераніцы Рэмізевіч. Змястоўная экскурсія пра мінулае і дзень сённяшні Ашмянскага краю дала магчымасць паглыбіць веды пра гісторыю нашай старонкі і слынных яе асоб, што пакінулі тут адметны след. Грунтоўным дадаткам да аповеда экскурсавода стала паэма мясцовага паэта Пятра Шаколы “Ашмяны”. Аўтар расказаў, аб чым яго твор, засяродзіўшы ўвагу прысутных на паходжанні назвы нашага горада.
На другім паверсе музея разгарнулася творчая выстава адказнага сакратара рэдакцыі Юрыя Нікалаева “Стоп-кадр: ашмянскі ракурс”, дзе былі прадстаўлены вершы-подпісы аўтара да здымкаў фотакарэспандэнта Святланы Муцянскай, іншых супрацоўнікаў газеты, а таксама чытачоў-фотааматараў. Прэзентацыя выставы пачалася музычным уступам сябра газеты Уладзіміра Карасёва. Пасля Юрый Нікалаеў расказаў аб сваім захапленні жанрам фота-слова. Уражанні аб выставе выказалі госці мерапрыемства. Цёплыя словы ў адрас свайго калегі прагучалі ад супрацоўнікаў газеты.
Знаёмства са славутасцямі краю прадоўжылася ў Жупранах, мястэчку, якое знітавана з постаццю народнага заступніка і паэта Францішка Багушэвіча. Тут, на мясцовых могілках, дзе знайшоў спачын слаўны сын беларускай зямлі, гучалі вершы ў гонар паэта. Прысвячэнні Францішку Багушэвічу прачыталі Генуэфа Кеўра і Тарэса Адашкевіч. Да помніка паэту былі ўскладзены кветкі. Ля велічных муроў касцёла Святых апосталаў Пятра і Паўла наш госць, краязнаўца са Смаргоні Уладзімір Прыхач паведаў гісторыю культавага збудавання і самога мястэчка.
Далей шлях наш пралёг на Баруны. Наведаўшы яго, нельга абмінуць касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла, дзе шануецца абраз Маці Боскай Барунскай, суцяшальніцы ўсіх засмучаных. Адметны касцёл яшчэ і тым, што з-пад яго б’е цудадзейная крыніца, набраць святую ваду з якой прыязджаюць вернікі з усёй Беларусі. Па дарозе на Гальшаны мы прыпыніліся ля помніка-каменя, пастаўленага на месцы гібелі падчас Першай сусветнай вайны экіпажа бамбардзіроўшчыка “Ілья Мурамец”. Пра гераічны подзвіг чатырох авіятараў рускай арміі нашы веды папаўняе Уладзімір Прыхач.
Гісторыя мястэчка Гальшаны, а яна надзвычай цікавая і багатая, змешчана ў экспазіцыях народнага краязнаўчага музея імя Эдуарда Корзуна, што ў Гальшанскай гімназіі. Прадаўжальніца мужавай справы Яніна Іванаўна Корзун беражліва захоўвае сабраны Эдуардам Сямёнавічам і яго вучнямі скарб. Аб кожным экспанаце: будзь то прадметы побыту гальшанцаў больш ста гадоў таму альбо калекцыя знойдзеных нядаўна на гарадзішчы манет, ці здымкі аднавяскоўцаў, — загадчыца музея расказвае з вялікай любоўю і павагай, бо ўсё гэта наша спадчына, якая дае нам права і гонар звацца беларусамі.
Апошняй кропкай на карце нашага маршруту сталі Бернікі. У гэтую невялічкую вёсачку нас запрасіла ў госці гаспадыня аграсядзібы “Лілія” Лілія Лапейка. Ва ўтульнай хатняй абстаноўцы, у стылізаванай альтанцы мы спатолілі смагу бярозавым сокам на мёдзе, паласаваліся пірагамі і мёдам у сотах, а таксама пачаставаліся фірменнай стравай гаспадыні – дранай бульбай з мясам, запечанай у кішцы. Падсілкаваўшыся пасля насычанага экскурсійнага дня, заключную частку мерапрыемства мы прысвяцілі паэзіі. Кіраўнік літаратурнага аб’яднання “Астравецкай газеты” Таісія Сямёнава пазнаёміла са сваімі сябрамі-паэтамі, вершы якіх друкуюцца ўжо многа год на старонках раённай газеты. Творчы свет сваёй душы раскрылі перад намі Людміла Кухарэвіч, Святлана Бацюлева, Таццяна Граблеўская. Вершы са сваіх паэтычных зборнікаў “Бывай, Альба Рутэнія” і “Рэфлексіі” прачытала госця са Смаргоні, наша калега, член саюза пісьменнікаў Беларусі Ала Клемянок. У паэтычны вянок трох суседніх раёнаў уплялі свае вершаваныя радкі і паэты Ашмяншчыны: Ядзвіга Чаплінская, Ігар Спірыдовіч, Яніна Гардзей, Людміла Яфімцава, Галіна Даўгашэй, Валянціна Васюкевіч, Генуэфа Кеўра, Яўген Куст, Эдвард Сяргей, Алена Місюк, Тарэса Адашкевіч, Юрый Нікалаеў.
Час бег імгненна, аднак разыходзіцца не хацелася. Творчасць зблізіла і з’яднала, выявіла агульныя памкненні і інтарэсы ў людзей рознага ўзросту і прафесій. Яна падаравала цудоўны настрой і незабыўныя ўражанні, а таксама вялікую колькасць фотаздымкаў, зробленых фотакарэспандэнтам газеты Святланай Муцянскай.
Падчас пасяджэння літаратурнага аб’яднання было прынята рашэнне наступную творчую сустрэчу арганізаваць на астравецкай зямлі. Спадзяюся, што нішто не перашкодзіць нам ажыццявіць нашы агульныя планы і задумкі.
Калектыў раённай газеты вельмі ўдзячны ўсім, хто аказаў дапамогу ў правядзенні нашага мерапрыемства. Поспехаў у працы і моцнага здароўя зычым дырэктару ААТ “Ашмянскі мясакамбінат” Тамары Уладзіміраўне Філіповіч, супрацоўнікам краязнаўчага музея імя Францішка Багушэвіча і яго дырэктару Жанне Іванаўне Івановай, настаўніку музыкі школы-інтэрната Уладзіміру Васільевічу Карасёву, адміністрацыі Гальшанскай гімназіі і асабіста Яніне Іванаўне Корзун, гаспадыні аграсядзібы “Лілія” Ліліі Уладзіміраўне Лапейцы, дырэктару аўтапарка №13 Віктару Аляксандравічу Скаскевічу і вадзіцелю Івану Мар’янавічу Паўлюкоўскаму, а таксама ўсім нашым гасцям.
Аліна САНЮК, кіраўнік літаратурнага аб’яднання пры газеце “Ашмянскі веснік”.
Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.