«Ноч у музеі»: рэтра-вечарына, бодзі-арт і падарожжа па начным небе

Культура События

На працягу мінулага  тыдня многія музеі працавалі крыху па іншым графіку, у вячэрні час.  А ўсё таму, што ў  іх прайшла “Ноч у музеі” —   мерапрыемства, якое   прызвана прыцягнуць цікавасць да  музеяў, як  скарбніцы гісторыі і культуры народаў свету. Прымеркавана яно было да Міжнароднага дня музеяў, які штогод адзначаецца 18 мая.  Святкуецца яно па-рознаму. Хтосьці ладзіць спецыяльныя праграмы, раскрывае  сваім наведвальнікам раней нязведаныя таямніцы музейных фондаў. Сусветнавядомыя музеі  даюць магчымасць наведаць свае экспазіцыі і выставы бясплатна.

Не абышлі  стараной гэту дату і супрацоўнікі  краязнаўчага музея імя Францішка Багушэвіча.  Вось ужо другі год менавіта ў святочны дзень, вечарам, музей гасцінна расчыняе свае дзверы для ўсіх прыхільнікаў гісторыі. І на гэты раз музейшчыкі  падрыхтавалі цікавую і насычаную праграму і   былі шчыра рады кожнаму свайму госцю.

Яшчэ на вуліцы наведвальнікаў  музея віталі дырэктар Жанна Іванова  і ансамбль музычных інструментаў “Добры настрой” Ашмянскай  дзіцячай школы мастацтваў. У зале “Ашмяны старажытныя і   сучасныя” ў беларускую стылізаваную хату запрасіў гасцей народны ансамбль народнай песні “Жытніца” Кракоўскага сельскага  Дома культуры. Заліхвацкія песні прымусілі гасцей кінуцца ў скокі і  задалі святочны бадзёры  лад вечарыне. Затым   у выкананні Сяргея Жыліка, Станіславы Тамашэвіч і Сяргея Мойсевіча,  дзякуючы рэжысёру народнага тэатра Людміле Спірыдонавай  была ажыццёўлена  пастаноўка паэмы  “Легенда аб Ашмянах”,  якую напісаў ашмянскім паэт Пётр Шакола па мясцовых матывах. У знак удзячнасці ўдзельнікам тэатралізаванай пастаноўкі аўтар падарыў кніжкі са сваім творам.   А затым усе разам частаваліся прысмакамі з беларускага стала:  апетытным салам, салёнымі агуркамі, варанай бульбай з лупіннем,  зялёнай цыбуляй і   блінамі. Усё гэта запівалася пенным квасам.

У зале “Гарады-героі” да ўвагі наведвальнікаў была прапанавана выстава, прысвечаная  70-годдзю  пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Тут  была наладжана дэманстрацыя кліпаў  і песень ваеннай пары.

Больш за ўсё наведвальнікаў сабрала  “Арт-зала”. Моладзь і дзеці станавіліся ў чаргу да мастака музея   Алены Будзько, якая займаецца бодзі-артам, малюе розныя ўзоры на целе. Яе паслугі карысталіся найбольшай папулярнасцю. Хаця шмат цікаўных  тоўпілася і ля вырабаў народных майстроў. Віктар Гардзевіч арганізаваў майстар-клас па бісерапляценні, Валянціна Свірская заклікала ўзяць у рукі залатую саломку, а Наталля Ромаш  вучыла дзяцей рабіць цацкі з салёнага цеста.

У танцавальнай зале  гучала  класічная музыка ў выкананні віртуозаў  дзіцячай школы мастацтваў. Два калектывы: “Добры настрой” і “Інтрыга” падаравалі ўдзельнікам мерапрыемства незабыўную сустрэчу з класічнай музыкай. Вядучая рэтра-вечарыны Вольга Барысенка запрашала гасцей  танцаваць і праводзіла розныя конкурсы. Пераможцы атрымлівалі падарункі і запрашэнні наведаць выставы ў музеі.

У перапынках паміж танцамі можна было падсілкавацца. Мясцовыя майстры-кандытары Тэрэза Нейронская і Лідзія Дзедушкевіч  напяклі смачных пірожных і піражкоў з розным начыннем.

Позна вечарам, калі на небе з’явіліся зоркі, здзейсніць падарожжа па начным небе праз тэлескоп  можна было разам з Дзянісам Марозам.  Афіцэр  аддзялення пагранічнай службы “Ашмяны”   ўжо даўно  захапіўся астраномія. Сваё імкненне да гэтай цікавай навукі ён імкнуўся перадаць і наведвальнікам музея, расказаўшы ім шмат звестак пра касмічныя  абсягі.

Ноч у музеі закончылася далёка за поўнач, аднак разыходзіцца не хацелася, бо госці адчувалі сябе тут, як дома. Хто прыйшоў  на свята, не пашкадаваў, бо не толькі далучыўся да гісторыі свайго народа, але і з карысцю правёў час.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы Муцянскай.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *